Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

“Павяло”, - падумаў Мсціслаў.А Алесь не заўважаў. Як не заўважаў і таго, што Цыпрыян Дэмбавецкі, крадком жуючы нешта, раз ці два азірнуўся на яго.Пачалася вялікая рэкрэацыя. Гімназісты, карыстаючыся трыццаццю хвілінамі перапынку, сыпанулі на сонечны двор, дзе на сугрэве, каля мура, было ўжо зусім цёпла, брук нагрэўся, а апошні чорны снег ляжаў толькі ў вечным ценю процілеглай аркады двара.Алесь выйшаў павольна, апошні, і адразу ўбачыў, што на паваротцы да сходаў стаіць група “арыстакратаў з лёкайскай”, як аднойчы ахрысціў іх Сашка Волгін.“Арыстакраты з лёкайскай” трымаліся заўсёды купкаю і вельмі крыва глядзелі на Алеся і Мсціслава за тое, што яны староняцца іх і водзяць сяброўства з Грымам і Ясюкевічам.Яны стаялі купкай і цяпер. Прылізаны і карэктны Ігнацы Лізагуб. Побач з ім Альберт Фан дэр Фліт з халоднымі вачыма, якія, нягледзячы на светлы колер, былі цьмяныя, як сутонне. А за імі стаяў Дэмбавецкі.Яшчэ адзін член іхняга гуртка, Альгерд Корвід, стаяў ля сценкі і глядзеў убок. Прыгожае, жорсткае аблічча Альгерда было абыякавае.І, убачыўшы яго, Алесь зразумеў, што справы – дрэнь. Альгерд Корвід вызначаўся тым, што мог адным непрыкметным ударам пад дыхала або яшчэ некуды кінуць чалавека ў непрытомнасць і вывесці з бойкі на доўгі час.Як на грэх – нікога не было вакол. Ні сяброў, ні проста прыязных людзей, якія маглі б папярэдзіць. У Алеся нарадзілася раптам брыдкае і халоднае пачуццё бездапаможнасці і агіды. Яго ніколі не білі вось так. Здараліся, вядома, сяброўскія або варожыя бойкі недзе ў прыбіральні ці на вілійскім лёдзе, але гэта былі сумленныя бойкі: адзін на адзін ці сцяна на сцяну.Тое, што бойкі не мінуць, ён зразумеў адразу. Іначай на якога д’ябла ім быў патрэбен Корвід? – Пачакайце, князь, - сказаў Лізагуб.Алесь спыніўся.Лізагуб мякка, амаль па-сяброўску, так, што смешна было вырывацца, узяў Алеся пад руку і адвёў ад сходаў.– Мне хацелася б атрымаць ад вас некаторыя тлумачэнні наконт вашых учарашніх слоў.– Я нікому не хачу іх даваць, сказаў Алесь. – Што сказана, тое сказана.– Прабачце, не тлумачэнні, а працяг спрэчкі і, магчыма, некаторае неўразуменне і збянтэжанасць, што датычыцца вашых паводзін.Лізагуб паспеў давесці яго да самага акна ў тупіку калідора, і толькі тут Алесь вызваліў локаць.– Ваша неўразуменне мяне мала датычыць. Збянтэжанасць – таксама. Учора я сказаў тое, што хацеў.Алесь вырашыў пайсці, а калі затрымаюць – прабіцца, адкінуўшы кагосьці з дарогі. Тут не магло быць і размовы аб тым, што ўцякаць – ганебна.І тут адчыніліся дзверы прыбіральні, і з яе з’явіліся, нібы чэрці з табакеркі, яшчэ трое. Першыя крочылі Язэп і Гальяш Цялкоўскія. Браты. Не блізнюкі. Проста абодва мелі звычай па два гады сядзець у кожным класе. Гальяш аднойчы зрабіў подзвіг: не астаўся. І такім чынам дагнаў брата.Яны стаялі побач. Здаравенныя, з фальварковымі атлусцелымі мордамі. Напаўідыёты.За імі выслізнуў Воранаў, маленькі, бескаляровы, як белая мыш, сын буйнага акцызнага чыноўніка.Убачыўшы гэтых трох, Алесь зразумеў: прарвацца не ўдасца. І адразу – ад злосці на тое, што яго так спрытна ашукалі, і ад непаразумення – страх некуды знік, а ў сэрцы нарадзіўся гнеў. Яны не мелі права нападаць на аднаго. Ну што ж, тады трэба біцца. Прайшло, відаць, хвілін дзесяць вялікай рэкрэацыі. Трэба яшчэ хаця б столькі ж заняць размовай аб усім тым, што стаіць паміж імі, а потым яшчэ десяць хвілін пратрымацца. Аднаму супраць сямёх. Не ўпасці, не даць ім рабіць з сабою ўсё, што яны захочуць.