Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

– Загадка пра чалавека, - сказала Майка. – Задаю я.Загорскі бачыў звужаныя, чымсьці нядобрыя вочы.– Божанькаў лянок, - сказала Майка, з ходу вяжучы слоўную вязь, - звіў з ланцужком ланцужок. Змяняў жалеза на золата. Залатой шабляй хоча невядомую авечку бараніць.Гэта было глупства. Няскладнае, нядобрае. Ніхто, канечне, нічога не зразумеў і не мог адгадаць.– Гм, - сказаў Мішка Якубовіч, смеючыся чорнымі вачыма. – Божанькаў лянок – гэта, вядома ж, я.Зарагатаў:– І жалеза на золата я змяняў, узяўшы на год водпуск. І авечак ад мяне бараніць трэба.Алесь глядзеў проста ў Майчыны вочы.– Я, - сказаў ён. – Тлумачыць не буду, але я. Спадзяюся, панна Раўбіч не адмовіцца, калі ў сэрцах зямных дзяўчат засталася іскра шчырасці....На іхнія галовы накінулі вэлюм. Вежа здалёк глядзеў на ўсю гэтую гісторыю аж вельмі няўхвальна.Алесевы вочы глядзелі ў Майчыны вочы. Між імі лёгка мог бы стаць трэці, так далёка стаяў Алесь.– Дзякуй вам, Міхаліна Яраслаўна, - ціха сказаў Алесь. – Не бойцеся. Я проста скарыстаў апошнюю магчымасць застацца ўдвох. І потым, я ж павінен быў адгадаць. Проста каб вы ведалі, што я нічога не баюся і ні аб чым не шкадую.– За што дзякуй? – ціха спытала яна.– За сумленнасць. За тое, што нікога не пусцілі ў нашу дзіцячую таямніцу.Убачыў разгубленыя вочы і скінуў з галавы вэлюм. Усе, напэўна, глядзелі з непаразуменнем на дзве постаці, што так і не варухнуліся пад флёрам. Ну і няхай.Вэлюм споўз на падлогу. Алесь падышоў да Мнішкавай Анэлі і схіліў галаву. І, нібы ў адказ, з гонарам і павагай схіліў ля сценкі галаву стары Вежа....Усю астачу вечара яны танцавалі паасобку.Спачатку Майку душыў гнеў і глыбокая крыўда.Але потым яна ўспомніла, што сама дамаглася гэтага, успомніла той страх, які адчувала, калі Загорскі быў побач, успомніла, з якой радасцю, як збавенне ад смерці, адчула яна запрашэнне Якубовіча. І тады яна павесялела.Вечар быў кароткі. Яна сто разоў да гэтага сніла яго ў сне. Сніла гэты баль, і музыку, і зарніцы за вокнамі, і нясцерпнае шчасце ад танцаў і ўласнай маладосці. Усяму гэтаму немагчыма было ставіць мяжы. А Загорскі быў такой мяжою. Няхай прывабнай, але і страшнай у сваёй безагаворачнасці.Яна танцавала, і ёй хацелася танцаваць, як часам хочацца спаць у сне. І таму, калі раптам танцы скончыліся, калі запрасілі на вячэру, слёзы з’явіліся на Майчыных вачах. Так не хацелася гэтай непатрэбнай вячэры, так не хацелася траціць часу.За вячэрай ап’яненне прайшло. Яна заўважыла, што Алесь так і не прыйшоў, не сеў за сталы.Да канца вячэры знікла з-за стала Ядзечка. А потым непрыкметна, нібы іх і зусім не было, здолелі ўцячы Мсціслаў і Франс.Мішка Якубовіч сядзеў насупраць, жартаваў, выскаляў белыя зубы. Чорныя вочы нахабна і дзёрзка смяяліся. І раптам Майка адчула, як нараджаецца недзе ў душы трывога. Яна не ведала, адкуль яна, трывога. Здавалася толькі, што губляеш нешта важлівае. Урэшце яна не вытрымала і, пад умольным позіркам вачэй маладога Іллі Хаданскага, паднялася з месца і пакінула застолле.Выйшла на тэрасу – нікога. Абложаны хмарамі, нібы ў мяшку, глуха стаяў загоршчынскі парк. Зарніцы сталі ярчэйшыя. Яны шугалі і шугалі. Гэта, напэўна, ад іх рабілася нясцерпнай трывога.Майка абмінала палац. Злёгку храбусцеў пад нагамі жвір.Ад пляцоўкі з арэлямі даляцеў голас Ядзечкі:– Алеська! Дзе гэта ты знік? Хадзі да нас. Мы гайдаемся.– Ну і добра, - сказаў Алесь. – Чаго гэта вы, як маленькія, з балю ды на арэлі? Сукенку памнеш.