Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

– Маюнька! Маюнька! – смяюцца сінія вочы.А потым пайшло. Чорны ўсмешлівы Янка і ягоныя рукі, што моцна сціскаюць яе далонькі.– Майка! Майка! – глядзіць у вочы, нібы не верыць. – Як мы рады! Як узрадуецца Алесь!– Табе добра, Янка?– Мне добра. Я цяпер сын, рачоны Ян Клейна. ...Куды гэта глядзіць паўз яе доўгі, такі “састарэлы” Янка?Міхаліна паглядзела туды, і ў той самы момант на хорах заспявалі скрыпкі. Нібы назнарок. І ад іхняга задуменнага спеву зноў глыбока ўпала сэрца.За пяць крокаў ад яе стаяў Алесь і дзіўна, нібы спалохана, нібы не пазнаў, глядзеў ёй у вочы.Яна таксама не адразу пазнала яго. Зусім дарослы. Выцягнуўся амаль з пана Юрыя і, відаць, будзе вышэйшы. І такі самы загарэлы. Аблічча аж аліўкавае, і на ім асабліва светлыя – аж свецяцца – цёмна-шэрыя шырокія вочы.Але чаму ён так разгубіўся, нібы ўбачыў дзіва? І што гэта ў ім такое новае?Ага, вочы сталі не такія мяккія. І ў постаці няма нічога ад медзведзяняці: стройная, гнуткая постаць.Алесь схіліўся і пацалаваў ёй руку.– Я вельмі ўзрадаваны, - голас чамусьці асекся. – Мы так даўно не бачыліся.– Вельмі даўно. І хаця б... адзін ліст.– Гэта вы, Ма... Міхаліна, не адказалі мне.– Я, па-ранейшаму, Майка.Паўза.– Сходзім да Вацлава. Я з Вежы. Ледзь паспеў пераапрануцца.У “зале разбітай вазы” Стась, Вацлаў і Наталя гулялі ў жмуркі. Вадзіў Вацак, і Алесь назнарок “спаймаўся” яму.– Спаймаў!– Не, брат, гэта я цябе спаймаў, - сказаў Алесь.І ўзняў Вацака высока-высока.– Алеська! Братка! – крыкнуў Вацак, боўтаючы нагамі ў паветры.– А паказаць табе, як барсук дзяцей гладзіць? – спытаў Алесь, прыціскаючы брата да грудзей.– Не-а, - малы закрыў галаву рукамі. – Супраць поўсці гладзіць будзеш. Дулі калупаць.– Ты ў мяне разумны, - засмяяўся Алесь.Майка заглядзелася на яго. Высокі, шырокі ў плячах, ён стаяў, трымаючы брата, як перайка.Наталя ціха падышла да Майкі і пацерлася шчакой аб яе далонь. Міхаліна прысела і, расчырванеўшыся, правяла носам па вачах сястры.Якраз у гэты момант Алесь, падхапіўшы на рукі яшчэ і Стася, зірнуў на дзяўчыну. Нешта разгубленае зноў мільганула ў ягоных зрэнках.– Ну, до ўжо, хлопчыкі, - глухавата сказаў ён. – До.– Алесь, - віскнуў спушчаны на подлогу Вацак. – А Наталя харошая. А Наталя казала, што яе не бралі, аж потым Майка ўзяла. Яна разумее, што мне без Стася і Наталі сумна. Яна харошая.– Вельмі харошая, - сказаў Алесь. – Гуляйце, хлопцы.Падвёў, падштурхнуў хлопцаў да Наталі, абняў усіх трох. І тут ягоная рука выпадкова дакранулася да Майчынай рукі.Майка раптам адчула: здарылася нешта нязнанае. Зірнула на Алеся і ўпэўнілася, што ён таксама адчуў, затрымаў на яе плячах і руках чужы позірк.Здарылася непапраўнае.А ў зале пяшчотна звінела музыка, клічучы іх да сяброў....Яны танцавалі разам вальс, і гэта была пакута. Даводзілася трымацца як надалей адзін ад аднаго. І ён стаў чужы. І яны сталі чужыя. І немагчыма было больш танцаваць разам. Таму, што ўсе глядзелі і ўсё-ўсё бачылі.Таму Міхаліна нават узрадавалася, калі перад мазуркай убачыла ля калоны двух сяброў. Яна не любіла Хаданскага, але тут ён здаўся ёй свойскім, дураслівым. Стаяў сабе, пакручваў залацісты чуб.Вось заўважыў яе, схіліўся да Мішкі Якубовіча і нешта шапянуў яму на вуха. Гусар засмяяўся, паказваючы белыя зубы. І відаць, што дурань, але прыемны дурань, таксама свойскі. І няма ў ім таго, што так яе палохае ў Алесевых вачах. Проста зух у бліскучай форме. Белазубы і дзёрзкі, шчодры п’янчук.