Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Сабака плыў, а там, дзе было плытка, скакаў, робячы часам асабліва высокі падскок над сітнягамі, каб убачыць, дзе гаспадар. А потым зноў толькі непрыкметнай змейкай варушыўся мечнік ды далятала з яго характэрнае броханне – жыватом па вадзе – спаніэля.І раптам гэта броханне сціхла. Цвёрда ведаючы, што, каб гэта быў падранак, Алма на мокрым месцы спаймала б яго і прынесла гаспадару, а не проста віляла задам над здабычай, як гэта робяць спаніэлі на сушы, - Алесь пайшоў туды, дзе замёр у мечніку сабачы бег.І спыніўся, уражаны. Алма стаяла і глядзела ў хмыз, затоплены вадой.На галіне, угнуўшы яе сваім цяжарам, віселі над самай вадою вышываныя саквы, якія носяць аўчары, гожыя саквы з чорнага лямцу, расшытага белай воўнай. З адной саквы тырчала рукаяць пісталета, відаць, дарагога, аздобленага старым матавым срэбрам. Не падобна было, каб саквы нехта павесіў: занадта неахайна, на адзін бок, яны звісалі. Схіліся галіны яшчэ трошкі – і пісталет выпаў бы ў ваду. Відаць, нехта проста спяшаўся ўначы цераз балота і, згубіўшы саквы, не меў часу вярнуцца і адшукаць іх у цемры.Алесь зняў саквы і, перакінуўшы іх цераз левую руку, стаў мераць вачыма: куды бліжэй за ўсё было невядомаму чалавеку выбрацца на сухое.Грывы канчаліся трохі наводдаль, а за імі, над межытокай, барвелі ў густой зелені плямы ўжо чырвоных асінак. Алесь перайшоў уброд межытоку і заглыбіўся ў лес, не думаючы аб тым, што Кандраці будзе шукаць яго.Алма вяла кудысьці, шнырачы ў траве. І вось бяга яе паскорылася, а потым яна стала і насцярожана напялася спінкай.- Туба, Алма, – шэптам сказаў Алесь.Расхінуўшы галіны, ён убачыў чалавека. Чалавек ляжаў ніцма, і ногі ягоныя вышэй калень былі аблеплены гразёю, карычневай скарынкай высахлай гразі. Раскінутыя рукі абдымалі зямлю. Густой грывай ляжалі на траве чорныя валасы, перавітыя цэлымі жмуткамі сівога павуціння.Алесь прысеў над чалавекам на кукішкі і крануў яго за плячо. Крануў і спалохаўся, бо той з раптоўным пакутлівым стогнам кінуўся ўбок, і пад яго целам аказалася стрэльба з прыкладам, залітым крывёй.Алесь працягнуў чалавеку саквы.– Твае? – спытаў ён.І асекся, убачыўшы знаёмы твар.– Война, – сказаў ён.Рука чалавека схапіла саквы і пацягнула іх да сябе.– Чаго ты хапаеш? – сказаў Алесь. – Ты бяры. Адбіраць не буду.Вочы Войны разглядалі яго з цікавасцю, быццам прыпамінаючы.– А хто ж гэта табе дазволіў быць такім няветлівым са старэйшымі?– Ты сам.– Ого, чаму гэта?– Зброю згубіў, – з пагардаю сказаў Алесь.– Гэта ты праўду кажаш, – нечакана згадзіўся Война. – Мужчына раней губляе галаву, а зброю потым.Са стогнам сеў.– Але я паранены. Дрэнна мне давялося. Ніколі так дрэнна не было. Каня я пакінуў…– Што гэта вы мне… расказваеце?– Я ўспомніў цябе, – сказаў стрымана Война. – Хлопчык у зрэб’і. Дзядзькаваны хлопчык з панскага гнязда.– Ну дык і што?– А тое, – сказаў Война. – Тое, што сям’я, дзе трымаюцца старых звычаяў, не можа выхаваць юду.На ганарыстых, напышліва падціснутых вуснах Войны з’явілася раптам няўмелая ўсмешка.– І яшчэ песня. Там, дзе спяваюць, – ідзі спакойна.Война дастаў з саквы маленькі клуначак. Корпаўся ў ім.– Ты мною не пагарджай, хлопец. Ішоў балотам і не помню, як ішоў. У вачах цямнела. Відаць, тады і сцягнула з мяне галіна апошнюю маю надзею. А шукаць у цемры нельга. Ды і яны ішлі, наступаючы мне на пяты. З паходнямі. З сабакамі.