Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

– Запомніш... Не вякай пра гэты свой “прыгон”... Не вякай пра гэтую сваю “Беларусь”... Ведай, хто цябе церпіць... Ведай, каму ты раб... Вялікай Польшчы, а не Маскве...Ярасць выбухнула раптам такім полымем, што ў Алеся збялелі вочы. Яна прыйшла нібыта з паветрам, якое ўдыхнуў ён і якім памылкова дыхала гэта дрэнь.– Сашка, - сказаў ён. – Што ж ты глядзіш?! Бі свалоту!Але ён не паспеў яшчэ крыкнуць да канца. Сашка нечакана ўзняў нагу і моцна, як страус, даў падэшвай у паясніцу Лізагубу. Нібы зламаўшыся, Ігнацы падаўся жыватом наперад, і тут Алесь, канчаткова ачуняўшы, ударыў Лізагуба пад ніжнюю шчэлепу.У далоні Гальяша Цялкоўскага бліснуў вялікі медны кружок: боўдзіла нацягваў на руку каўчукавы цяж накладкі. Не даючы яму апамятацца, Алесь даў Гальяшу правай у скронь, і той пакаціўся па падлозе.І тады астатнія з галёканнем рынулі на іх. Малацілі, хрыпелі, імкнуліся дарвацца бліжэй.Было зусім дрэнна. Хаця Алесь і Волгін стаялі спіной да муру. Алесь убачыў, як Корвід дубасіць Сашку. Убачыў, што вочы ва ўсіх шалёныя і што ў гарачцы могуць кагосьці і забіць.І тады ён схапіў плявацельніцу і – з маху – пусціў ёю ў акно. Шкло са звонам пасыпалася на двор. Сашка падскочыў бліжэй да акна і – у два пальцы – свіснуў разбойніцкім, чацвярным свістам.Над дваром, над пляцоўкай для лапты рэзка, як нож, праляцеў гімназічны кліч аб дапамозе.Унізе, на двары, а потым на сходах, нарадзіўся і стаў мацнець грукат соцень ног. Бліжэй. Бліжэй....Першае ўварвалася ў гулкі калідор, пабегла на гукі бойкі “Братэрства шыпшыны і чартапалоху”. Ляцеў, як апантаны, Мсціслаў:- Алеська! Братка! Сашка! Трымайцеся!Лупілі за ім, рука да рукі, Пятрок Ясюкевіч і Мацей Біскуповіч. Цяжка соваў за імі цельпукаваты Усяслаў Грыма.З маху ўдарылі ззаду. Алесь убачыў побач ясныя вочы Мсціслава. Мсціслаў раскідваў “арыстакратаў лёкайскай”... Грыма наскочыў на Дэмбавецкага, даў па шыі.- На аднаго?! На двух?!Калідор ужо грукатаў бегам, гулка выбухаў галасамі. Прыбеглі “мазунчыкі”, сябры Лізагуба з сёмага і шостага. Іх было шмат.Братэрства стала сценкай. Беглі і беглі новыя людзі. У калідоры стала цеснавата, і бойка на хвіліну сцішылася, як полымя, у якое паклалі зашмат дроў.– Сябры, што здарылася?– Панове, цо?..– Хто каго?Сашка скінуў з сябе Корвіда і адразу атрымаў па зубах ад Лізагуба. Крыкнуў:– Білі беларуса за тое, што беларус!!!Натоўп прасвідраваў худым жылаватым целам шасцікласнік Рафал Ржашэўскі. Выбіўся з месіва. Стаў. Зірнуў на Алеся ўтрапёна-спакойнымі сінімі вачыма.– Цябе?– І я таксама, - усміхнуўся праз распухлыя вусны Алесь. – Пацярпеў за ідэю вялікай Польшчы.Шчокі ў Рафала нібы высахлі. Ён абвёў вачыма суседніх людзей. Сінія вочы стрэліся з тытунёвымі вачыма Лізагуба.– Гэты, - нібы сцвердзіў Рафал. – Вядома. Хто ж яшчэ?І наблізіўся да графа.– Што ж ты нарабіў, смярдзючка?! – сказаў Рафал. – Халуй! Шкоднік!...Бойка выбухнула ў розных канцах калідора, які дрыжаў, нібы ў ім грымела кананада. Настаўнікі і наглядчыкі мітусіліся недзе ў канцы і не маглі прарвацца да тых, што біліся. Крэст спрабаваў нешта рабіць, хутка, як гарох, раскідаючы задніх, але паток юнакоў са сходаў і верхняга паверха плыў і плыў.Перад вачыма ў Алеся мільгалі твары. Ён, бы ў калейдаскопе, бачыў, як замахнуўся накладкай на яго, Алеся, Гальяш і як Мсціслаў перахапіў руку Цялкоўскага і ёю, з накладкай разам, мазануў ворага па носе... Потым дзіўны гук уразіў Алеся. Ён азірнуўся. Плакаў адной глоткай Пятрок Ясюкевіч. Горла юнака сутаргава пашыралася. І Алесь усім сэрцам зразумеў, што яны прысутнічаюць пры найвялікшым дзіве, калі табе здавалася, што ты і друг твой самотныя, а выявілася, што ўсе, большасць думала так, як вы, але маўчала, бо кожны лічыў, што ён адзін са сваімі смеху вартымі думкамі.