Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Лізагуб віскнуў, адлятаючы.Вочы, вусны, увесь Алесеў выгляд былі такія страшныя, што хаўрус марудзіў кінуцца на яго. Адзін толькі Корвід мільгнуў недзе ўбаку, наносячы, відаць, адзін са сваіх страшных, непрыкметных удараў.Біў у галаву.Але ў Загорскага рэакцыя супраць шпагі, супраць кулака была імгненная. І ён нездарма стаў галавою да люфта.Алесь таргануў галавою – і Альгердаў кулак змаху наляцеў на медны, востры зачап юшкі.Корвід адскочыў, сагнуўшыся. Ён сычэў ад болю. З далоні цурком лілася на падлогу кроў.Адкінуўшы нагою Язэпа Цялкоўскага, Алесь стаў у кут і падрыхтаваўся. Наляцеў Фан дэр Фліт – па мордзе, па мордзе сушанай трасцэ. Нагою ў пах Гальяшу Цялкоўскаму... Набліжаецца Лізагуб... Зноў у сківіцу.Усё ж яго вырвалі з кута, абкружылі. Нехта – мабыць, Фан дэр Фліт – ударыў ззаду па галаве. Лізагуб сунуў у грудзі...І раптам усё сціхла. Дзверы прыбіральні адчыніліся, і адтуль выйшаў настаўнік гімнастыкі, адстаўны афіцэр з маладых, падборысты і шыракагруды чалавек з дзіўным прозвішчам Крэст. Крэста большасць гімназістаў любіла, бо ён не задаваўся, не ўдаваў з сябе настаўніка, а паколькі спорт ледзь-ледзь пачынаў уваходзіць у моду і ніхто не лічыў яго за сур’ёзную дысцыпліну, а выкладчыка – за паўнацэннага, Крэст трымаўся з гімназістамі проста і роўна, хутчэй як не з вучнямі, а як з малодшымі сябрамі. Гэта выяўлялася шмат у чым. Між іншым, і ў тым, што ён ніколі не карыстаўся прыбіральняй для настаўнікаў.Усе адскочылі. Крэст стаяў, выціраючы вільготныя рукі хустачкай, і белазубая ўсмешка ляжала на яго ружовым абліччы.– Курыце ў прыбіральні, бэйбасы? – звярнуўся ён да Цялкоўскіх. – Усе кураць, халдзеі вы... Будзеце мець курыныя грудзі... Вось што.Усе, хто нападаў, апусцілі галовы. Толькі Алесь глядзеў проста ў вочы Крэсту. Бачыў, як плавала на самавітым абліччы настаўніка лагодная ўсмешка.– Прабачце, джэнтльмены, - сказаў Крэст, - я выпадкова чуў усё. Я не хацеў бы перашкаджаць вам. Іначай мне давялося б праседзець у прыбіральні да канца рэкрэацыі. Не звяртайце ўвагі.Пайшоў прэч. Потым прыхільна спыніўся каля Лізагуба. Добразычліва параіў:– Хіба так б’юць? Калі б’еш – бі ў жывот.Крэст завярнуў за рог, і вакол Алеся зноў завіравала. Ён раскідваў тых, што чапляліся за яго, як мог, атрымліваючы за кожны ўдар – чатыры. У грудзях свістала. І раптам мільгнуў перад вачыма Лізагуб, а потым у вачах успыхнула вострая цемра...Ігнацы скарыстаў параду.Трымаючыся за сонечнае спляценне, Алесь хістаўся на нагах і не мог дыхнуць. Усё вакол то цямнела, то святлела.Лізагуб стаяў перад ім і цадзіў праз зубы словы, якія таксама то знікалі, то даляталі аднекуль здалёк, то раптам жундзелі нібы ў самым вуху:– Слухай, ты, дзярмо... Ты, мужыцкая зязюля... Ты, бруднае беларускае быдла... Мы цябе для тваёй жа карысці трохі патопчам нагамі, павучым... А перад гэтым ты запомні мае словы... Кінь...Загорскага ўрэшце адпусціла. Яшчэ імгненне – і ён задыхнуўся б. Неймаверна салодкае паветра ўварвалася ў грудзі. Пачало святлець перад вачыма.– Юда! – з усхліпамі хапаў паветра Алесь. – Мразь!У вачах стала зусім светла. І тут Алесь убачыў за спіною ў Лізагуба, у дзвярах прыбіральні, светлавокага Сашку Волгіна. Волгін стаяў, папраўляючы рэмень, і глядзеў на тое, што рабілася, з неўразуменнем.– Ты слухай, - звягаў Лізагуб. – Запамінай. Ты запомніш, бо потым мы цябе... для памяці...– Зап-омню, - упершыню выдыхнуў Алесь. – За-помню.