Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

– Ну до ўжо, до, – сказаў ён. – Мы тут без вас паразумеліся з панам Выбіцкім. Шах адправіцца ў Загоршчыну адразу ж. Я адмовіўся ад прыбаўкі. І... ведаеце што, даруйце яму.– Ды я і сам не хацеў бы, – сказаў Алесь. – Я ж ведаю яго непадкупную сумленнасць. Ведаю, што ён не стане займацца нічым, акрамя спраў гаспадара. Проста крыўдна было.Жандар цяпер ужо зусім не слухаў. Наадварот, сам завёў спрэчку з Раткевічам. Ён вёрз нешта такое, што можна было прачытаць у кожнай правай газеце.Алесь адчуваў, што самая прысутнасць гэтага чалавека тут, у Раўбіча, абражае веліч ягонага пачуцця да Майкі і самае паветра любага дома.– Я прасіў пана Мусатава аб дапамозе, – сказаў Раўбіч. – Проста чорт ведае што. У маёй Хаданоўскай пушчы нейкія падазроныя людзі. Ёсць высечкі. Днямі аб’ездчык бачыў ля вогнішча ўзброеных людзей.– Зробім, – сказаў Мусатаў. – Трэба звязацца з земскай паліцыяй. Ну і, канечне, вы самі павінны памагчы людзьмі.Ён канчаткова супакоіўся. А Загорскі глядзеў на Раўбіча і, сам не ведаючы чаму, адчуваў, што той гаворыць няпраўду.“Проста запрасіў гэтага блакітнага сышчыка, – думаў Алесь, – запрасіў, адцягваючы ўвагу ад чагосьці. Не чакаў, што прыедзе менавіта сёння. Перастараўся, пане Яраш. Гэтак гуляючы, можна і галаву зламіць”.І раптам гарэзлівая думка прыйшла яму ў галаву. Уласна кажучы, нічога не каштавала вытурыць адсюль Мусатава, прычым так, што ён і не здагадаецца. “Не выпендзам, але бардзо проша”. Хай сабе пабегае. А між тым паветра ў Раўбічах адразу стане чысцейшае.– Па-мойму, вы не туды глядзіце, пан Раўбіч, – сказаў Алесь.– Што-небудзь ведаеце? – спытаў Мусатаў.– Нічога не ведаю, – сказаў Алесь. – Але страху сёння нацярпеўся. Шчасце, што пісталет быў у хусце, то я недвухсэнсоўна высунуў яго, каб рукаяць тырчала. Мяркую, толькі таму і абышлося. А іначай мог бы і галавою налажыць. Ва ўсякім разе, грошы аддаў бы не Выбіцкаму, а іншаму...– Хто іншы?– Еду сюды. Толькі праехаў камень Выдравай грэблі – ну, яшчэ там, дзе лес ля самай дарогі, – перасякае дарогу чалавек на вараным кані. Стаў на ўзбочыне і глядзіць. Ды пільна так, нядобра. Вочы сінія, бязлітасныя. З сакваў пісталеты тырчаць. Пастаяў, усміхнуўся на мой дэрмаш з пісталетам, пасварыўся пальцам і знік у напрамку да Дняпра... Пайшоў, відаць, у Кортаўскі лясны востраў.– Чаму мяркуеце так?– А таму. Ля Кортава адзіны на ўсю тую паваротку Дняпра брод. Зручна. Калі перапраўляцца ды ў Янаву пушчу ісці, то толькі там. А калі ўдзень перапраўляцца не рызыкне, то і ў Кортаўскім востраве перасядзець можна.– Аблічча не запамяталі?– Чаму ж не, – Алесь біў на тое, што Мусатаў анічога не ведае пра дзве сустрэчы яго з Войнам. – Нос гарбаты. Аблічча загарэлае такое, як гарчыца. Я чаму і падумаў, што падазроны, што нельга звычайнаму чалавеку, які пад дахам сядзіць, ну вось хаця б вам, пане Мусатаў, так загарэць. Адразу відаць, што не сядзіць, а цэлымі днямі пад сонцам гойсае... Што яшчэ? Ага, валасы чорныя і нібы хто ў іх павуціннем сыпануў. Усе сівізною перавітыя...Мусатаў збялеў.– Вось якія справы. Калі ўжо шарпаць, то не ў Хаданоўскай пушчы, а ў Янавай. Ды і Кортаўскі востраў памацаць не шкодзіла б.Устаў і пайшоў з пакояў. Раўбіч, счакаўшы трохі, выйшаў за ім.– Здорава гэта ў цябе палучаецца, – сказаў ён. – Выручыў... Зарэзаў ты мяне без нажа!.. Шаха цяпер адсылай... І брэшаш ты ўсё на сваю карысць.– А хто на чужую карысць брэша? – сказаў Алесь.