Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

– Што ён сказаў?– Плакаць будзеш зараз… Нядбайла, – аддана і проста сказаў Пятрок.– Д-добра, – памякчэў Гедымін. – Маеце шчасце, Грыма.Падумаў.– А за тое, што ўжываеце мужыцкую гаворку – будзеце мець клопат, Ясюкевіч. Пяцьсот разоў перапішаце гэта па-французску, руску і нямецку.– Па сто шэсцьдзесят шэсць і дзве трэці раза на кожнай мове, – прыкінуўшы, шэптам сказаў Мацей Біскуповіч. – Як з двума трэцямі быць, га?– Дзякуй, Пятрок, – на гэты раз шэптам сказаў Грыма. – Танна вылез.Сашка Волгін, Алесеў цёзка, падміргнуў Грыму:– Нішто. Выручым.Сашка вызначаўся з усіх фенаменальнай здольнасцю падрабляць руку кожнага чалавека так, што той і сам не адрозніў бы.– Гімназісты славутай нашай гімназіі, – ціхім і прачулым голасам, які аж дрыжаў ад хвалявання, пачаў Гедымін. – Вялікае гора напаткала нашу краіну. У бозе пачыў наш імператар, наш палкаводзец, гаспадар рускай зямлі, Мікалай Паўлавіч, чалавек вялікай духоўнай моцы, дабрадзей усяго нашага народа, зіждзіцель светлага храма нашай будучыні і, пакуль што, самая светлая асоба нашай гісторыі пасля Пятра Вялікага.– “Пакуль што”, – буркнуў Грыма.– Ліс, – з нянавісцю гледзячы на Гедыміна светлымі вачыма, сказаў Сашка. – Пры кожным выпадку такое кажы – не памылішся.Голас у Гедыміна сарваўся:– Рускі народ у журбе і тузе.– Сашка, – шапянуў Алесь, – ты ў журбе ці, можа, у тузе, га?!– У вялікай, – усхліпнуў Сашка. – Проста рыдаю. Харошы быў чалавек. Хрысціянін. Даўгі за Пушкіна паабяцаў заплаціць, калі той на ложы смерці выспавядаецца і святыя дары прыме… Заплаціў…Гедымін глядзеў некуды ўгору вычыма, у якіх аж трапяталі сардэчнае замілаванне і скруха.– Ён тужыць бязмерна… наш… рускі… народ…– А каб ты спрах! – ціха сказаў Сашка.Грыма штурхнуў яго пад рабрыну:– Цс-с, пасадзяць у карцэр – хто тады паможа?Алесь ціха смяяўся. Ён ведаў, што гэта Волгін быў завадатарам гісторыі з Гедымінавай радаслоўнай. Сабралося некалькі хлопцаў і склалі жартоўнае “дрэва годнасці” настаўніка, дзе сама менш сем продкаў былі ўсе хто хочаш, толькі не рускія, а бацька – паляк. Потым Сашка напісаў ліст почыркам Гедыміна. А ў лісце было пакаянне ў тым, што вось да гэтага часу ён, Гедымін, толькі вонкава трымаўся праваслаўнага абраду, а сам лічыў яго за ерась і схізму і не хоча больш губіць сваю неўміручую душу. Тым больш што ягоны, Гедымінаў, бацька быў паляк і ўсё жыццё змагаўся з няправеднай справай мітрапаліта літоўскага Ёсіпа Сямашкі, які злашкодна і падступна вынішчаў унію. І што ён, Гедымін, у гэтым дастойны сын свайго бацькі і просіць лічыць яго надалей католікам, тым больш што ў яго, Гедымінавым, дваранскім гербе ёсць крыж. А, усім вядома, калі ў гербе ёсць крыж – гэта азначае, што продак быў выхрыстам.Ліст з радаслоўнай накіравалі віленскаму папячыцелю і сталі чакаць, што з гэтага будзе.Папячыцель паверыў. Яму здалося, што Гедымін з’ехаў з глузду. Ён выклікаў “рымскага каталіка і нашчадка выхрыстаў” да сябе, і там, за шчыльна зачыненымі дзвярыма, адбылася бурная размова з высвятленнем адносін і тлумачэннямі, спачатку толькі Гедымінавымі, а потым узаемнымі. Гедыміна ледзь не хапіў удар.Завадатараў свавольства шукалі, але не знайшлі.…Настаўнік тым часам дабраўся да апошніх хвілін “хрысціяніна”. Голас дрыжаў, рукі, ускінутыя на ўзровень твару, далонямі да яго, калаціліся, нібы вось-вось маглі ўпасці на вочы, каб ніхто не ўбачыў слёз, ды толькі жахлівае намаганне волі трымала іх.