Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Алесь не ведаў, што ён прысутнічае пры дзіве, вялікім нават на фоне гэтага добрага тэатра, на фоне выключнай для прыгонных iгры іншых. Ён проста адчуў, як ад першых гукаў яе голасу мурашкі прабеглі па спіне.А ноч ідзе, і коцяцца сузор’і,Як безліч караблёў у цёмным моры,Чужынскіх караблёў. Ах, бачу, бачу я:Яна плыве сюды, пагібель ўжо мая!Няроўныя, то добрыя, то жахліва бяздарныя словы – гэта не мела ўжо значэння... Яны былі з яе вуснаў, і гэтая дзяўчына ў сваім зіхоткім плашчы была вышэйшая за ўсіх астатніх.Ветрам дыхала са сцэны, такім ветрам, што валасы на галаве ўставалі дыба.Была бітва. Страшна і безупынна грукатаў гром. Білі маланкі, асвятляючы на сцэне гаротную постаць.А дзед скоса глядзеў на ўнука, на бледны твар, на рукі, што ўчапіліся ў аксаміт бар’ера, і толькі ківаў галавою....Білі грымоты. А за мурамі ішла бітва. І Людамір, якога ён яшчэ не бачыў, але ведаў, што ён харошы, часова адступіў. А потым было іхняе патаемнае спатканне. А потым звіваўся, як чарвяк, расказваючы аб здрадзе, і шыпеў, як змей, перад магілёўскім князем агідны дружыннік Шчур.У цёмнай зале нечакана звонка, перарывіста ад крыўды і абурэння, выбухнуў дзіцячы голас:— Як жа табе не сорамна?! Дрэнны ты! Злы чалавек! Акцёры страпянуліся.І тут... Яна забылася і глянула на яго. Князь з прыкрасці крэкнуў, вырашыў адзначыць гэты недахоп.– Яна паглядзела на мяне, – шэптам сказаў Алесь. – Паглядзе-ела.Крык Алеся, здавалася, прымусіў яе граць яшчэ лепей. У рысах аблічча быў смяротны боль. А голас зрываўся, нясцерпна сціскала сэрца.О рабства страшнае! О лёс мой люты! Гарчэй за смерць кайданныя пакуты! Згасай, згасай у клетцы залатой Нікому непатрэбнай сіратой.Кайданы рабства на руках, як змеі, А за мурамі цёплы ветрык вее. А за мурамі свет! Сады! Палі!Голас яе ўпаў, і тут стары князь адчуў, як затрэслася ад рыданняў цельца побач з ім.– Хлопчык мой!.. Гэта ж выдумка! Хочаш яна прыйдзе і суцешыць цябе?– Не! Не! – і невядома было, ці ён не хоча, каб яго суцяшалі, ці проста не верыць, што гэта выдумка.Высакародны Людамір, даведаўшыся аб пакутах каханай, з’явіўся ў горад, пакінуўшы флот, каб вызваліць яе або падзяліць яе лёс. Абаіх разрывалі страсці: любоў да радзімы і каханне.Закаханыя стаялі на кастрах з бярвенняў, якія вось-вось павінны былі запалаць.О любы мой, прыйшла гадзіна скону!Зыркія языкі полымя ахапілі яе. А над полымем ззялі яе вочы....Дзед сам занёс яго ў пакой побач са сваім, сам, разам з Глебавічнай, распрануў яго.Алесь ляжаў, бяссонна гледзячы на агеньчык начніка. Спаць ён не мог. Што ж рабіць потым?.. Як жыць без гэтага? Ён скончыць памагаць дзеду і стане непатрэбны яму. І тады зноў... бачыць яго раз на год, як бацькі.Праз якую гадзіну ён пачуў у калідоры голас дзеда, які канчаў настаўляць кухара:– Вэндзіць фазана будзеш як заўсёды, на драўляным пілавінні з цукрам. І каб тушкі не дакраналіся адна да адной! А індыка, перш чым рэзаць, напаі п’яным – за паўгадзіны ўлі ў рот лыжку гарэлкі: мяса будзе смачнейшае...Дзверы ў спальню адчыніліся. Дзед зайшоў і сеў каля ложка.– Не спіш? – спытаў ён.– Не-а.– Усё мучышся?Дзед маўчаў, і цень ад яго галавы схіляўся ўсё ніжэй.– Хочаш астацца са мной?..– А бацькі?– Ну, прыязджаць, калі захочаш...– Хачу.– Ну вось. А я стаў лянівы на дабро... Усё думаеш: можа, другім разам. А гэтага нельга!.. За гадзіну я абдумаў. На ўсіх актораў запавет, што яны будуць вольныя пасля маёй смерці. А ёй – вось ён, – і дзед паказаў жаўтаваты аркуш паперы. – Заўтра яна можа ісці, куды хоча.