Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

– Калі ласка, - сказаў ён, стаўшы спіною да цёплай грубкі і адчуваючы патыліцай медны люфт. – Што вы маеце мне сказаць, граф Лізагуб?–Я хачу спытаць, з якога такога права вы ўчора ганьбілі Польшчу, князь Загорскі? Вы ж ведаеце, гэта вельмі высакародна – лаяць тое, што ў гэты момант лае ўрад.Нахабная хлусня абурыла Алеся. Але ён стрымаўся.– Я не ганьбіў Польшчу, - магчыма, занадта высакамерна, каб не падумалі, што спалохаўся, сказаў ён. – Вам варта было б бліжэй трымацца да ісціны.Алесь толькі тут успомніў, што са збораў у Кіркора Лізагуб і Ходзька пайшлі разам. Не можа быць, вядома, і размовы, каб дарослы чалавек нацкаваў юнака на юнака. Відаць, проста выказаў раздражненне, абурыўся “мужыцкім сепаратызмам здрадніка”. Гэтага і хапіла. Знайшоў сабе добраахвотнага ланцужнага сабаку. А можа, і не ў “мужыцкім сепаратызме” корань усяго, а ў ягоных неасцярожных словах аб прыгоне. Напэўна так.– Я не кручу перад вамі хвастом, - сказаў Алесь. – Але я далёкі ад думкі агулам ганьбіць ці агулам хваліць нейкі народ. Я, калі вы хочаце тлумачэнняў, скажу, што я люблю і паважаю Польшчу, спачуваю яе няшчасцям і глыбока шаную палякаў...– Закруціўся, як уюн на патэльні, - сказаў Дэмбавецкі.– ...Акрамя, вядома, такіх палякаў, як наш Дэмбавецкі. Што зробіш, бываюць сумныя выключэнні, -сказаў Алесь.Корвід пасунуўся бліжэй.– Але, - сказаў Алесь, - я не разумею, якія адносіны да Польшчы мае немец Фан дэр Фліт, рускі Воранаў, літовец Корвід, беларусы Цялкоўскія і вы, граф Лізагуб? Мне здаецца, гэта справа пана Цыпрыяна Дэмбавецкага. Я гатовы пагаманіць з ім на гэтую тэму. З ім адным.– Я паляк, - сказаў Лізагуб.– За колькі? – спытаў Алесь. – І з якога часу?– З таго часу, калі мае бацькі зразумелі, што ад двараніна, які называе сябе беларусам, смярдзіць стайняй і дзярмом.– Не здрадай, прынамсі, - сказаў Алесь. – Не сабачым хвастом.– Гноем, - сказаў Лізагуб. – І вы, кня-азь, яшчэ асмельваецеся лаяць парадак, заведзены слаўнымі дзядамі! Крычаць нешта аб “прыгоне”.Алесь засмяяўся.– Вось яно што, – сказаў ён. – Я так і думаў, што не ў нацыі тут справа, што я стукнуў вас не па нацыянальным гонары, а па кішэні.Цяпер яму ўсё было ясна. І ён, з невымоўнай пагардаю, сказаў:– Прыгоннік.– Чуеце? – спытаў Лізагуб.– Чуем, - змрочна сказаў Гальяш Цялкоўскі. – Я думаў – ты хлусіў.– Я таксама думаў аб перабольшванні, - сказаў Фан дэр Фліт. – Прабачце, граф.– Ясна, - змрочна сказаў Корвід.Запанавала маўчанне. Потым Лізагуб прашыпеў, увесь трасучыся ад ярасці:– І ты яшчэ хочаш, каб я назваў сябе тваім быдлячым імем, хаме з тытулам?– Не. Для цябе гэта занадта вялікі гонар.– Хто вас прымае ўсур’ёз? – схіляў галаву Лізагуб. – Хто вас паважае, абыякавыя да сябе людзі? Правільна сказаў Ходзька: мы вас церпім як фарпост супраць варвараў. Усе вам выказваюць ласку, апякаючы ды прыядноўваючы. Проста шкада, што прападзяце. І дарэмна, бо толькі залішні клопат з вамі. Кіруй, па-бацькоўску апякай, гадуй...– Сволач! – Алесевы вусны збялелі. – Рабавалі, жэрлі ды яшчэ...– Што ў вас рабаваць? – кпіў Лізагуб.Алесеў твар быў страшны. Прыступ жахлівага дзедаўскага шаленства падступаў аднекуль знутры.– Кінь, - спалохаўся Фан дэр Фліт. – Яны небяспечныя.Але Ігнацы не зважаў.– Ласку! Ласку вам усе робяць! Што б вы былі без нас?Адчуваючы, што цяпер ён не стрымаецца ад гневу, Алесь размахнуўся і, уклаўшы ўсю сваю сілу, ляснуў па гэтай шчацэ левай рукой, насунуўшы пад сківіцу знізу правай.