Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

– І яна можа?..–Тут сказана: хоча – няхай ідзе. Хоча – няхай астаецца ў маім тэатры, грае ўжо як вольная. Алесь прыўстаў і схапіў дзедавы рукі.– А цяпер ідзі, занясі сам......Ён ляцеў начным калідорам – аж рэха лунала. Кінуўся ў дзверы і пабег пераходам над аркай. Загрукаталі вінтавыя сходы на антрэсолі....Ён нечакана ціха пастукаў у дзверы...Дзверы адчыніліся, і ён убачыў жаночую постаць у доўгім начным халаце, валасы, сабраныя стужкай, і вочы.У гэтых вачах і цяпер жыў сум, але яны трошкі пацяплелі.– Заходзьце, – сказала яна....Просценькі туалетны столік, дзве свечкі на ім. Разгорнутая кніга на крэсле.– Сядайце.Усё было звычайнае. І ўсё ж за гэтым пакоем ён бачыў вязніцу і полымя вогнішча.Пачырванеўшы, працягнуў ёй скрутак паперы.– Што гэта?– Прачытайце. І не бойцеся турмы. Я вас абараню. Яна з усмешкай паглядзела на яго, такога наіўнага ў сваёй веры. Што мог зрабіць ён?Пасля разгарнула скрутак і з той самай памяркоўнай усмешкай пачала чытаць. Усмешка знікла. Страшна бледная, яна глядзела на яго.– Стары пан піша, што ён вызваляе мяне па вашаму жаданню.– Калі ён піша так – значыць, ён добры да мяне. І тут ён убачыў яе вочы. Што гэта было, ён не ведаў, але гэта былі зусім другія вочы, не тыя, што вось толькі, не тыя, што на сцэне.Маўчанне панавала ў пакоі. А за паўкруглым акном ляжала глыбокая ноч.– Дзякую вам, – сказала яна. – Я гэтага ніколі не забуду. Ніколі не забуду.Гэта было непатрэбна. І ён, адчуваючы, што слёзы вось-вось зноў пырснуць з вачэй ад захаплення і шкадобы, павярнуўся і кінуўся з пакоя.

XVIIРаніцай сонца прабівалася праз плюшч на вялізную верхнюю тэрасу, што з фасаднага боку. У вальерах сварыліся і шалёна крычалі папугаі.Дзед сядзеў у крэсле. Перад ім дымела філіжанка шакаладу і стаяла бутэлька белага віна. Убаку сядзела за каклюшкамі Глебавічна.А перад Алесем акрамя шакаладу ляжалі лісты жоўтай слановай паперы, стаяла ў чарніліцы кітайская туш. Дзед у гэтых адносінах быў вялікі сноб, – пісаць, дык пісаць так, каб была асалода: ільсняным чорным па гладкім жаўтаватым, тады пішацца нешта талковае. “Сучасныя пісакі таму і пішуць абы-як, без стылю, што перад імі каравая папера і чорт ведае якія пер’і: скрабуць ды рыпяць”.А пер’і былі адмысловыя: гусіныя, тонка завостраныя, мяккія, заўсёды з левага крыла, каб зручна ляжалі ў руцэ.Дзед прыгубляў віно і пачынаў, быццам бавіўся новай гульнёй, але так, што гэтага нельга было заўважыць:– Разважанні аб злачынстве і пакаранні... Пяро ў Алеся пачынала бегаць.– Не спяшайся, – казаў дзед. – Выслухвай і запісвай самае галоўнае... Дык вось, мы спыніліся на неадпаведнасцях паміж людскімі законамі і натуральным законам прыроды...Дзед думаў хвіліну.– Чалавек следуе законам натуры толькі ў горшым. Ён карае смерцю нават за тое, за што натура даруе ў літасці і жорсткасці сваёй... А між тым, безумоўна, падлягае смерці толькі адно злачынства – здзек з чалавечай душы, катаванне чалавечага цела... Сюды трэба аднесці гвалт над жанчынай...– Бацюхна, – з дакорам казала Глебавічна. – Яму рана.– Маўчы... Заўтра я, магчыма, памру, так і не дачакаўшыся, калі яму будзе “час”. Хай слухае. Ён не зразумее гэтага брудна...– Табе лепей ведаць, – прымірылася яна.– Вы гаварылі, што ў Півошчах стралялі, – сказаў Алесь. – Што атаман Прайдзісвет забіваў з голаду... Тады і... нас.– Магчыма, сынок.– Ба-ацюхна мой, – уздыхнула Глебавiчна. – Вы ж не ўдарылі нікога за ўсё жыццё.