Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Але гэта было спачатку. Пытанне, пастаўленае перад кожным, патрабавала адказу. Юнакам, амаль дзецям, неадкладна трэба было ведаць, хто яны такія. І тады сталы заваліліся кнігамі па геаграфіі і гісторыі. Алесь шукаў усё, што толькі было магчыма, па гісторыі. На калядныя вакацыі ён спустошыў частку дзедавай бібліятэкі.За месяц да гэтага рускі флот ураганнай бамбардзіроўкай паслаў страшны агонь на турэцкі порт Сіноп. Неба, караблі, самае мора палалі нястрымна і ўтрапёна. Пачалася сапраўдная вайна, якая павінна была прывесці імперыю на грань краху. Але хлопцам амаль не было да яе справы, бо яны адкрывалі сябе, плакалі над лёсам Ветра, Дубіны і Мурашкі, слухалі аб подзвігах княза Вячка, Міхала Крычаўскага і князя Давіда з Гарадка, сціскалі кулакі, перажываючы бітву на Крутагорскіх палях або сечу на Іваньскіх грывах.…Перад вачыма падлеткаў, нібы невядомы, уставаў іх родны край. Бясконцыя імшары, пушчы, закінутыя старажытныя гарадкі на балотных астравах, дзе і дагэтуль вісяць на галінах трохсотгадовых дубоў званы. Той змрочны, лясны, тужлівы, але самы родны свет, дзе яны нарадзіліся: Волхава балота, на дзевяноставярстовай гладзі якога гараць балотныя агні, а па берагах знаходзяць рэшткі караблёў ды скамянелыя бярвенні бясконцых дарог, усмактаных на трохсажнёвую глыбіню, Прыпяць і сівавусы Нёман, і багатыя падняпроўскія гарады.Яны бачылі бязмежныя палавені, якія часам нясуць на сваёй вадзе драўляныя капліцы, асеннія лясы, што палаюць, як грамнічная свяча, і чыстыя крыніцы, у якіх плаваюць лубяныя карцы.І крыўдна рабілася за спусташэнне, забытыя магілы і забітых людзей, за прыгнёт, за свіст шпіцрутэнаў на Лукішках, за абрыдлівыя паласатыя шлагбаумы, што закрывалі ўсе дарогі і, здавалася, нават шлях да шчасця.Яны не ведалі яшчэ, што слава чалавецтва не ў мінулым і што біцца трэба не за мінулае, але іхні парыў быў сумленны і чысты.Пяцьдзесят трэці год зноў прынёс неўраджай. Дрэнная была азіміна, дрэнная была і ярына, бо ў час жніва лілі дажджы і прарастала ў полі нязжатае жыта.Людзі галадалі і елі хлеб, падобны на торф. Больш-менш чысты хлеб давалі толькі зусім маленькім дзецям. Цар не мог не ведаць гэтага – усе чулі пра данясенне генерал-губернатар магілёўскага, віцебскага і смаленскага Ігнацьева. Той пісаў пра страшныя рэчы, пра жабрацтва адных і несумненную раскошу другіх.Цар ведаў гэта, але не хацеў нічым памагчы зямлі, жыхары якой дайшлі да апошняй ступені галечы і прыніжэння.І хлопцы зразумелі, што гэта не бацька, а айчым. Айчыма можна ненавідзець, і яны цяпер ненавідзелі яго ўсёй сілай нянавісці, якую толькі маглі змясціць іх дзіцячыя душы.Алесь зрабіў і першую выснову з гэтай нянавісці, калі яны з Мсціславам ехалі дадому на калядныя вакацыі ў прысланым Вежай вазку.Снежнае поле курэла. Белыя змеі паўзлі па гурбах да кібіткі і перасякалі сляды палазоў. Прывідна матляліся ў зеленаватым святле месяца чорныя палыны ля дарог. Фурман спяваў нешта сабе пад нос.Юнакам было трохі халаднавата, і яны шчыльней заціскаліся пад мядзведжую апону. Няяснае святло месяца падала ў акенца вазка.– Ведаеш, Мсціслаў, – сказаў раптам Алесь, – сэрца не вытрымлівае, калі глядзіш на ўсё, што вакол. Так шкада гэтых бедных людзей, гэтую сірату-зямлю.– Сказаў яшчэ. Каму не шкада. А што рабіць?– Астаецца адно, – сказаў Алесь глуха.– Што?– Зброя.Мсціслаў варухнуўся пад апонай.