Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

– Хіба сабакі знойдуць у вадзе?– Добры сабака знойдзе. Ты на чаўне са сваім сабакам паляваў?– Паляваў.– Чуе ён, дзе качка?– Хвалюецца. І я заўсёды гляджу ў той бок.– Ну вось, – усміхнуўся Война. – Астатняе робіць стрэл. А ім мяне злавіць неабавязкова. За мяне – жывога ці мёртвага – узнагарода тысяча рублёў… Каб у мяне дзве галавы было – адну б абавязкова прадаў. Заваліўся б грашыма.Доўгая пасма травы ляжала на яго далоні. Падвялай, але яшчэ зялёнай травы.– Крываўка, – сказаў ён і пачаў жаваць траву.Выплюнуўшы зялёную кашу на пальцы, ён агаліў нагу. На сцягне крывавілася шырокая рана. Война палажыў на яе кашу і пачаў уціраць. Скура на яго абліччы з гарчычнай стала зеленаватая.- Пячэ, – глуха сказаў ён. – Значыць, добра. Значыць, антонаў агонь не прыкінуўся.Дастаўшы з картуза чорнага пораху, ён змачыў яго слінай і палажыў на рану зверху. Потым перавязаў нагу чыстай белай анучкай.Алесь глядзеў трохі грэбліва. І Война заўважыў гэта.– Брыдка, – сказаў ён. – А ты не гідуй. Без гэтага ніводны сапраўдны мужчына не пражыве. Можа, і табе давядзецца некалі, крый божа.– Мне не давядзецца.– Не заракайся. Ты што ж, любіш жандараў?– Не.– Бачыш. Бацька твой іх не любіць. Дзед. Прадзед не любіў. Усе… Клеткі не любіць ніхто. Кожны, акрамя труса, хоча яе зламаць. А свабоднага чакаюць сіло, раны, смерць.Знясілены, ён чуйна прылёг на бок.– І ўсё адно гэта лепей, – прамармытаў ён. – Забіцца кудысь і… здохнуць. Абы не вісець у торбе, як гусь на адкорме… Каб не лез табе кожны брудным пальцам у дзюбу, не торкаў туды арэшкаў… Чым іхнія арэшкі – дык лепей… свая раска ў балоце.Сплюшчыліся вочы.– Ты адзін? – спытаў ён.– Не, там, на грывах, малочны дзедаў брат.– Угу, – сказаў Война. – Гэты таксама будзе маўчаць. Ты – ідзі да яго. Я паляжу, ачуняю… Мне трэба быць спакойным. І хітрым.– Можа, прывесці вам каня?– Го! Гэта далёка… Вельмі далёка. Цяпер мне трэба здабываць другога, каб дабрацца да свайго.

Алесь устаў.– Я пайду. Я… не скажу нікому.– Ведаю, – проста сказаў Война.Ён змоўк. Алесь акінуў вачыма постаць, паклікаў Алму і пайшоў з ёю да ўзлесся.Лес радзеў. Алесь бачыў, як праменні сонца ўсё часцей прабівалі сваімі дзідамі лістоту, як яны прабіраліся ў самы гушчар, як насустрач ім дымела зямля.Паміж ім і сонцам клубіліся ў паветры раі мошак, быццам тысячы да чырвані распаленых вясёлых іскрынак, якія вялі і вялі свой трывожны і радасны танец.…Гісторыя з балотнай пагоняй скончылася зусім нечакана.Война не мог ведаць, што на яго ў гэты раз паляваў не адзін Мусатаў. Мусатаву прыслалі ў памочнікі чалавека з губерні. Начальству надакучыла няўлоўнасць Чорнага Войны. З гэтым асколкам мінулага паўстання трэба было канчаць. Начальства не гневалася на Апалона Мусатава: яно ведала, што злачынцу ва ўласным доме памагаюць і сцены, што Мусатаў распарадны і дзейны чалавек і не яго правіна ў тым, што бандыт гуляе на волі.Збіраць чуткі – гэта была не яго справа. Сачыць, распытваць сялян, лавіць краем вуха іхнія размовы павінен сышчык.Так з’явіўся ў наваколлі Сухадола Мікалай Буланцоў, знаўца сваёй пачэснай і патрэбнай дзяржаве прафесіі, спраўны чалавек год дваццаці.Буланцову трэба было ўзвысіцца яшчэ больш, чым Мусатаву. Апошні ўжо дасягнуў сяго-таго, а гэты толькі рабіў першыя крокі. Мусатаў усё ж меў дваранства, няхай жабрачае і заняпалае, а Буланцоў паходзіў з кантаністаў, з парыяў, вучаных на медныя грошы, з тых, ніжэй за каго на ўсіх абшарах Расійскай імперыі былі толькі вайсковыя пасяленцы ды яшчэ паншчынныя мужыкі ў вельмі дрэнных паноў.