Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

I толькі на скрыжаванні, дзе абодвум старэйшым трэба было павярнуць налева, паэт паклаў руку на плячо Алесю:– Я, пэўна, не дажыву. Але вам... Дай вам бог удачы...

ХХХУжо самай раніцай наступнага дня, падымаючыся па сходах на другі паверх, Алесь адчуў штосьці нядобрае.Можа, гэта было ў тым, што здаровая доўбня, Цыпрыян Дэмбавецкі, аднакласнік Алесеў, насуперак звычаю, адарваўся ад ежы і, калі Алесь праходзіў паўз яго, акінуў каламутным, нібы нежывым, позіркам. Гэта было дзіўна, бо Алесь, колькі быў у гімназіі, заўсёды помніў Цыпрыяна з бутэрбродам у руцэ.А можа, няладнае было ў тым, што другі аднакласнік, Альберт Фан дэр Фліт, ледзь адказаў на паклон.Усё гэта была лухта. І Цыпрыяну не вечна ж чамкаць, і Фан дэр Фліт, чалавек халодны і паглыблены ў свае думкі, заўсёды глядзіць нібы праз субяседніка. І, аднак, нешта нібы вісела ў паветры.Але першым урокам была якраз літаратура. Выкладчык прыгожага пісьменства, перад тым як скончыць гімназічны курс, рабіў агляд сучаснай літаратуры, той, што не ўваходзіла ў праграму. І гэта было добра. Бо ён гаварыў, між іншым, і аб улюбёным Цютчаве. Пушкін – гэта, вядома, Элада паэзіі. Нібы ўся гармонія будучых стагоддзяў увасобілася ў адным. І ён любіў яго. Але трэба мець і нешта патаемнае, што любіш ты адзін. І ён любіў Цютчава.І гэтыя, такія розныя, імёны сучаснікаў, і такое разнастайнае гучанне іхніх радкоў, падобнае то на мёд, то на ярасную пену прыбою, то на атруту, прымусіла Алеся забыцца на тое, падсвядомае, што папярэджвала.Ён трымаў для сябе імя Цютчава доўга. У старых дзедавых часопісах адшукаў калісьці і адзначыў у памяці гэтыя незвычайныя радкі.І “Вясеннюю навальніцу” ў “Галацеі”, і “Цэцэрона” з “Апошнім катаклізмам” у альманаху “Дзянніца”… Часам ён пазнаваў аблічча паэта і ў вершах, змешчанных пад ініцыяламі, і гэта было – нібы пазнаць блізкага сябра пад маскай.Дзіўна было, што Алесь яшчэ не нарадзіўся, а паэт ужо адказаў на тыя пытанні, што пачынаюць мучыць яго, Загорскага, толькі цяпер.Оратор римский говорилСредь бурь гражданских и тревоги:“Я поздно встал – и на дорогеЗастигнут ночью Рима был!”Тут усё было праўда. Сапраўды, вакол была ноч краіны. Сапраўды, усе яны нарадзіліся занадта позна. І ўсё ж…Счастлив, кто посетил сей мир В его минуты роковые – Его призвали всеблагиеКак собеседника на пир.І гэта было цудоўна. Як цудоўныя былі радкі “Mal’aria”, што спісаў аднекуль Мсціслаў. І радкі “Апошняга кахання”. Настаўнік чытаў іх трохі нараспеў, як ніколі не чытаў Дзяржавіна. І вокладка часопіса, з якога ён чытаў, была старанна загорнута ў паперу. Бо гэта быў “Современник”, якога баяліся, як чумы, і не падпускалі да гімназічных муроў.Алесю было смешна. Няўжо настаўнік думае, што яны – дзеці і чытаюць толькі тое, што прадугледжана праграмай. Гэты нумар часопіса члены “Братэрства шыпшыны і чартапалоху” зачыталі да дзірак два гады назад.О, как на склоне наших летНежней мы любим и суеверней…Сияй, сияй, прощальный светЛюбви последней, зари вечерней!Гэта было нязнанае, неймавернае на зямлі шчасце.Полнеба обхватила тень,Лишь там, на западе, бродит сиянье, -Помедли, помедли, вечерний день,Продлись, продлись, очарованье.У тым сумным, суровым і пяшчотным настроі, які заўсёды авалодваў ім пасля добрых вершаў, ён праседзеў другі ўрок, геаграфіі. Мсціслаў збоку паглядаў на яго. І ў вачах была іскра насмешкі і іроніі.