Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Ягонае кругленькае цела калыхалася ад дабрадушнага смеху.– Ды ён яшчэ i вальтэр’янец, – заўважыў з карэктным гумарам Ходзька. – Будзеце адказваць на тым свеце, пане Вінцук.– I не буду. I зусім не буду, – калыхаўся гарбун. – У жартах граху няма. І што ж, што татарын. Усякае дыханне хваліць пана бога.Кіркору, відаць, было замала рэкамендацый, хаця для Алеся абодва паэты, як людзі, было ўжо зразумелыя.– Абодва на гаворцы пішуць. На літоўска-мужыцкай.Алесь звёў бровы:– Па-беларуску, значыць?Ходзька нахмурыўся. А вочы Марцінкевіча раптам, на адно імгненне, перасталі быць усмешлівыя, зірнулі на хлопца добразычліва, цвёрда.“Эге, – падумаў Алесь. – Не такі ты, відаць, прасцячок, не такая божая душа. Ты, брат, дзе трэба, i характар можаш паказаць”. I супакоіўся, што знайшоў зразумелага i блізкага чалавека.– Бачыце, – сказаў Ходзька. – Вось ён, першы плён вашай працы. 3’явіўся ўжо беларус, ды яшчэ i князь. Глядзіце, каб хутка не з’явілася яшчэ, замест мужыцкай гаворкі, нейкая беларуская мова.– Я не чытаў твораў пана Марцінкевіча, – сказаў Алесь. – Але існаванне беларускай мовы не залежыць ад нашых з вамі жаданняў, пане Ходзька. Як яе ні называй, яна проста – icнye.Непачцівы Грыма, як заўсёды, рэзнуў проста ў Ходзькавы вочы:– Разважаеце вы, шаноўны пане, з багатай магнацкай званіцы. Гэтыя словы аб “гаворцы” нам у зубах навязлі. Вы тутэйшы, але, прабачце, чым тады гэтыя вашы разважанні адрозніваюцца ад разважанняў нябожчыка імператара?Кіркор азірнуўся. Зyciм непрыкметна для іншых. I адразу супакоіўся, заўважыўшы, што ніхто не звярнуў yвaгi, што ўсе свае, што ўсе з цікавасцю чакаюць працягу спрэчкі.Ходзька холадна сказаў:– Я – паляк беларускага паходжання. Памятаючы гэта, вы не можаце ўпікнуць мяне ў чужой крыві, у нелюбові да зямлі, на якой я нарадзіўся, у няведанні гаворкі, на якой гавораць яе мужыкі. Я павінен яе ведаць, бо як тады іначай весцi гаспадарку. Выйдзе нешта накшталт непрыемнасці з вaвiлонскай вежай. Але, я лічу, гэтая гаворка зжыла сябе, як зжыла сябе яшчэ некалькі стагоддзяў назад беларуская ідэя. Нічога не зрабілі, акрамя войнаў i звад...– Толькі Біблію адны з першых надрукавалі, – сказаў Алесь. – Першыя сярод усходніх славян.У вачах Марцінкевіча Алесь заўважыў пыльную цікавасць.– Можа, вы не будзеце мяне перабіваць? – сказаў Ходзька.– Калі ласка, – сказаў Алесь. – Я проста ўдакладніў некаторыя не зусім... пэўныя пастулаты пана.– Дык вось, – сказаў Ходзька. – Ідэя скампраметавала сябе.– Або вы яе скампраметавалі, – буркнуў Грыма.– Ажыўляць нябожчыкаў – гэта не справа гicторый. Мы проста адгалінаванне польскага племені, слабое, чэзлае, якое ідзе дарогаю апалячвання. І хоць гэтай гаворкай гавораць пяць мільёнаў, але яна проста “рабочая мова”, каб работнікі рознага паходжання разумелі адзін аднаго.– Пяць мільёнаў!.. Цi не занадта многа для “рабочай гаворкі”? – сказаў Алесь.– Я паважаю вашы пачуцці, – сказаў Ходзька. – Але цi не занадта вы малады, каб...– Чакайце, – сказаў са свайго кута Сыракомля. – Гэта забаронены ўдар.– Чаму забаронены? – умяшаўся Лізагуб. – Мы сапраўды яшчэ мала ведаем у параунанні з панам Ходзькам.– Малады чалавек, – сказаў Сыракомля. – Веды i вера ў радзіму – розныя рэчы.– Магчыма, пане Кандратовіч, – у голасе Лiзaгуба прарвалася непрыязная нотка. – Я проста кажу, што некарэктна перапыняць старэйшага госця.