Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Мокры і салодкі вецер ляцеў у вокны.Увесь гэты дзень вялікі дом у Раўбічах аж віраваў у сумятні і калатэчы. Рыхтаваліся ехаць на баль у Загоршчыну. Падшывалі, прасавалі, мыліся. Ніткі аж свісталі ў руках швачак. Тлум сціхнуў толькі гадзіну назад.Міхаліна стаяла ля акна, паклаўшы рукі на падвоканне, нібы аддаўшы іх пяшчотным пацалункам свежага паветра.Гэта ўсё ж было шчасце. Шчасце першага “дарослага” балю, шчасце першай “дарослай” бальнай сукенкі, белай у амаль белым, толькі трохі блакітным карункавым чахле.І сорамна, і трошкі ганарліва было глядзець на аголеныя плечы і рукі, яшчэ тонкія, але ўжо не дзіцячыя, на бела-ружовую ружу ў попельных, з няўлоўным залацістым адценнем валасах.Яна не ведала, ці прыгожае гэта ўсё: матава-белы, з празрыстым глыбінным румянцам твар, рот – адным краёчкам трохі ўгору, бровы – доўгія і вычварна зламаныя, і таму трошкі ганарлівыя.Але яна бачыла сябе нібы новай, чужой, і гэтая чужая шаснаццацігадовая дзяўчына падабалася ёй.Вялізныя, цёмна-блакітныя, як марская вада, вочы глядзелі на яе з люстэрка насцярожана, дапытліва і шчасна.І гэта было такое шчасце, што яна засмяялася.А ў суседнім пакоі дурная нянька Тэкля раскатурхвала Наталю. Не магла пачакаць, пакуль паедуць.– Уставай... Устань, ласачка... Заснула, не памаліўшыся... Нельга спаць без малітвы...Наталя мармытала нешта і адпіхвала рукі старой. Божа мой, ну нашто гэта. Во дурная нянька. Дзеля малітвы будзіць дзіця. Нічога не скажаш, рэзон.– Трэба аці божачку сказаць... Іначай ваўчаня за бачок ухопіць.А бадай ты... Пільная патрэба ўзяла.– Ды я не хач-чу, - хныкала Наталя. – Я... спаць.– Чытай-чытай.Майка прыслухалася. Сонны галасок чытаў у суседнім пакоі:Среди ужасного тумана Скиталась дева по скалам.Кляня жестокого тирана, Хотела жизнь предать волнам.– Так-так, - ухваляла яе Тэкля.І зноў шапацеў сонны галасок:Теперь куда я покажуся,Родные прочь меня бегут.Нет, лучше в море погружуся,Пускай оно меня пожрет.Майка прыснула.– Усё, - з уздыхам сказала Наталя.І раптам добры жаль ахапіў Майчына сэрца. Яна хутка прайшла ў сястрын пакой. Наталя, заспаная і ружовая ад сну, торкала чарнявай галоўкай у падушку.Дзяўчына, адчуваючы нейкую вельмі блізкую, зусім не сястрынскую, шкадобу да Наталі, падышла да яе і ўзяла на рукі, зусім не баючыся, што самне сукенку. Наталка расплюшчыла чорныя вочы, ахапіла Майчыну шыю гарачымі танюткімі рукамі.– Майка, - сказала за спіной пані Эвеліна. – Зараз жа пакладзі. Самнеш сукенку.Наталя прытулілася мацней, як паратунку шукаючы. У Майкі сціснула сэрца:– Матулечка, возьмем Наталю, возьмем Стася... Загорскія крыўдуюць, калі не бяром...Цёмна-блакітныя вочы пані Эвеліны глядзелі на сёстраў. Потым усмешка кранула яе вусны:– Н-ну...– Едзем, едзем... Наталечка, едзем... – і Майка заскакала вокол маці....Выехалі ўсе разам, у дзедаўскай карэце-прорве, якую трымалі спецыяльна на такія выпадкі.Майка адчувала сябе дзіўна. Сэрца захлыналася ад чакання. Чаго яна чакала – яна не ведала і сама. Хутчэй за ўсё – беспрычыннага, маладога, такога вялікага, што аж сэрца спыняецца, шчасця.З Алесем яны мала бачыліся ўсе гэтыя гады. Разы два. Бо яна была ў інстытуце. Ён – у гімназіі. А ўлетку, калі ён жыў у Загоршчыне, бацька вазіў яе то на воды, то ў госці да цётак. За гады міжволі вырасла нейкая дзіўная адчужанасць. Чужым і чамусьці маладзейшым за яе здаваўся ёй суседскі хлапец, якому яна калісьці падарыла свой жалезны медальён.