Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

– Змена маладая! Надзея мілай радзімы! То што, Усяслаў, гэта i ёсць твой князь?– Але. Толькі ён не мой, а свой.– Ухваляю, ухваляю, князь. Рэферат ваш аб народных песнях упадабаў. Выключна. Верце слову бітага этнографа. Прашу, прашу да мяне.У невялічкай гасцёўні з мяккай мэбляю i ciнiмi сценамі, упрыгожанымі медальёнамі з эмалі i ідылічнымі гравюрамі з народнага побыту, было поўна людзей. Курылі, пiлi каву ля кутняга століка, спрачаліся. Раздаваліся выгукі, смех, воплескі — відаць, узнагарода камусьці за трапнае слова. Змешваліся польская, французская, беларуская мовы.– Дав-вайце, маладыя людзі, будзьце як дома, – гасцінна запрашаў Кіркор, робячы, магчыма, занадта выразныя pyxi маленькай зграбнай рукой.Відаць было, што ён – не без славалюбства – ганарыцца i гэтым зборышчам, i гасцёўняй, i людзьмi, сабранымі ў ёй, i атмасферай дасціпнасці, лёгкай ігры мазгавых звілін, спрэчак i ўсяго іншага.На вялікае сваё засмучэнне, хлопцы амаль адразу ўбачылі аднакласніка, графа Ігнацыя Лізагуба. Ён стаяў з нейкім хударлявым, сухотным на выгляд чалавекам і ледзь адказаў на прывітанне. У чорным бездакорным сурдуце, вельмі стрыманы, вельмі выхаваны. Ён гаварыў i ўсміхаўся белымі зубамі, а ўсмешка была халодная, абыякавая. Валасы бліскучыя ад брыльянціну, нібы карова ягоную галаву лізала. Вочы тытунёвага колеру, абыякава-ўважныя. Нібы не семнаццаць яму, а ўсе пяцьдзесят, такі карэктны.– Вам пашанцавала, маладыя людзі, – мякка сакатаў Кіркор. – Сёння ў мяне якраз найбольш цікавыя госці. Рэдка бывае так, каб у кожнага знайшоўся вольны вечар. Але сёння вы ўбачыце цвет новай віленскай грамады. Прашу быць як дома.І пабег да іншых людскіх колцаў, улагоджваць, змешваць людскія плыні, там кінуць досціп, там іранічны сказ, нібы вядро вады на занадта зыркае полымя. Хлопцы асталіся адны.– А ты ведаеш, – сказаў Алесь, – мне ён не падабаецца.– Нешта праўды тут ёсць, – пакруціў цяжкай галавою Грыма. – Хоча, каб усе былі адзін у адзін: святыя ды божыя. Бач, унь Ходзька Ігнацый сядзіць. Паэтаў цёзка па прозвішчы. Багатыр! 3 ім ён аб залатым веку пагаворыць. А той – граф Тышкевіч, чалавек добры, адукаваны. Археалагічныя раскопкі вядзе. 3 гэтым пагамоніць аб тым, як цяжка было жыць нашым продкам. 3 Ходзькам, з Тызенгаўзам.– А што тут Лізагуб робіць?– Правае крыло суполкі змену сабе рыхтуе.– Каго ты яшчэ ведаеш?– Унь той, бычыш? З нервовым, тонкім абліччам?У кутку, асобна ад ycix, сядзеў худы высакалобы чалавек у бутэлечнага колеру сурдуце і шырокім белым гальштуку. Рукі з доўгімі пальцамі нервова гулялі брэлокамі гадзінніка, перабіралі ix, як ружанец. Калі спрэчка выбухала раптам пагрубелымі ад запалу галасамі — чалавек моршчыўся, як моршчыцца меламан з абсалютным слыхам, пачуўшы скрогат цагліны аб цагліну. Мяккае, вельмі беларускае аблічча чалавека было тонкае i жоўчнае. Доўгія, трохі блізка адно да аднаго пасаджаныя вочы глядзелі сумна i засяроджана. I буйнымі добрымі хвалямі падалі на плечы русыя валасы.– Хто такі? – спытаў Алесь.– Сыракомля. Паэт.– Па-польску піша?– I па-беларуску таксама.– А той? – Алесь паказаў на невялічкага чалавека, які піў каву ля кутняга століка i, здаецца, быў заклапочаны больш за ўсё тым, каб не паказаць сваёй ніякавасці перад yciмi гэтымі людзьмі, каб узяць i паставіць кубачак з належнай годнасцю. Занадта інтэлігенцкі шыракаваты твар з добрымі, відаць, блізарукімі, вачыма. Такому б сядзець у хаце, такому б замест сурдута, нават тут, больш пасаваў бы шлафрок.