Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

І працягнуў ланцужок:– Вазьмі.Яна раптам зрабіла яшчэ адзін крок. Бязвольна і пакорліва ўпала галавою на ягоныя грудзі. Ён стаяў, працягнуўшы рукі ўздоўжз тулава.– Алесь, - сказала яна. – Алесь...Была ноч і вярба. Быў усход. А потым было сонца.І, калі яно ўзнялося над дрэвамі, ад круглых лістоў вадзяных гарлачыкаў ляглі на дно цені.І цені белых вадзяных лілей на дне става былі, як заўсёды, чамусьці не круглыя, а нагадвалі разарваныя пальмавыя лісты.

ХХХІІЛета было летам шчасця. Не разумеючы яшчэ да канца, што такое каханне, Алесь ведаў, што яго кахаюць і ён сам кахае. Майка часта бывала ў Загоршчыне і была такая ласкавая, такая добрая з ім, як добрае лета, што стаяла вакол.Бываў ён у Раўбічах. І там таксама ўсе любілі яго. Нават Франс супакоіўся. Асабліва пасля таго, як упэўніўся, што Алесь ні ў чым яму не пагражае, а Ядзечка, хаця і сумуе, усё ж мірыцца з новым становішчам і ставіцца да Франса памяркоўна і мякка, бо ён харошы хлопец і ёй добра з ім.Мсціслаў месяца паўтара жыў у Алеся. Таму ўсім было весела. Ездзілі ўсім хаўрусам і да Кагутоў, і да Клейнаў, і да Мнішкаў. Паўсюль было весела.А ў Раўбічах асабліва. Таму што Вацлаў і Стась пасябравалі, выкідвалі, разам з Наталяй, розныя дурыкі.Да таго ўсё было добра, што нават Майчына нянька, старая Тэкля, палюбіла Алеся і, калі чула, што ён павінен прыехаць, буркатала:– Во і сонейка маё прыедзе. Бог таму дасць, хто яго любіць. А хто такому дачку аддасць – таму бог дасць удвая.Бывалі і ў дзеда, і там было лягчэй за ўсё. Вежа не перашкаджаў нічым. Хіба што трохі іранізаваў над маладымі людзьмі. І здзіўляўся сам сабе. Чаго гэта ён, стары сугней, якому пакутай было бачыць людзей, аніяк не пакутуе з той прычыны, што дом поўны моладзі, што паўсюль гучаць галасы, песні, смех, што нельга сесці ва ўлюбёнае крэсла, не сеўшы пры гэтым на партабак Франса, нельга зайсці ў галерэю, каб не перашкодзіць юнакам, якія наладзілі там танцы. Дзіўна, гэта аніяк яму не перашкаджала. Наадварот, нават падабалася.Пакутаваў спачатку адзін Мсціслаў. Гэтаму, нават пры ягонай легкаважнасці, даводзілася дрэнна. Падабаецца табе дзяўчына, а ёй падабаецца твой лепшы сябра. Гэта яшчэ няхай! З сябрам, тым больш пастрыжным братам, біцца не палезеш. Але пастрыжны брат адступіўся. Дык што б вы думалі? Знайшла другога сябра. Каго хочаце, абы не яго.Ён быў лёгкі чалавек, але такой ганьбы нават для яго было занадта. Таму хлопец крута змяніў сваё жыццё. Замест весялосці і танцаў браў сабаку і ішоў з ім у палі. Блукаў там, поўны меланхоліі, вёў размовы з сабакам, чытаў сентыментальныя раманы, якія яму зусім не падабаліся. Паспрабаваў нават пісаць вершы, поўныя тугі і сардэчных уздыханняў. Уздыханняў было шмат, рыфмаў – трохі меней, складу і мілагучнасці – зусім мала. Плюнуў.Скончылася гэта зусім нечакана. Рытуал патрабаваў, каб закаханы наведаў тыя месцы, дзе ён бываў шчаслівы. Мсціслаў меў такіх месцаў няшмат, асабліва ў Азярышчы, куды сябры прыехалі наведаць Кагутоў. Маеўскі пайшоў да вялізнай адрыны, дзе калісьці ён і Алесь лазілі па сене, точачы ў ім хады між стогам і латамі страхі.Прыйшоў туды і ўбачыў там дзевак, што якраз тапталі сена. Дзеўкі заўважылі хлопца і ўзрадаваліся магчымасці падурэць.– Паніч прыйшоў! Вой, ды які ж харошанькі!Дзеўкі спаймалі яго, пакацілі па сене і скончылі тым, што напхалі яму мурагу між целам і вопраткай. Ганьба была страшэнная. Дзеўкі!.. Мужчыну!.. Калі яны пусцілі яго, Мсціслаў выглядаў так, нібы яго надзьмулі.