Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Выйшла падобна на поўху, і Алесь пашкадаваў аб гэтым, убачыўшы Раўбічавы вочы.– Яны, відаць, таксама не чакалі, – усміхнуўся ружовымі вуснамі жандар.Алесь азірнуўся і ўбачыў пана Мнішака і Юлляна Раткевіча, таго самага прадстаўніка малодшага роду, які некалі на дваранскай зборні падаў запіску аб неабходнасці вызвалення сялян. Нервовае жаўтаватае аблічча Раткевіча было стрымана-злоснае.– Я прасіў бы вас не жартаваць так, – спакойна сказаў Раўбіч. – Я, урэшце, сам запрасіў вас да сябе.– Прабачце, – сказаў Мусатаў. – Я прыехаў не ўчора і не заўтра, як вы мяне запрашалі, а сёння. Самі ведаеце, справы... Але я ад усёй душы ўдзячны вам за лаяльнасць і за пастаянную гатоўнасць памагаць уладам.– Не варта падзякі. Урэшце, каму як не нам клапаціцца аб парадку ў наваколлі.Алесь ужо нічога не слухаў. Бо за спінамі Мнішака і Раткевіча ён раптам убачыў маладжавы і наіўны твар... пана Выбіцкага, загоршчынскага аконама. Выбіцкі хаваў вінаватыя вочы і выглядаў ніякава, нібы спайманы на чымсьці. І гэта было зразумела, таму што яму не належала тут быць, таму што ніхто – ад пана Юрыя і Алеся і да апошняга мужыка – не думаў, што ён тут. Таму што яшчэ ўчора пан Адам Выбіцкі на дзень адпрасіўся ў пана Юрыя, каб з’ездзіць па пакупкі ў Сухадол.Недалёка ж ён ад’ехаў ад Загоршчыны.Варта было б здзівіцца гэтаму, але, урэшце, гэта была ягоная справа...Да таго ж тут сядзеў халуй, сышчык, якога нельга было дапускаць у справы сваіх людзей. Дзеля нейкай мэты Раўбіч запрасіў яго сюды, вызваліўшы для сябе адзін дзень. “Учора” або “заўтра”. Дрэнна ж Раўбіч яго ведаў. Такі заўсёды з’явіцца тады, калі яго не чакаюць, менавіта “сёння”. “Сёння”, а не “ўчора” ці “заўтра”.Алеся не абыходзілі справы пана Раўбіча. Але ён бачыў, што Мусатаў з цікавасцю назірае за сустрэчай аконама і маладога гаспадара. Пільныя зеленаватыя вочы глядзелі з іранічнай дапытлівасцю.Загорскі дастаў з кішэні пулярэс і пачаў корпацца ў ім.– Добры дзень, пан Адам, – неахвотна, нібы злуючыся на аконама, сказаў ён і дастаў з пулярэса сто рублёў.– Дзень добры, пане Алесь, – адказаў Выбіцкі.– Бацька вельмі нездаволены вамі, – сказаў Алесь і ўбачыў, як спалохана здрыгануліся веі аконама.– Ён лічыць, што вы маглі б правесці справу хутчэй... Вазьміце вось.Рука Выбіцкага непаразумела ўзяла грошы.– Вы затрымаліся на лішні дзень і за гэты дзень не маглі дабіцца нават дробязнай скідкі. Вы ведалі, што без Шаха нашаму заводу – зарэз, і нічога не дамагліся. З вашай літасці мы пераплачваем пану Раўбічу сто рублёў на гэтым жарабцы.Выбіцкі, нарэшце, зразумеў. Настолькі зразумеў, што нават “абурыўся”.– Вы яшчэ малады, князь, каб чытаць мне натацыі.– Малады я або не – не вам меркаваць. Я – гаспадар і разам з бацькам плачу вам грошы... Мяркую, дарэмна плачу.– Прабачце, княжа, – спалохана сказаў аконам.Мусатаў адвярнуўся, відавочна страціўшы ўсякую цікавасць да зборні.– Вось так, – сказаў Алесь.Ён зірнуў на Раўбіча і вырашыў ушпіліць трохі і яму за тое, што вось даводзіцца ехаць вярхі ў блізкі свет.– А вы, пан Яраш, дзейнічаеце зусім не па-суседску. Карыстаецеся нашай пільнай патрэбай і таргуецеся, нібы мы чужыя людзі. Не скінуць нейкай там сотні!– Сабе даражэй, – зніякавеў Раўбіч.– Справа тут у прынцыпе. Адносіны не могуць быць добрасуседскія, калі сусед не саступае суседу.Раўбічавы вочы няўлоўна смяяліся.