Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

– Бачыш на тым баку белы камень?– Ну.– Пацэль.Алесь пацэліў дзвюма кулямі з трох – відаць было, як паляцелі каменныя пырскі.– Нядрэнна, – сказаў дзед. – Ану я.І пачаў цэліцца. Мёртва ляжала роўнядзь глыбокай, спакойнай і празрыстай вады. І тут Алесь заўважыў, што руля дзедавай стрэльбы няўхільна і цвёрда апускаецца і цяпер глядзіць проста ў ваду, у якой нерухома стаяць адбіткі чорных скал і белы кружок каменя-мішэні.– Куды вы? – спытаў Алесь.Замест адказу стары націснуў курок. Так і ёсць, ніжэй, бо пырснула вада. Але адначасова – Алесь аж здзівіўся – ад каменя паляцелі аскепкі. Другі стрэл. Трэці. Чацвёрты. Тое самае.– Табе трэба навучыцца, – сказаў дзед. – Я цэлюся ў адбітак на вадзе, а куля трапляе ў сапраўдную цэль, рыкашэтам, адскочыўшы ад паверхні1.– Нашто гэта? – здзівіўся Алесь.– А на тое, што той дрэнны стралок, хто добра страляе толькі ўдзень. Вучыся страляць і ўначы. У сутонні ты часта не бачыш ворага, які ідзе другім берагам, а адбітак добра бачыш. Клікні, а потым страляй.У невялікі разрыў лістоты Алесь убачыў над паркам – і вышэй за ўсё вакол – узгорак з голай верхавінай, а на ім нешта ружова-аранжавае, узнесенае проста ў неба сваімі каланадамі.– Храм сонца, – сказаў дзед. – Ён даўжэй за ўсё наваколле бачыць сонца. Але туды мы не пойдзем. Там магіла майго лепшага каня. Звалі яго – Эол. Ды толькі ўсе яго дзеці і ўнукі не тое. Быццам ён усю смеласць за адзін свой век пражыў.– Можа, не ведалі, як за Тромба ўзяцца?– Можа, і так... Хочаш – сабе вазьмі. I... да стрэлаў усё ж прывучы...– Не ведаю. Калі ж я за гэта вазьмуся? – суха запытаў Алесь.Князь моўчкі ішоў побач з унукам. Вусны яго былі спакойныя, твар, як заўсёды, абыякавы. І ніхто не ведаў, не мог бы ўбачыць, што ад самага здарэння з Тромбам у душы князя спявала радасць.“Мой... Горды, крыўды недаруе... Не сынаў, не Кроеравай крыві... Мой”.А ўголас сказаў абыякава:– Ну глядзі, як хочаш... Там, за Жараліцай, бярозавы гай... Там, бліжэй да дому, таксама над рачулкай, мой тэатр... Ну, а зараз пойдзем вячэраць, потым будзем глядзець трагедыю. Ты ніколі не бачыў тэатра?У Алеся моцна закалацілася сэрца. Аб тэатры яму расказвалі. Бацька і маці бачылі тэатр шмат разоў, у вялікіх гарадах: у Магілёве, Вільні, Пецярбургу.– Трэба толькі хутчэй... бо... заўтра ж мне рана ехаць.– Ты заўтра не паедзеш, – сказаў стары.– Чаму гэта? – Алесю адразу ўспомніўся звычай князя замыкаць коней. – Мне трэба.– Калі трэба, то добра, – абыякава адказаў князь. – Але справа перш за ўсё... Заўтра трэба яшчэ пакоі агледзець, карцінны павільён. І самае галоўнае – сакратар мой на тыдзень з’ехаў жаніцца; чужым мае справы давяраць нельга, і я думаў, ты здолееш мне памагчы. Почырк у цябе добры?– Дрэнны.– Тым лепш... Цярпець не магу людзей з гожым почыркам... Ды ўрэшце, што я... Ты ж мне памагчы не можаш.– У чым?– Ды я, ці ведаеш, так бы мовіць... складаю “Запіску аб уладах... зямных і нябесных. Вопыт... разважання нявернападданага... аб вернападданых”.Ніхто на свеце не мог бы заўважыць, што князь дурэе, такі сухі быў тон.– Гэта цікава, – ветліва сказаў Алесь.– Ну вось. Я думаў, ты здолеў бы мяне выручыць... дні на – гм! – чатыры... Я ведаю, табе будзе сумна са мною. Але справа ёсць справа. Тры гадзіны на дзень – ёй. У астатні час – што хочаш...Князь абмахнуўся хустачкай, непрыкметна прыціскаючы яе да вуснаў, яму не хапала цярплівасці.– І яшчэ, – хлусіў ён. – Цяпер пойдуць дні рэпетыцый. Трэба праглядзець увесь рэпертуар гэтага года. Заўтра ідзе “Федра”. Паслязаўтра опера – “Чароўная флейта” і яшчэ нешта накшталт дадатка да яе, “Мятлушкі весняй ночы”, гэта балет. На наступны вечар павінен ісці “Дубіна, палескі разбойнік, або Дзівосы закінутага млына”, потым “Сід”, “Рычард Трэці”, або Гісторыя аб тым, як зладзей кароль утапіў брата ў бочцы з мальвазіяй і забіў... Ну, словам, доўга. Яшчэ пяць піэс.