Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

І ўсё ж яна чакала.У яе быў такі шчасны выгляд, што Яраш Раўбіч схіліўся да яе. Вочы без райка вінавата ўсміхнуліся.– Што з табою, доня?– Нічога, - ніякавата сказала яна. – Мне здаецца, павінна нешта здарыцца.– У цябе заўсёды павінна нешта здарыцца, - сказаў паважны Франс.А пан Раўбіч глядзеў на дзяцей і думаў, што Франс дарослы хлапец. Ды і Майка ўжо амаль дарослая паненка... Ён думаў і з пакутлівай усмешкай, нібы катаржнік свой ланцуг, круціў жалезны бранзалет з трыліснікам, коннікам і шыпшынай на капцы. Круціў вакол запясця рукі....Італьянскія аркады белага палаца, перакрэсленыя чорнымі факеламі таполяў, адкрыліся ў канцы алеі. Палалі суцэльныя вокны. Па крузе павольна пад’язджалі да сходаў карэты і брычкі. Плыў прыступкамі ўгору стракаты натоўп.Майка сышла на зямлю і, побач з Франсам, рушыла насустрач музыцы, святлу, духмянай цеплыні. Музыка спявала нешта весняе, такое мяккае і страснае, што слёзы прасіліся на вочы.На верхняй прыступцы стаяў Вежа з панам Юрыем і паняй Антанідай.– Раўбіч, - ціха сказаў ён. – Радасць, радасць мне... А ты чуў, што царок сказаў на прыёме маскоўскіх дваранскіх маршалкаў? Падняў палец:– “Существующий порядок владения душами не может остаться неизменным…” О! Як думаеш, радасць?Шыракаватае ў сківіцах аблічча Раўбіча загуляла жорсткімі мускуламі. Цень лёг у вачніцах.– Каб гэта ад шчырага сэрца – радасць была б. А так гэта, па-мойму, нешта накшталт прапановы Браніборскага. Гаворыць аб радасці, а ў самога шчэлепы, як у галаўня. Прагныя.– І я думаю, - іранічна ўсміхнуўся дзед. – У лібералізм гуляе. Як ягоны дзядзька. Ну і скончыць таксама... адпаведна... Гулі ўсё... Les merveilles gymnastiques .Вузкая, да смешнага маленькая ручка пані Антаніды кранула дзеда за локаць.– Бацька, тут дзеці.Дзед замаўчаў. Потым зірнуў на нявестку і даволі лагодна ўсміхнуўся. Ён вельмі памякчэў да нявесткі за гэтыя гады: быў удзячны за ўнука.– Пані Эвеліна, - усміхнуўся Юры, - радасць райская, што прыехалі... Франс, вы паважны, як магістр масонаў...А Стах... Не, глядзіце вы, які наш Стах... А ты, Наталечка, усё маладзееш. Што ж з табой далей будзе, алянятка?Смяяліся снежныя зубы.– І Майка, - нечакана сур’ёзна сказаў ён. – Вы сёння дзівосная, Майка... Алесь зараз прыйдзе. Ён пайшоў размясціць хлопцаў.Вежа глядзеў на Майку. – Ты! – спытаў ён. – Колькі ж гэта?– Шаснаццаць, - сказала пані Эвеліна.– Та-ак. Бадай што, цяпер ужо цябе не назавеш чорцікам...– Што дзіўнага, - сказаў Раўбіч. – Скончыла інстытут.Дзяцей адвялі ў іхнюю залу, у тую самую, дзе калісьці дзеці разбілі вазу. Майка ўспомніла: чарапок з хвастом сіняй рыбкі і дагэтуль ляжыць у скрыначцы.У зале лёкаі скрэблі васковыя свечкі на дубовыя цагліны падлогі. Дзеці потым, танцуючы, разнясуць усё нагамі. Будзе лепей, чым назнарок нацерці.Майцы адразу падумалася: “А нам цяпер сюды, у гэты пакой, ужо нельга. Мы цяпер дарослыя”.На хвіліну прыйшоў жаль. А потым зноў вярнулася радасць.Яна ўступала ў залу з тым самым пачуццём, што і раней. Бачыла, як ад дзвярэй глядзяць на яе вочы пана Юрыя і пані Антаніды. Глядзяць з нейкім асцярожным чаканнем. І ў сэрцы нарадзіўся неасэнсаваны пратэст: “Нашто яны так глядзяць на мяне?”Думка адразу ж знікла. Бо стракатая чародка людзей абкружыла яе.– Гэта хто? Бог мой! Ядзя! Ядзечка!Ядзечка стаяла ўсё такая самая, усё гэтак жа падобная на ляльку. Але яна была.. яна была ледзь не з Майку ростам. Тоненькая, зграбная...