Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Вочы ў Кастуся блішчалі.– I хіба не ўсё адно, калі нябожчыца маці не ведала іншай мовы, i браты мае, i я сам не ведаў да прагімназіі іншай... Вы чулі, якая тая адзіная песня, што я помню ад маці?Плакаў бы я, плакаў, Белыя бярозыДы не маю слёз. Пабяліў мароз.Вежа маўчаў.– Беларус, – з глухой іроніяй сказаў Вежа. – Сябра трызненняў майго ўнука. Што ж... Бог з табою, сыне. Хай табе доля дае шчасце.I дадаў:... У той год зноў спасцігла Прыдняпроўе страшная летняя повень. Як насланнё нейкае: вада стаяла на узроўні сярэдняй вясенняй паводкі. Дняпро заліў паплавы, яругі, вымачыны. Старарэчышчы ператварыліся ў пратокі, у дoўгiя азёры.Вада ападала патроху, i відаць было, што Дняпро ўвойдзе ў трубу толькі на пачатку верасня. На ствалах дрэў, якія вызваліліся з-пад вады, быў тонкі пушок карэньчыкаў, так доўга стаяла повень. На ўзгорках карычневая скарынка высахлай твані ляжала як лямец, i ногі чалавека ламалі яе, пакідаючы дзіркі, у якіх была відаць чэзлая, жаўтавата-зялёная, бы у склепе, трава. Стала ясна: сенажаці па нізкіх месцах прапалі.Кастусь з Алесем, трымаючы ў руках крыгу, ішлі поплавам. I крыга, разгорнутая падвойная рама, абцягнутая мярэжай, нагадвала вялізнага, большага за хлопцаў, празрыстага матыля.Icці было цяжка. Ішлі па калена ў вадзе. Даводзілася грудзьмі пракладаць сабе дарогу ў траве. Малінавы скрыпень казытаў разгарачаны твар, павой чапляўся за ногі. Усё вакол чырванела, бялела, жаўцела.Здавалася, зацвіло бязмежнае плыткае мора. Бо травы стаялі ў вадзе, засыпанай каляровым кветкавым пылком.Спыніліся на краёчку яругі, доўгай неглыбокай катлавіны. Кветкі нібы спыняліся на яе берагах, адкрываючы люстэрка чыстай бліскучай вады.Кастусь адным вокам глянуў у мяшок, пачэплены вяроўкай за шыю. У ім пераліваліся цьмяна-залатыя ліны, халодныя гусцёркі i блакітна-залёныя малыя шчупачкі.– А нядрэнна мы ўхапілі, – сказаў Кастусь.– Гэта яшчэ мала, – Алесь быў чырвоны i трохі спацелы. – Вада высокая шкодзіць. Звычайна па старыках разы за чатыры столькі натрасеш, а тут палову дня ходзім.– Усё адно цікава. Нават лепей, што шмат ходзім.– Нішто, – сказаў Алесь. – Зараз дойдзем да гарадзішча – адпачнем на сухім. А то тут i сесці няма куды.– Як гэта няма куды? – спытаў Кастусь.I сеў аж па самыя грудзі ў ваду. Сядзеў i смяяўся. Торба з рыбай усплыла i начала барболіцца больш рухава.– Зручна, – сказаў Кастусь. – Нібы ў цёплай ванне сядзіш. Толькі каб гэта рак за якое месца не хапануў.– Тут ix няма, – сказаў Алесь. – Яны пад карчамі ды пад берагам. I потым, мала стала ракаў. Гады тры назад пошасць нейкая на ix прайшла. Бepaгi аж кіпелі крумкачамі ды варонамі.– Гэта яны, мусіць, з гора падохлі. Знайшоўся на ix нейкі свой Аляксашка, – выскаліў Кастусь белыя прыгожыя зубы.– А што табе гэты Аляксашка?– А чорт яго ведае. Абяцае зашмат. А ў самога калі што i добрае, дык гэта шавялюра i бакі, ды яшчэ вусы. Як пікі. Але гэта ўжо ад цырульніка хутчэй залежыць.І дадаў:– Падбароддзе ў яго бязвольнае. А бязвольныя людзі – ох, якія яны часта бываюць упартыя ды злосныя! На кожным сваім капрызе могуць суседу вязы скруціць. Нібы даводзіць, што i ў яго цвёрдасць ёсць.Кастусь баўтануў нагамі ў вадзе.– Справядлівасці, відаць, i тут не будзе. У нас, наогул, справядлівасць гэтую своеасабліва разумеюць. Чорнага iмя Сямашка-біскуп сам унію кінуў i сілком пачаў паству ў праваслаўе гнаць. Тут ужо ўсё, што хочаш, бывае: i страшнае, i смешнае. Смех у нас, вядома, таксама не дай бог! У пятлю хочацца ад такога смеху. То рэжуць людзям бароды, а з тых, хто не хоча, мыт за бараду бяруць. А тут прымусілі ўніяцкіх былых папоў бароды гадаваць ды вопратку мяняць. Усе забарадзелі, як казлы. І тут Сямашку данос: поп такой i такой вёскi барады назнарок не хоча адпускаць, а значыць, i надалей перабывае ў гнюснай epaci, такі ён i гэтакі. Марыць аб аўтакефаліі беларускай царквы, спіць i бачыць, каб гасудар ухайдокаўся... Папа туды, папа сюды, папа на допыт... “Што, быдла, зламысныя ідэі ў чорным сэрцы гадуеш?! Аўтакефаліі захацеў?! А ў манастыр на хлеб i ваду?!” I, галоўнае, ён, халера, ні ў чым не прызнаецца. Некалькі месяцаў цягалі. Ледзь сапраўды за краты не трапіў. Ужо i прадпісанне было. I толькі потым выявілася, што барада ў папа ад прыроды не расце.