Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

– Алесік, даражэнькі, глядзі, якая ноч! Якія зарніцы! Толькі і гайдацца.Зарыпелі ў цішыні канаты: відаць, Алесь моцна налёг нагамі на дошку арэляў.Майка падышла зусім блізка. У гэты момант успыхнула зарніца, і дзяўчына ўбачыла Алеся, які ўзносіўся галавою проста ва ўспышку.Ён, здавалася, быў вышэйшы за дрэвы, вышэйшы за слупы арэляў, вышэйшы за ўсё на зямлі.Зноў успышка. І зноў ён высока. Ён адзін, бо Франс за ягонай спіною: відаць, уставаў на ніжняй кропцы плёту, штурхаючы чоўнік.– Алесь! Алесь! Ну, ты проста як архангел! І галава ў хмарах! – крычаў Ядвіньчын голас.– Архангел з рожкамі і хвосцікам, – смяшліва сказаў Мсціслаў.Майка аперлася далонню на ствол ліпы. Сэрца ў яе падала ад адчування непапраўнасці таго, што сёння здарылася...Зарніца рассекла цемру, і ў палахліва-яркім святле Майка ўбачыла, як аднекуль, з зарыва, падаў проста на яе чалавек з распрасцёртымі рукамі, пагрозліва цёмнымі вачніцамі і валасамі, што стаялі дыбарам над галавой.– Глядзіце, - рыпенне ўплялося ў словы Франса: юнак, відаць, налёг на гальму, - Майка тут. Майка прыйшла.– Сядзіш ты тут, Ядвінька, як квяціна ў крапіве, - сказала Майка.– Гэта хто крапіва? Мы? – з пагрозай спытаў Франс.Майка разумела, што ім з Мсціславам дрэнна. З неасэнсаванай варожасцю і за сябе, і за брата, і за Маеўскага яна адчувала, што Ядзечка дорага дала б, каб быць на арэлях удваіх з Алесем, што яна цягнецца да яго. А брату дрэнна. І Мсціславу з ягонымі сонечнымі вачыма – дрэнна. Ёй здавалася, што яна пакутуе галоўным чынам за іх.І яшчэ яна ведала, што Мсціслаў даруе Алесю ненаўмысную крыўду. Проста таму, што любіць яго непарушнай братняй любоўю, таму, што ім, пастрыжным братам, ніколі нельга сварыцца. А Франс не даруе ніколі. І гэтая насцярожанасць можа пашкодзіць ёй як нішто.– Злазь, Франс, - сказала яна. – Саступі мне, калі ласка.– А я куды?– Перайдзі да... Мсціслава.Чырвоны сполах пракаціўся над пляцоўкай, і яна убачыла, што Алесь глядзіць на яе.– Я злезу, - сказаў ён. – Гойдаць будзе Франс.Ад скачка пад яго нагамі рыпнуў жвір.– Вырашылі ўцячы? – амаль шэптам спытала яна. – Годны ўчынак. Спалохаліся маіх досціпаў?– Не, Міхаліна... – таксама шэптам адказаў ён. – Проста...І, падсадзіўшы яе, пайшоў прэч....Праз гадзіну яна стаяла ў тым самым цёмным кутку тэрасы і глядзела ў парк. Дождж злёгку спырснуў траву і кветкі, краем зачапіўшы Загоршчыну. Сполахі шугалі цяпер недзе далёка-далёка.Пані Антаніда заўважыла Майку ля парэнчаў і падышла да яе.– Ну што? Што з табой, дзяўчынка?У Майкі перахапіла горла ад нечаканай пяшчоты гэтай жанчыны.– Не ведаю... Але мне нешта так цяжка! Я такая няшчасная!– Я разумею... Разумею... – і пяшчотна-тонкая рука яе лягла на Майчыну руку.– Гэтага не трэба рабіць, дзяўчынка. У гэтым няма праўды... І ты нічога, нічога не зробіш...– Чаму не зраблю? – з ноткай пратэсту спытала яна.– Так... Такі ўжо закон, - і, усміхнуўшыся вінаватай усмешкай, пайшла.... Майка ішла праз залу ў пакоі, сама не ведаючы, куды яна ідзе. Ля самага выхаду ў зімнюю лоджыю насустрач ёй трапіліся бацька і пан Юры. Пан Юры толькі ўсміхнуўся ёй.– Малітва дзевы, - весела сказаў ён. – Вышэй галаву, панна Міхаліна.Бацька адстаў ад яго і, дачакаўшыся, пакуль пан Юры аддаліцца, ціха сказаў дачцэ:– Мы з ім трохі выпілі ў буфетнай... Яму непрыемна... Хаця ён і не кажа.– Ах, бацька, што да гэтага мне? – нечакана страсна сказала яна.