Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

– Чакай, – сказаў Алесь. – Гэтага я даволі часта бачу на вуліцы. Ён што, таксама жыве недзе на Нямецкай?– У доме на рагу Нямецкай i Дамініканскай. Не, у другім ад рога. А на рагу Сыракомля жыве.– Ён хто?– Я яго кепска ведаю. Ведаю, што працуе арганістам у Святаянскім касцёле. Дзіўна, чаму ён тут бывае? Але тут, наогул, даволі разнамасны хаўрус.– I прозвішча не ведаеш?– Яно табе нічога не скажа. Манюшка.Алесь усміхнуўся.– Сапраўды, смешнае прозвішча... Нібыта маленькі манюка.I раптам усплыла ў памяці размова дзвюх жанчын, якую выпадкова пачуў на вуліцы краёчкам вуха. Жанчыны былі ў глыбокай жалобе, i гэта – а таксама іхнія заплаканыя вочы, i маладосць, i пекната – прымусіла Алеся прыслухацца i запыніць.– Грыма, – сказаў Алесь, – я чуў аднойчы, як святаянскага арганіста назвалі богам.– Пэўна, касцельныя дэвоткі,— буркнуў Грыма.– Ну, не кажы. Кожны горад гэта, брат, горад казак. Iдзe артылерыйскі паручнік, а ў патэнцыі ён – Напалеон. Памipae ў багадзельні стары, выкідаюць з-пад ягонага сенніка спісаную паперу. Потым частка гэтых паперак, разам з газетамі, трапляе між дзвярыма i цыратай, якою ix абабілі. А праз сто год мяняюць цырату i выпадкова знаходзяць паперкі, i тады выяўляецца, што ў багадзельні памёр найвялікшы паэт часу. Прырода любіць хаваць брыльянты i золата ў тленны глей i смешную абалонку.– Разышоўся, – буркнуў Грыма.– А можа, і сапраўды ў Святога Яна грае сам бог. Трэ было б схадзіць.– А з гімназіі паляцець хочаш? За хаджэнне на каталіцкія набажэнствы?А гаспадар тым часам ужо каціўся да ix.– Нелюдні! Нелюдні! Сугнеі! Не могуць caмi пайсці туды, дзе iм цікава. То хадзем.Падвёў ix да купкі людзей.– Знаёмцеся. Пан Грыма, князь Загорскі.У сярэдзіне колца сядзелі на канапе два чалавекі. Адзін, мужыкаваты, дзіклівы, яшчэ малады, глядзеў на хлопцаў з некаторым выклікам, нібы менавіта ад яго залежала, прыняць навічкоў у размову ці не.Але галоўным у размове быў, відавочна, не ён.На краёчку канапы, у кутку, сядзеў, зручна ўціснуўшыся мяккую падушку, нібы патануўшы ў ёй круглаватай фігуркай, маленькі дабрадушны гарбун. Горб у яго быў невялічкі і нагадваў бы лёгкую сутуласць, калі б толькі правае плячо не было вышэй за левае. Гэтая акалічнасць не зрабіла, відаць, ніякага дрэннага ўплыву на псіхічны склад гарбуна. На круглым мяккім абліччы блукала ўседаравальная, расчуленая ўсмешка. Гарбуну было год сорак пяць, але праставатыя блакітныя вочы, светла-русыя валасы, у якіх цяжка было заўважыць сівізну, румяны ўсмешлівы рот надавалі ягонаму абліччу добры, наіўны, у нечым дзяціны выраз.

Зірнуўшы на яго, нельга было не сказаць: “Ах, які добры чалавек!”– А ото нашы два Вінцукі, – знаёміў гаспадар. – Абодва паэты. Абодва добрыя грамадзяне. Абодва добрыя мужы.– Ну, проста хоць ікону з мяне пішы, – буркнуў мужыкаваты.– Абодва добрыя патрыёты. Любяць радзіму. Любяць. Знаёмцеся.– Каратынскі, – зноў жа з выклікам працягнуў Алесю руку мужыкаваты.I Алесь падумаў, што гэты падкрэслены выклік – ад неабходнасці сцвярджаць сваю годнасць. Відаць, худародны. Можа, нават з сялян.– Дунін-Марцінкевіч, – падаючы пульхную руку, мяккім голасам сказаў гарбун. – Прашу не блытаць з Марцінкевiчамi-Асановічамі i Марцінкевічамі-Мустафамі. Я пакуль што не татарын. Хаця? – I ён засмяяўся. – Татарынам тутэйшым быць, дальбог, нядрэнна. Мова – адна. “Кітаб” нічым не горшы за блажэннага Аўгустына. І жонак можна аж сем мець.