Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

– Разумная галава думала аж дзве хвіліны. Хто яе возьме? Ты? Я? Грыма?.. Пяць гімназістаў. Ты ж ведаеш: і ў нас, і ў шостым, і ў сёмым класе больш не знайшлося ніводнага.– Можа, і ёсць, ды маўчаць.– Дык будуць маўчаць і тады.– Вашчыла пачаў з трыма сябрамі, – сказаў Алесь. – А потым вакол іх стала войска.– Ну і скончыў, як пачаў.– Але ж чатыры гады трос дзяржаву.– Тады народ быў смелы.– А цяпер? Цяпер яму яшчэ горш. Лепей смерць, чым гэтакае жыццё. Усе разумеюць… І гэта пякельнае, абразлівае рабства!.. Мсціслаў глядзеў праз акенца, завея паўзла на сляды палазоў.– Не, – сказаў ён нарэшце. – Ты ведаеш, я не баязлівец. Але колькі нас. Мы толькі пачалі разумець сябе. Нават калі мы знойдзем яшчэ сотню-другую людзей, гэта скончыцца стратамі і ганеннямі. Наша маленькая думка проста не вытрымае, згасне, мы загінем, а з намі першыя парасткі. І тады нам канец.Дзеці сур’ёзна гаварылі аб паўстанні і зброі, і гэта было б нават смешна, каб не іхнія пашыраныя вочы, ліхаманкавы румянец шчок і перарывістыя галасы.– Не, – паўтарыў Мсціслаў. – Мы страцім усё, прыдбанае з такой цяжкасцю.– Ты мяне не зразумеў, – сказаў Алесь, – я не кажу пра бунт сепаратыстаў, я кажу пра бунт нездаволеных, хто б яны ні былі. Палякі… рускія… літоўцы… людзі Інфлянтаў.– Тым больш, – сказаў Мсціслаў. – Астатнім што?! У іх шмат астанецца, калі расстраляюць нават тысячы. А ў нас не астанецца нічога, нават калі расстраляюць сто чалавек. Мы маленькі агеньчык, які ледзь пачаў гарэць.– Знойдуцца яшчэ.– Праз сто год? – іранічна спытаў Мсціслаў. – Гэта ты важна прыдумаў.– Няхай, – упарта сказаў Алесь. – А зброю браць усё адно давядзецца. Да таго часу знойдзем людзей… Зразумей, трэба… У рабстве гіне дух.Вазок ехаў цяпер зусім па чыстым полі, пакідаючы за сабою самотны звілісты след. І ўсё паўзлі, паўзлі на гэты след белыя змеі.…Дзед быў усё той самы. Сустрэў абодвух з лёгкай іроніяй і дрэнна схаванай пяшчотай у старэчых вачах. За вячэраю гаварылі аб нязначным: аб зайчыным паляванні, аб тым, што Кроер яшчэ раз паўтарыў свае хаўтуры, на гэты раз куды больш віртуозна, і зноў многія трапілі ў ягоную пастку; аб тым, што ў Маскве згарэў Вялікі тэатр.– Гэта ён ад сораму, – заўважыў Вежа. – Бо кожны дзень спявалі “Жыццё за цара”. А пасля вячэры Мсціслаў, відаць, вырашыў трохі выпрабаваць старога на радыкалізм.– Дастаў бы ты, Алесь, тое, што ў цябе ў кішэні, ды пачытаў пану Данілу.Алесь збялеў. У кішэні ў яго ляжаў спісак “Паэм на маларасійскай гаворцы”. Паэмы зваліся “Каўказ” і “Сон”. Прозвішча аўтара не было, але яго шэптам перадавалі адзін аднаму: Шаў-чэн-ка.Алесь паглядзеў на сябра з такім дакорам, што той сумеўся. Але дзед зрабіў выгляд, што нічога не разумее.– Адну давай, – сказаў ён.І тады Алесь пачаў чытаць. Дзед слухаў сурова, а калі ўнук скончыў, доўга маўчаў.– Сцеражыцеся, хлопцы, – сказаў ён нарэшце звонкім ад хвалявання голасам. – Я не буду забараняць: бачу, чаго вы там нахапаліся, ведаю, што позна, вы не паслухаеце. Але сцеражыцеся. Павагаю вашай да мяне прашу. Мне будзе… крыўдна, калі з вамі што-небудзь здарыцца.Хлопцы, прыгнечаныя страшнай сілай гэтага “сцеражыцеся”, маўчалі, быццам упершыню самім сэрцам адчулі небяспеку. І тады стары, шкадуючы іх, раптам сумна ўсміхнуўся:– А propos de вершаў… Я б гэтага хахла не ў Сібір, а міністрам асветы замест дурня Уварава зрабіў. Нічога, хлопцы. Усё нічога.