Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Кастусь стаў на калені i, гаворачы, глядзеў у парк, дзе білася i тужліва ўздыхала лістота.– Так, відаць, i ў нашым становішчы. Тым больш што царок нічога вялікага не робіць, а так, нібы мёдам злёгку па вуснах мажа. Усё, як раней. Дзяржава – паліцэйскі ўчастак. Дзяржава – турма.На твары ў Кастуся зноў з’явілася нешта пакутлівае, цень нязвыклай i, па маладосці год, страшнай,непажаданай думкі.– Ты раптам зрабіўся падобны на Раўбіча. Толькі маладзейшы.– Мне ніякавата, – уздыхнуў Кастусь. – І мне вельмі страшна. Здаецца, я беспаваротна вырашыў. Іншай дapoгi для мяне няма.Алесь развёў рукамі:– Каб жа ж можна было хоць што зрабіць! Школы на сваёй мове, паступовае вызваленне — тады яшчэ сяк–так. Але ж не даюць. Не паўстанеш – будзеш жыць, як усе: жэрці, напівацца, паляваць, ацірацца ля спадніц. Сумленне страціш. А паўстанеш — таксама страшна. Гэта, магчыма, i плаха.Голас ягоны сарваўся:– Галоўнае, мала нас, мала! Адзінкі! Кастусь лёг на спіну. Доўгі час маўчаў, глядзеў у цемру бліскучымі вачыма. Пасля сказаў глухім, але цвёрдым голасам, нібы канчаткова вырашыў усё:– Не трэба тысячы, каб пачаць. І не трэба ста, каб пачаць. I не трэба... дваіх, каб пачаць...

XXIXАлесь і Усяслаў Грыма ішлі Дамініканскай вуліцай да Святаянскіх муроў. Абодва пераапрануліся з гімназічнай формы ў цывільнае i старалася трымацца далей ад ліхтароў. Хаця гімназістам старэйшага класа i дазвалялася не вельмі пільнавацца гадзіны, пасля якой вучні павінны сядзець дома, але яны iшлi ў дом, наведванне якога магло не спадабацца начальству. Ды i прагулкі без формы не заахвочваліся. А іначай было нельга. Будуць глядзець, як на шчанюкоў.Ішлі да Адама-Ганорыя Кіркора, рэдактара “Кур’ера Віленскага”. У яго збіралася цікавае таварыства, i можна было гаварыць аб жыцці Бывала i музыка, а ўжо спрэчкі — заўсёды. Гаспадар быў з ліберальных, асветнік i не больш, ды яшчэ з памяркоўных. Нехта з дэмакратаў у запале спрэчкі назваў яго аднойчы нават “калабарацыяністам”, але гэтага не падтрымалі нават злоснікі. Проста жыў па прынцыпу “абы цixa было”, часам запабягаў перад уладамі і імем імператара, але сяды-тады і яго прарывала злосцю. Ён дазваляў збірацца ў сваёй кватэры самым розным людзям, нават з крайнімі naлiтычнымі поглядамі.Пачатак сакавіка плакаў капяжамі i ўначы. 3 дахаў раз-пораз спаўзаў i ляскаўся цяжкі падталы снег. Святло ліхтароў весела гуляла на сотнях ледзякоў.Вёў Алеся знаёміць з людзьмі Усяслаў Грыма.– Пакрычаць там сёння, – сказаў Грыма.– Усе крычаць, – сказаў Алесь.Увесь люты ішоў у Парыжы міжнародны кангрэс, які прыляпіў на чало імперыі ярлык слабасці i непатрэбства i завяршыў, урэшце, ганебную разгромную вайну не менш ганебным мірам.– Haбiлi морду, – бурчаў цельпукаваты Грыма. – Вось вам. На вазах харч вязуць, гарматы разрываюцца. Ваяваць развучыліся. Шпіцрутэны – гэта мы ўмеем.Кіркор жыў у будынку былога універсітэта. Хлопцы азірнуліся. Паглядзелі ў бок губернатарскага палаца, цікнулі вокам у цёмную арку двара Сарбевіуса. Наглядчык Цэзар Георгіевіч, па класнай мянушцы Цэрбер Гаргонавіч, мог трапіцца паўсюль.Яны перабеглі вуліцу i нырнулі ў пад’езд. Падняліся па сходах, пастукалі ў дзверы. Сустрэла ix пакаёўка, узяла паліто. Праз шчыліну дзвярэй даляталі галасы.... Гаспадар, убачыўшы Грыму, развёў pyкi, быццам хацеў абняць. Азызлы, усё яшчэ загарэлы, дарма што зiмa прайшла, твар яго бы пацяплеў ад усмешкі.