Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Літаратура трымалася на нейкім дзесятку смельчакоў, якіх гналі і распіналі ўсе, пачынаючы ад усерасійскага квартальнага і канчаючы квартальным звычайным. Ды і смельчакі гаварылі часцей за ўсё прыглушаным голасам, бо на кожнага адносна сумленнага было па дваццаць ланцужных псоў, здатных на ўсё.Большасць не вытрымлівала і, сказаўшы смелае слова, адразу пачынала дыгаць нагою і прасіць прабачэння, жахацца са сваіх былых перакананняў. “Мёртвыя душы” назвалі “тройчы маною, паклёпам на расійскую рэчаіснасць і ганьбаваннем асноў”.Вялікія заваёвы чалавецтва імперыя аб’явіла лухтой, праўду – злосным падкопам, іншамысных – злачынцамі, што не хочуць велічы айчыны.Бог быў падобны на будачніка, а будачнікі – на разбойнікаў.Шпіцрутэны і смугастыя будкі сталі сімвалам.Шчаслівых не было.Усё прыносілася ў ахвяру ідалу дзяржаўнай моцы.І таму Алесь, які да гэтага жыў у іншым свеце, асабліва балюча ўспрыняў гімназічныя абставіны. Цесна, задушліва, убога па думцы, абмежаваныя настаўнікі.У будынку доўгія, вельмі змрочныя калідоры са скляпенчатай столлю. Падлогі калідораў і прыступкі сходаў выкладзены чыгуннымі плітамі з візарункам. Пліты адпаліраваныя да бляску пасярэдзіне, а ля сцен чорныя, з цяжкім, як чыгунны галаўны боль, адценнем.Бразгоча званок. Выйдзеш у калідор, а за адзіным акном не Дняпро, а казённыя гарадскія муры, усе пафарбаваныя ў аднолькавы “іерусалімскі”, а па-простаму, па-малярску, – жоўты колер.Увесь горад нагадвае казарму або бальніцу. І ад гэтай казарменна-бальнічнай дзейнасці хоць ты ваўком вый.Ён хацеў быў папрасіць бацькоў узяць яго адсюль, адправіць у іншае месца або за мяжу. Туды пускалі неахвотна, але Вежа мог дабіцца дазволу.Спачатку гэтаму перашкодзіў гонар.А потым ён нават узрадаваўся, што не ўцёк. Таму, што Мсціслаў прывёў да яго сяброў: Петрака Ясюкевіча, Усяслава Грыму і Мацея Біскуповіча, сына таго пана Януша, з якім Загорскія ездзілі на Кроеравы “хаўтуры”. Мацей падобны на бацьку як дзве кроплі вады. Ясюкевіч гожы, як дзяўчынка: велікавокі, з валасамі як залатое павуцінне. А Грыма проста цяльпук, але самы разумны з усёй кампаніі. Гэта было відаць хаця б па тым, што галава ў яго была вялізная і ўся шышкаватая, “розум лез наверх”.З месяц яны прыглядаліся да Алеся, а потым Грыма зайшоў да яго і сказаў, што яны складаюць адну грамаду, што гэтая грамада ставіць сваёй мэтай выхаванне карысных людзей і што яны прапануюць Алесю стаць іхнім таварышам, калі ён таго захоча.Алесь згадзіўся, і яны ўрачыста прынялі яго пятым членам у “Братэрства чартапалоху і шыпшыны”. Члены яго чыталі недазволенае і спрачаліся да пены на вуснах. І ўсё адно гэта было цікава, бо Грыма даставаў аднекуль такія кнігі, сам выгляд якіх дыхаў недазволенасцю і небяспекай. Даставаў часцей за ўсё на адну ноч, таму чыталі ўголас і спрачаліся аж да позняга зімняга світанку. Гэта было зручна рабіць у кватэры Загорскіх або ў невялікім пакойчыку Грымы, дзе ён жыў адзін.Чыталі польскія падметныя лісты і перапісаныя ад рукі вершы Міцкевіча, чыталі ранняга Пушкіна і “Ліст да Гогаля”, чыталі, амаль не разумеючы, Фур’е (захапляла ў ім смеласць, а не думкі) і кнігі “Современника”.Аднойчы трапіў у рукі каліграфічна перапісаны рукапіс “Тараса” – яго таксама зразумелі як забароненую рэч і за адну ноч перапісалі, рагочучы да рэзі ў жываце, каб у кожнага было па экземпляры.