Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Сын бітага, хвастанага бацькі, чалавек, дзіцячым светам якога была казарма, а развагаю – дні, калі збеглых праганялі праз зялёную вуліцу, ён прагнуў кар’еры як адзінага сродку пазбавіцца ад навакольных жахаў, ад зубатычын, ад стаяння з цагельнай выкладкай пад ружжом.Начальства заўсёды мела рацыю. А калі падначаленым і не вельмі салодка пад ягонай грознаю дланню – тым горш для падначаленых. Значыць, трэба ўзвысіцца, каб не пакутаваць ад рукапрыкладства. Трэба стаць незаменным, і тады сам атрымаеш права біць, сам прымусіш іншых баяцца і цягнуцца струной.Такія былі яго няхітрыя разважанні. Такія самыя, як і ва ўсёй пароды кар’ерыстаў, якой яна была і якой яна будзе.Нервовы і жоўчны ў душы, але вонкава дысцыплінаваны і разважлівы, Мікалай Буланцоў зразумеў, што Мусатаў бярэцца за справу не з таго канца. Трэба было дакладна ведаць, дзе бывае бандыт, а ганяцца – справа апошняя.І ён успомніў аб споведзі, аб таямніцы споведзі. А паколькі ніводзін поп, які паважае сябе, не выдасць гэтай таямніцы, ён падумаў, што поп напэўна можа падзяліцца цікавай навіной з дыяканам сваёй царквы. А ў дыякана, вядома, ёсць жонка, якой няма рэзону трымацца асабліва за чужы сакрэт. Гэта, вядома, не датычылася звычайных плётак, але магло датычыцца сур’ёзных выпадкаў.Усе цэрквы, акрамя царквы ў Раўбічах і Загоршчыне, былі зачынены загадам старога Вежы.Служылі толькі ў царкве ў Мілым. І там Буланцову пашанцавала. Яму ўдалося ўцерціся ў давер дыяканісе і атрымаць весткі, што Война памагае грашыма сялянам глухой вёскі Янушполе і часам аднаўляе там запасы аўса для свайго каня.З губерні і з павятовай паліцыі выклікалі людзей, з псярні Кроера ўзялі сабак і непрыкметна атачылі вёску.Война нарваўся на дванаццатыя суткі. Выйшаў з пушчы проста пад кулі. Тут бы счакаць і браць яго, але пагарачыліся земскія і адкрылі страляніну, калі да сцярожкага чалавека было яшчэ сажняў сорак. Збаяліся падпусціць яго бліжэй.Паранены Война ўцёк. За ім гналіся тры гадзіны і, ужо ўначы, загналі яго ў балота, залітае вадой. Мокнуць нікому не хацелася, тым больш што ішлі па крывавых слядах, якія цягнуў Война па расянцы і сіўцы. Таму рэквізавалі тры пласкадонкі і з паходнямі рушылі за ім. Верхам паехаў толькі Мусатаў на сваім дэрашы.Прачасалі ўсё – і дарэмна: ці то не ўбачылі ў цемры, ці то чалавек захлынуўся, ці паспеў вышмыгнуць з балота ў лес, на шчасце, не такі ўжо і вялікі.Буланцоў па загаду Мусатава ачапіў лясны востраў. Сам Мусатаў астаўся ля балота, ведаючы, што воўк заўсёды кідаецца ад загоншчыкаў туды, дзе, як яму здаецца, нікога няма і дзе яго чакае паляўнічы.Ён думаў – і ўвогуле рэзонна, – што Война спяшаецца як мага аддаліцца ад балота. Ён не мог уявіць, што рана занадта цяжкая, каб далёка ўцякаць, што яна ў нагу, што толькі апошнімі намаганнямі, з апошніх сіл уцякаў ад іх так доўга чалавек, які вышэй за ўсё ставіў волю.І Мусатаў астаўся. Злез з каня і прысеў на купіну, ведаючы, што чакаць яму ніяк не менш за гадзіну.Война бачыў гэта. Ён ляжаў на тым самым месцы, дзе знайшоў яго Алесь, сажняў за трыццаць ад Мусатава. А паколькі для Войны гэта быў адзіны шлях да ўратавання, ён дзейнічаў больш асцярожна і чуйна, чым яго вораг.Ён папоўз. Папоўз не спяшаючыся, ведаючы, што кожны паспешлівы рух – гэта яго, Войнава, смерць.Яму пашанцавала. Жандар азірнуўся толькі два разы. Ён ведаў, звер ніколі не бяжыць з лежкі, пакуль не пачуе галасу загоншчыкаў.