Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Война не хацеў забіваць. Шум да дабра не вядзе. Акрамя таго, яму патрэбен быў спакой на тых пару тыдняў, пакуль ён адлежыцца і ачуняе. Ён ведаў, калі заб’е – улады нагоняць у наваколле столькі сышчыкаў, што гэта будзе канец.Ён поўз да каня. І калі да дэраша асталося нейкія тры крокі, ён рэзка ўстаў і з апошніх сіл абхапіў каня за шыю. Конь пырхнуў і падаўся трохі ўбок. Мусатаў пачуў пырханне і павярнуўся.Заслонены конскім целам, стаяў, зусім непадалёку ад яго, той, за кім яны гналіся. І пісталеты былі ў абедзвюх руках Войны. Першы стрэл жандара немінуча зваліў бы каня, і першы стрэл мог быць смяротны для яго, Мусатава, калі ў адказ грымнуць пісталеты ворага.Гэты не схібіць. Мусатаў, на жаль, занадта добра ведаў ягоны спрыт.– Мусатаў, – сказаў Война, – пакажы свае козыры.Зеленаватыя вочы жандара не бегалі. Яны з поўным усведамленнем смяртэльнай небяспекі глядзелі на Войну. Мусатаў у першае ж імгненне цвяроза ацаніў становішча, зразумеў, што Война страляць не будзе, калі не стрэліць ён, Мусатаў, і значыць – не давядзецца плаціць за гульню жыццём.Таму што ён адразу зразумеў: пройгрыш.І ён з цвёрдай усмешкай паклаў руку на рукаяць пісталета.– Казырны кароль, – сказаў ён.– У мяне туз і дама, – сказаў Война. – Кідай карты.– Я ведаю, – сказаў Мусатаў. – У цябе дзве біткі, у мяне – адна. – На шчасце, – сказаў Война.– На жаль, – сказаў Мусатаў.– Кідай, – сказаў Война.– Зараз, – сказаў Мусатаў.– Вывінці крамень.– Чаму не, калі ласкавы пан просіць?Рукі Мусатава вывінцілі крамень і адкінулі яго. Война ведаў цяпер: каб паставіць новы – трэба дзве хвіліны, і пакуль ён не рушыць, Мусатаў не пачне. Значыць, сама менш сто восемдзесят сажняў.Скрыгочучы зубамі, ён паспрабаваў сесці, сарваўся, адчуваючы, як са скроняў сцякае халодны пот, і зноў, амаль аднымі толькі рукамі, ускінуў у сядло сваё збалелае цяжкае цела.І адразу ўзяў у шалёны намёт, проста па вадзе, што залівала поплаў, туды, да далёкіх грыў, у пырсках і ўзлётах кропель, у пене.Цяпер яму, Войну, аніяк нельга было прайграць. Упадзе ад стрэлу, зваліцца на гэтай роўнядзі – возьмуць голымі рукамі. Так далёка! Так яшчэ далёка да грыў, да выратавальных старыкоў за імі, да плаўняў, зарослых высокімі сітнягамі, да берагоў, зарослых непралазнай крушынай і абвітых хмелем, да Дняпра, за якім яры і лясы!Стрэл грымнуў далёка за спіной. Мусатаў справіўся за нейкія паўтары хвіліны, нават менш. Усё адно: паміж ім і пісталетам добрых сто шэсцьдзесят сажняў. Ён недасягальны.У душы Война даў сабе слова ніколі больш не жартаваць. Варта было дэрашу спатыкнуцца – і ў Сухадол прывезці б на гнойных драбінах “труп вядомага бандыта”.Але ў душы ён ганарыўся, бо ведаў: з Мусатава будуць рагатаць нават ворагі. Таму што ён, слабы і цяжка паранены, абвёў дваццаць загоншчыкаў і вырваўся з кола на кані іхняга начальніка, таго, хто яшчэ некалькі хвілін назад быў упэўнены ў перамозе.Дэраш вынес конніка на грэбень грады, і адтуль, з вышыні, Война ўбачыў за сабой заліты луг, парушынкі людзей на другім яго краі, а перад сабою зарасці і далёкую-далёкую стужку Дняпра.

ХХVГэта быў страшны і цяжкі час.Уся неабдымная імперыя дранцвела і дубела ад жахлівага палітычнага марозу, які вось ужо дваццаць шэсць год вісеў і кашлата варочаўся над яе абшарамі. Кожны, хто спрабаваў дыхаць на поўныя грудзі, адмарожваў лёгкія.Казаць – дазвалялася толькі ману, любіць – толькі праваслаўе ды імператара, ненавідзець – толькі вальнадумцаў (якіх ніхто не бачыў, так іх было мала).