Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Бараніла яго толькі дзевяцігадовая Янька Кагут. Крычала на дзевак, штурхала іх як магла і цягнула за ногі. Гаравала, што напалі на аднаго.Мсціслаў вызваліўся як мог ад сена, а потым стаў нападаць на дзевак па адной. Раскідваў і валяў іх, як коз. Падстаўляў ножку, скідаў са стога і не даваўся, каб зноў схапілі.Урэшце зразумеў, што ўсё адно спаймаюць, і разам з Янькай уцёк дамоў. З таго часу хадзіў з ёю і на рыбу, і па маліны, і “глядзець ласёў”. Жартам называў “нявестай”.– А што? На восем год маладзейшая. Скончу вось універсітэт – ажанюся. Я дваранін, з невялікіх, яна – вольная сялянка. Рамантыка! Карамзін!Рабіў выгляд, што падыходзіць да хаціны. Скідаў шапку:– Здравствуй, добрая старушка. Чувствительное сердце твое не может отказать стрелку. Ибо и старые поселянки любить умеют, под сению дерев пляша. Не можешь ли ты дать мне стакан горячего молока?Усе рагаталі. А ён з таго часу пакінуў гуляць у расчараванага каханка.У жніўні Алеся і Вацлава запрасілі ў Раўбічы.Пан Яраш сустрэў іх ветліва і цёпла, але дзіўна. Алесю адразу здалося, што Раўбіч быў бы куды больш узрадаваны, каб яны прыехалі праз дзень або паслязаўтра. Нешта такое было ў ягонай усмешцы, у залішняй гасціннасці, у тым, што ён, здаецца, не ведаў, куды яму падзець вочы.Таму Загорскі адразу папрасіў дазволу пакінуць Вацака з Наталяй і Стасем, а самому ўзяць Майку і паехаць з ёй вярхі. Да вечара. Ён казаў гэта, не зводзячы позірку з вачэй пана Яраша. І ён упэўніўся ў тым, што яму сапраўды лепей знікнуць адсюль да самай ночы. І Майцы – таксама. Таму што пан Яраш зусім няўлоўна для старонняга вока, але ўзрадаваўся.– Магчыма, мы заедзем да Басак-Яроцкага, – не адводзячы вачэй, сказаў Алесь. – Тады ён, вядома, не адпусціць нас.– Не, сынок, – сказаў пан Яраш, – гэтага не трэба. Вядома, калі вы захочаце астацца ў пана Яроцкага, тады справа іншая. Думаю, у яго можа быць цікава, тым болей што ні Міхаліна, ні ты там яшчэ не былі. Але толькі ў тым выпадку, калі вам сапраўды захочацца там астацца.– Добра, – сказаў Алесь. – Мы астанемся, толькі калі заедзем туды.Пан Яраш першы адвёў вочы. Яму на хвіліну стала страшна ад недзіцячай пранікласці хлопца.– Добра, – сказаў ён, – я дам Майцы загад збірацца. Пачакаем, пакуль тое, на стайні.У тыя часы на Прыдняпроўі ў багатых дзедзіцаў заўсёды існавалі пры стайні, манежы, праварыне і бегавых дарожках – словам, пры ўсім, што складала конскі завод – некалькі пакояў, штосьці накшталт мужчынскага клуба.Там заўсёды былі канапы, каб госці маглі адпачыць. Госці ацэньвалі коней, спрачаліся, мянялі і куплялі, заключалі пагадненні, пілі каву, закусвалі.У пакоі, куды Раўбіч прывёў Алеся, стаяла вялізная турэцкая сафа, стол з бутэлькамі і закускай і некалькі крэслаў.Алесь зайшоў і адразу страшэнна здзівіўся: у крэсле за сталом сядзеў чалавек, якога яму менш за ўсё хацелася бачыць і якога ён менш за ўсё спадзяваўся сустрэць тут. Слаба загарэлы, з празрыста-ружовым румянцам на тугіх шчоках, пан Мусатаў сядзеў за сталом і папіваў ледзяную ваду з лімонным сокам.Вузкія, зеленаватыя, як у рысі, вочы пільна і весела глядзелі на княжыча. Учэпістыя, прыхавана-нервовыя рукі сціскалі сплюшчанымі на канцах, як долата, пальцамі вузкую шклянку, усю запацела-дымную, у пацерачках кропель.– Што такое, пане Аляксандр? – спытаў Мусатаў. – Вы не чакалі бачыць мяне тут?– Чаму не, – сказаў Алесь. – Кожны мужчына можа прыехаць на стайню да пана Раўбіча.