Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

– Т-так.– Нічога, дзядзька, заплацім.Вочы пана Яраша з раптоўнай пяшчотай зірнулі на юнака.– Хочаш – заставайся, – з нечаканым парывам сказаў ён. – Не ездзі.– Не, – сказаў Алесь, – вярхі ездзіць лепей, чым тут сядзець. З Міхалінай гаварыць лепей, чым з уласным аконамам.– Горды, – сказаў Раўбіч, – так і не даруеш?– За што? У вас свае справы, у мяне – свае.Калі Майка і Алесь выйшлі на конны двор, з-за ягонай брамы даляцеў да іхніх вушэй дзікі пошчак капытоў. Апалон Мусатаў не вытрымаў Алесевай весткі, а на гэта і разлічваў юнак.Жандар выехаў з двара назнарок павольна, трымаючы гонар, нібы яго аніяк не ўсхвалявала чутка аб з’яўленні Войны. Але на доўгі час вытрымкі ў яго не хапіла, і ён прыўдарыў так, што толькі пыл закурэў пад капытамі каня. Што ўжо што, а ў смеласці жандару нельга было адмовіць.Яны ехалі пустымі раўбічаўскімі ржышчамі, і Алесь вучыў Міхаліну ездзіць ”па-сапраўднаму”.– Ты сядзі ў сядле толькі ў час конскай хады. Калі конь ідзе рысссю ці наўскапыта – ты ўставай у страмёнах і хіліся наперад. Галоп будзе роўны, чалавек не будзе скакаць у сядле. Гожасць у такога палёту дзівосная, зручнасць – выключная. Ну, пагналі.Вырашылі ехаць да загорскага замчышча, а адтуль у лес. Майка настаяла, хаця Алесь і лічыў, што гэта далёка. Але ёй хацелася туды, бо гэта была дарога шчасця, і руіны, і дно той крыніцы, у якую яны, дзеці, заглянулі калісь.– Кастусь табе нічога не піша?– Прыслаў нядаўна ліст... Ён са мною.– Кастусь спадабаўся мне, – сказала Майка, – ён харошы і вельмі сумленны. Лепшы твой набытак за ўсё жыццё, калі не лічыць Мсціслава.– Ну і цябе, канечне, – засмяяўся Алесь.– Сакрэтаў у лісце няма?– Няма.Алесь дастаў з пулярэса ліст, спісаны роўным дробным почыркам друга.– Прыгожа піша, – сказала Майка.– Галоўнае, разумна піша. Вось, слухай... “Дарагі Алесь! Уяві сабе, што я пішу ўжо не з Масквы, а з Пецярбурга, якога калісьці так не любіў і ў якім не хацеў жыць. Але зрабіць нічога было нельга. Брат Віктар з Маскоўскага універсітэта звольніўся, а мы вымушаны трымацца адзін за аднаго. Ён слабейшы фізічна, я – бяднейшы. Без абаетнай дапамогі прападзем, як рудыя мышы.

Словам, я “звязаў кілбасу”, абышоў і назад вярнуўся, і столькі лішняй дарогі зрабіў. Але не шкадую. Не шкадую і Масквы, бо яна – дзівосная. Не шкадую цяпер і Пецярбурга, бо тут жыццё, як вір, і нашмат болей цікавых і нашых людзей. Канечне, нагляд стражэйшы і да “брамы пад архангелам” аж занадта блізка, а начальства пачасту крычыць “ашкір”, як на авечак, але людзі – дзіва. І горад – дзіва! Размыты, увесь сіні і залаты. Прыгажосць невыказная. Здатны быў бы пакахаць яго самым гарачым каханнем, каб не выходзіла адсюль столькі благога і цяжкага. Але, як падумаць, людзі не вінаватыя. Вінаватыя нелюдзі... Бачыў, між іншым, нашага “Лабыра”. Ехаў па Неўскім. У абліччы самае цікавае – прычоска, а падбароддзя зусім няма. Едзе сабе ў ландо такі даліктун, свіны тата, глядзіць на свет звысоку. Стрэліся позіркамі, і я нават спалохаўся, а што, як раптам здагадаецца аб пачуццях адной з тых мурашак, якія сноўдаюць ля ног. Зразумеў: ненавіджу. Кацюга, людаед, кат роднай нашай зямлі”.– Як гэта ён не баіцца? – перапыніла Майка.– Ён нічога не баіцца. А ліст з аказіяй прыйшоў, з верным чалавекам. Дык вось... “Каб вочы маглі спапяляць, – адзін попел ад яго астаўся б. Падумаць толькі, колькі ж ліха можа нарабіць адзін?