Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

– Ён разважае разумна, матухна, – казаў князь. – Я не ўдарыў, але маё становішча такое, што я м а г у ў д а р ы ц ь чалавека, які не можа адказаць. Значыць – розніца невялікая.– Вы пан літасцівы.– У літасці ўся і справа. Літасцівы. Ашчаслівіў. А яго сын, скажам, будзе нелітасцівы. Або мы загінем падчас навальніцы на Дняпры. Усе.– Свят-свят, – хрысцілася Глебавічна. – Вы нешта жахлівае кажаце.– Так, дзядуля, – казаў Алесь. – Я і сам гэта думаў. А потым прыйдзе нейкі Кроер.– Вось, – казаў дзед. – І таму мы, незалежна ад нашых добрых якасцей, удзельнічаем у адным вялізным злачынстве, імя якому... Расійская імперыя.Стары вальтэр’янец усміхнуўся. Зялёны і сонечны цень ляжаў на яго абліччы, а ў вальерах далёка і прыглушана крычалі птушкі.– Чаму ж не змяніць гэтага? Ёсць разуменне, ёсць воля, ёсць зброя.– 3 кім змяніць, сынок? Каб было з кім – я першы блаславіў бы цябе на гэта, – сумна ўсміхаўся стары. – Няма з кім. Пагоны, ордэны, прывілеі разбэсцілі амаль усіх. Гэта подласць. Гэта замаскіраваныя хабары, якімі бяруць прагных да пашаны і проста нячыстых людзей. І вось таму я кажу табе гэта, каб ты не быў падобны да іх. Ніколі не бяры прынады, ніколі не бяры славы і ўлады – хаця б цябе сілком цягнулі да іх. Ніколі не йдзі на раду нечасцівых, блажэн муж.Ззяла сонца, заліваліся птушкі ў шатах дрэў і вальерах. А стары маленькімі глыткамі, толькі мачаючы вусны, піў віно, і твар яго быў незвычайны, горкі і з’едлівы, і ад гэтага прыемны.– Няма з кім, сынок... Часы... Равеснік Шэкспіра меў бы магчымасць бачыць большасць славутых англійскіх драматургаў. Равеснік Фельдфебеля – ледзь не ўсіх славутых мярзотнікаў і паганцаў свету, бо і ў тым і ў другім выпадку існавалі ўмовы, якія спрыялі іх з’яўленню і развіццю. Або прасцей: якая эпоха, такія і таленты.– А мы? – спытаў Алесь.– А што мы? Гісторыю Прыдняпроўя павінен быў бы пісаць кат. Ён меў магчымасць назіраць за канцом усіх колькі-небудзь значных людзей твае і мае радзімы. І ён быў бы самы дасведчаны, бо толькі ён адзін мог ведаць, колькі патаемных запаветаў перадалі яны пласе сваімі абяскроўленымі вуснамі... Больш ніхто не ведаў. Больш ніхто не чуў...Алесь даўно пакінуў запісваць. Але стары не заўважаў гэтага.– Вось, скажам, славутыя цар-гармата і цар-звон... Гэта – пагарда да законаў прыроды і механікі, пагарда свядомая, пагарда ў імя царскага дурнога гонару, у імя варварскага імкнення здзіўляць усіх памерамі, велічынёй, вагою... Сотні людзей пакутуюць, здабываючы жалеза і медзь, задыхаючыся дымам ля формаў... І ўсё дзеля таго, каб гармата не страляла, а звон ляжаў на зямлі, не вытрымліваючы сваёй вагі, і не званіў...Алесь, трошкі зачараваны гэтай жоўчнай логікай, пакрысе пачынаў супраціўляцца.– Ёсць жа зброя, каб ваяваць. Можна пераконваць, спрачацца, збіраць сяброў...– Гэта значыць, палітыка? – бязлітасна пытаў стары.– Як бы ні звалася.– Палітыка – брудная справа. Ты ведаеш, у чым яна, палітыка?– Напэўна, ёсць і добрая палітыка.– Хто гэта табе сказаў? Тыя, што ўбіраюць свае справункі ў павінае пер’е? А самі яны, кажучы прыгожыя словы, што робяць? Ты на іхнія справы глядзі, – ваўкі. Mon fils, il n’y a qu’une politique, c’est de tenir le pot de chambre a l’homme au pouvoir, et de le lui verser sur la tete quand il n’y est plus1.I князь адсоўваў келіх. Уставаў.Потым разам ішлі гуляць. Аглядалі пакоі, залы для баляў, малых прыёмаў, грэчаскую залу для антычных статуй, егіпецкую для манет, затым самую вялікую, версальскую – для фарфору і новых карцін. Версальская зала здавалася бясконцай: верхняе святло халаднавата лілося сюды, адбіваючыся ў люстрах. Мармур высачэзных калон з канелюрамі трошкі пажаўцеў, нагадваючы слановую косць.