Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

XXVIIІ зноў восень. Зноў гімназія. Зноў зіма з заснежанымі вербамі над Віліяй, з пахам бярозавых паленняў. Толькі цяпер Алесь жыў з Кірдуном і Логвінам. Было б зусім дрэнна, каб не “Братэрства чартапалоху і шыпшыны” ды не рэдкія, вельмі рэдкія, лісты ад Кастуся і яшчэ радзейшыя, стрыманыя і сухаватыя, цыдулкі ад Майкі. Улетку амаль не бачыліся: Раўбіч павёз дачку на кіслыя воды. А разлука і не ў такіх гадах рэдка вядзе да лепшага. Забываеш голас, жэсты, рысы і, урэшце, нават тое, што лепш за ўсё кажа аб сяброўстве: непадробленае адчуванне ўсяго чалавека побач з сабою. У яе, вядома, новыя знаёмыя, новыя людзі вакол, новыя думкі.Гэта было балюча.А потым зноў прыйшла вясна. Асеў наздраваты снег. Дзівосна сінела над горадам чысценькае, з рэдкімі імклівымі аблокамі неба. Аблокі імчаліся з-за гары, з-за кароткай, нібы назнарок абсечанай зверху, Гедымінавай вежы: два паверхі, на якіх прымасціўся і недарэчна, як жук-плывунец, махаў у паветры лапкамі аптычны тэлеграф. Перадаваў дрэнныя весткі. Увесь сакавік і ўвесь май цягнулася ўраганная бамбардзіроўка Севастопаля, не хапала зброі, гарнізон абяссілеў і трымаўся ледзь толькі не на цвёрдых людскіх душах – без дапамогі, без умацаванняў, без правіянту, без абозаў.І яшчэ аб тым, што загінулі Істомін і Нахімаў, што ўлада над людзьмі ў руках тых, якія няздольны кіраваць нават сабой.Усё часцей ля вітрын, дзе вывешвалі лісты-паведамленні з тэатра вайны, можна было пачуць хмурнае:– Начальнічкі, трасца ім…Галоўнага, на галаву якога трэба было клікаць трасцу, ужо не было. Бомбы падалі на дамы Севастопаля, магілы тысяч простых шчасцяў. Бомбы – увесь сакавік і май! – ірвалі паверхню бухты, магілу флоту. Але нават водгуле іх не даляцела да сабора ў далёкім паўночным горадзе, дзе ляжаў у магіле труп чалавека з грэнадзёрскім ростам і розумам абозніка.…Настаўнік Гедымін пасля жалобнага набажэнства сабраў гімназістаў у вялікай халоднай аўле і доўгі час маўчаў, гладзячы свае бакенбарды. З разрэзу фалдаў форменнага сурдута тырчаў насавічок, які ён палічыў за лепшае выцягнуць загадзя, яшчэ перад пачаткам прамовы.– Плакаць будзе зараз… Свідрыгайла, – як заўсёды, занадта голасна сказаў няўважлівы Грыма.Бліжэйшыя шэрагі грымнулі смехам. І гэта было добра, бо заглушала сэнс Грымавых слоў. Гедыміна клікалі Свідрыгайлам за з’едлівасць і дробную зваднасць. Ці не зашмат гонару яму было ў ягоным сапраўдным прозвішчы. Сёй-той казаў, што і Свідрыгайлы яму замнога: крамольны князь меў хаця ўласную думку і не баяўся змагацца за яе, а гэты быў вернападданы з вернападданых і вечна ганарыўся тым, што ён “ісцінна рускі і ўсіх гэтых палячкоў, хахлоў-задрыпанцаў, жабнікаў, кілбаснікаў, жыдоў і іншых іншародцаў цярпець не можа”.– Зноў Грыма?! – пагрозліва спытаў Гедымін.І тады, разумеючы, што ў такі момант гнеў гэтай падлы можа каштаваць Усяславу тройкі за паводзіны, Пятрок Ясюкевіч узвысіў свой мілагучны, бы музычная скрынка зайграла, голас:– Прабачце, пане настаўнік. Гэта я.– Што такое? – бледна-блакітныя вочы Гедыміна дапытліва глядзелі ў нявінныя, шчырыя вочы Петрака.Вочы ў Ясюкевіча не ўмелі хлусіць. Як бы ён ні сваволіў, яны былі простыя і сумленныя, гэтыя вочы. Такому хлопчыку магла б паверыць і пусціць яго ў дом нават самая багатая з касцельных дэвотак.– Ну? – трохі больш мякка сказаў Гедымін.– Я выпадкова наступіў яму на мазоль, – сказаў Ясюкевіч.