Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Калі Хаданскі перайшоў залу і запрасіў яе на мазурку, яна пайшла танцаваць, нават не зірнуўшы на Алеся. І яшчэ раз з Хаданскім. А потым з Якубовічам. А потым яшчэ з Хаданскім.Назнарок не глядзела на Алеся. Раз толькі выпадкова сутыкнулася з ім вачыма і ўбачыла суровыя вочы і няшчасны, глыбакасумны твар.Урэшце Алесь заўважыў, як яна непрыкметна выслізнула на тэрасу, і рашуча выйшаў за ёй.Над цёмным парканам трапяталі недзе далёкія зарніцы. У свежым ад дажджу паветры стаяў вільготны водар бэзу.Алесь прайшоў у самы канец тэрасы, куды не падала святло з акна, і там, ля парэнчаў, убачыў тонкую Майчыну постаць. Майка не павярнулася на крокі, а калі ён пазваў яе, коса ўскінула на яго дзікаватыя і нібы разгневаныя вочы.– Што з табой?– Так, - апусціла яна вейкі.– Ты робіш мне балюча. А я помню цябе.– Хіба?У адказ ён распусціў гальштук і пацягнуў з мускулістай і стройнай шыі ланцужок.– Вось твой медальён.Разам з жалезным ланцужком пацягнуўся і залаты. Ён быў прывязаны да жалезнага ланцужка. Калі Загорскі ўзяў Майчын медальён на далонь, залаты саслізнуў з далоні і захістаўся ў паветры, звісаючы між вялікім і ўказальным пальцамі.Амулет старога дзьмутага золата, цьмяны і зіхоткі. А на ім Коннік з дзіцячым, нібы апухлым, тварам бароніць Авечку ад Льва, Змія і Арла.– Усё як раней, - сказаў Алесь. – Высакароднае жалеза, а ў ім пасма тваіх валасоў і надпіс па-беларуску... Твой... Першы... Ты помніш вярбу?– Не, - сказала яна раптоўна нейкім жорсткім, нібы не сваім, голасам. – Не ўсё, як раней.У першую хвіліну яна бадай што ўзрадавалася, а потым у радасць пракраўся боль. Яна сама не ведала, што з ёю.– У цябе яшчэ адзін, - сказала яна. – Чыстае наша жалеза змяняў на золата.Ёй чамусьці хацелася яшчэ раз уразіць яго. Яна не магла іначай, так з ім было цяпер няпроста.– Вядома, - сказала яна, - хто ж будзе трымацца звычайнага жалеза? Каму яно цяпер патрэбна?– Я...– Не трэба мне твайго “я”. Барані сваю Авечку, якая першаму-лепшаму дорыць трохсотгадовыя фамільныя медальёны.– Міхаліна, - сказаў ён, - калі ты будзеш так...Яна не адказала. Крутнулася. Пайшла тэрасай. Усё хутчэй і хутчэй. Ноч і святло з акон, чаргуючыся, беглі на танюткай постаці.І пачаўся здзек....Гулялі ў загадкі. Вяла Майка. Той, хто адгадае, меў права пацалаваць тую паненку, якая загадвала. Франс Раўбіч і ненатуральна ажыўлены Мсціслаў так і сачылі за вуснамі Ядзечкі, калі надыходзіла яе чарга.– Ядвінька пытае, што расце без кораня, а людзі не бачаць.Маўчанне.– А галоўныя ворагі – слімак і порах, - дадала Міхаліна.Франс і Мсціслаў аж нагамі капалі. Алесь даўно здагадаўся, але не хацеў перашкаджаць ім.Майка залілася смехам. Ён гучаў весела і трохі здзекліва, асабліва пасля таго, як яна зірнула на Алеся.– Панове, - сказала Майка, - што ж вы, панове? Некаторыя амаль скончылі гімназію.Гледзячы ёй у вочы, Алесь нядбайна кінуў:– Камень. Камень расце без кораня. Порах разбівае яго звонку, камень слімак точыць знутры.Ядзечка працягнула яму вусны. Маладым людзям накрылі галовы вэлюмам. Зайграла на хорах скрыпка. І ў снежным паўзмроку Алесь убачыў, як апусціліся веі колішняй лялькі, і зразумеў, што ён не абыякавы для яе.Калі вэлюм з шолахам споўз з іхніх галоў, Алесь заўважыў насцярожаныя вочы Франса, сумна-ўсмешлівы позірк Мсціслава і яшчэ вусны Міхаліны. Куточак Майчынага рота прыўзняўся вышэй, чым звычайна.Алесь зірнуў у вочы Мсціславу і павольна апусціў павекі на знак таго, што ён усё зразумеў.