Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Потым, якраз на судны дзень, пусцілі ў сінагогу спайманую недзе саву, а дзверы моцна падперлі тоўстым калом.Паліцмайстар спрабаваў быў сунімаць іх – яны, заплаціўшы задатак, прыслалі да яго на падвор’е труну, абабітую глазетам, і магільную пліту з гранітным крыжам, на якім было ўжо высечана ўсё, што трэба, акрамя года смерці. Паліцмайстар з гора запіў, а ўсе прынады склаў пад павець на сваім двары: усё дзешавей абышліся.У Сухадоле разышліся. Была пільная патрэба выпіць з афіцэрамі на гаўптвахце. Узялі будынак абвахты, спаліўшы з надветранага боку пуд і чатыры фунты серы. Калі варта разбеглася – выцягнулі ачмурэлых калег з будыніны і ўмыкнулі іх у Курылавічы, дзе і пілі тры дні.Там іх і заспеў Ісленьеў, што прыехаў у госці да Вежы, і, дачуўшыся пра свавольствы, паехаў сунімаць вісусаў. Прачухана даў надзвычайнага і параіў, калі не хочуць высылкі, кінуць хутчэй ідылічнае развітанне з “мілай радзімай” і ехаць далей. Ілля Хаданскі, якому ўсё роўна не было куды падзецца, пайшоў з Якубовічам добраахвотна змагацца за айчыну, веру і гасудара.Тым усё і скончылася.А Ісеньеў пасля непрыемнай гэтай размовы паехаў зноў у Вежу. Стары ўзрадаваўся.Алесь сядзеў трохі ў іхняй кампаніі. Толькі тыя сядзелі за сталом, папівалі каву і віно, а ён залез у самы зручны куточак, палажыў сабе на калені “Дафніса і Хлою” (такія рэчы за апошні час пачалі цікавіць яго) і то слухаў, а то і чытаў.А на вітражах вакол плылі дзівосныя птушкі, рыбы і крылатыя жанчыны. Яны свяціліся наскрозь, так, як ніколі не свецяцца звычайныя фарбы. Свяціліся гранатавым, жоўтым, апельсінавым колерам, як свецяцца на сонцы келіхі з віном.– Прайдзісветы, – усміхаўся Вежа. – Ну што яны, скажыце вы мне, граф, зробяць з тымі французамі ды ангельцамі?– Анічога, – румяны, як яблыка, твар графа за яснымі вачыма і свежымі зубамі быў грэблівы. – Што ў іхняй галаве, акрамя гэтай брыдоты з савою ды п’янкі.– Ото і я кажу… Скажыце вы мне, хто тут мае рацыю, тыя, што ідуць біцца, ці тыя, што чакаюць?Ісленьеў скасіўся на Алеся. Дзед зрабіў абуранае аблічча.– Тут я і сам не ведаю, – сказаў граф, пагладжваючы сівыя бакенбарды. – Скажу толькі, што нас паб’юць усё адно, неадменна. Дрэнны, пусты чалавек добраахвотна пад кулі не пойдзе, пойдуць лепшыя і загінуць. А іх і без таго не густа.– Б’юць, – сказаў дзед. – Ой, б’юць. Наторкалі нас носам.– Гэта ўсе разумеюць. Дазволілі ім пад Еўпаторыяй высадзіць дэсант, такі плацдарм аддалі… І гэтае злашчаснае паражэнне ля Альмы… Што мяне здзіўляе, дык гэта тое, што, дальбог, няма чаго ім асабліва ганарыцца. Салдат наш – смелы, безадмоўны, разумны. Лепшы за іхніх па трываласці, цярплівасці, сіле. Ды і генералы ў іх не лепшыя. Гэты іхні Сент Арно, ён хто? Шулер у былым, акторык, з усімі дрэннымі рысамі гэтай прафесіі.– Дык у чым жа справа?– А тое, што самы моцны салдат без хлеба, без зброі, без адпачынку, без… волі скора робіцца дохлай шкапай. І самая лепшая галава, калі на яе сто дурняў, нічога не можа. Нахімаў, бедалага, як пакутуе. Чалавек з мужнасцю, з любоўю да радзімы. А розная поскудзь, якую ўсё жыццё выхоўвалі ў спадзяванні на загад начальства, на старэйшага дзядзьку, – яны з яго пасмейваюцца. Знайшлі ў чалавека “загану”, “травіць” ён у моры, хоць і адмірал. Што зробіш, калі арганізм такі. Ён “травіць”, але з мосціка не сыдзе, справу да канца зробіць.– Нельсан таксама “травіў”, – сказаў Алесь.