Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Дык вось, дванаццатага ліпеня Віктар з універсітэта звольніўся, і мы адразу паехалі “жалезным зміем” у Пецярбург. Нанялі пакойчык на Васільеўскім востраве. Першага жніўня падаў рэктару прашэнне, каб ласкава дазволіў здаваць прыёмныя экзамены. Прозвішча рэктара – Плятнёў. Друг Пушкіна, але чалавек, здаецца, досыць старамодны і да асаблівых навін не схільны. Прасіцца буду на юрыдычны, па разраду камеральных навук. Спачатку думаў быў у медыкі, як Віктар, але раздумаў. Здароўе людзей – гэта, вядома, надзвычай важліва. Але дрэнная тая медыцына, якая пачынае з лекавання хваробы. Перш за ўсё трэба хваробу запабегчы. Даць людзям людскія ўмовы. Каб жылі сытна, каб апрануты добра былі, каб жылі багата і ў добрай хаціне, каб не цягаліся па судах і правільна вялі гаспадарку, каб былі вольныя. З камералаў выходзяць самыя лепшыя гаспадары і адміністратары. А гэта – галоўнае. Бо нельга дазволіць, каб народ выміраў. Унь у нас на Гродзеншчыне. Неўраджаі некалькі год, халера лютуе, тыфус косіць людзей, гарачкі іх кладуць.А яны, сабакі, на нас ціснуць. На ўсю краіну адна навуковая ўстанова: Горацкая акадэмія (гэта калі не лічыць смаргонскай, дзе мядзведзяў вучылі). Вядома, так ім лягчэй нас у кіпцюрах трымаць. Што з беларуса возьмеш? Цёмная бутэлька. Віленскі універсітэт закрылі, гімназіі ў Гродна ды Беластоку закрылі. З нашай, Свіслацкай, зрабілі вучылішча на сорак вучняў. А было ж некалі чатырыста!Ну, добра! Вучыцца буду, як вол. А вывучуся. Не ведаю, як будзе з платай за навучанне. Пяцьдзесят рублёў срэбрам у год – гэта для мяне зашмат. Можа, вызваляць па беднасці. І яшчэ каб стыпендыю нейкую атрымаць. Але гэта раней як на другім-трэцім курсе не атрымаецца, так што няма чаго і думаць. Буду даваць урокі”.– Ты б прапанаваў яму дапамогу, – перапыніла зноў Майка.– Не возьме. Ды яшчэ і аблае. Ён горды.– То што рабіць?– Папрасіў дзеда, каб Ісленьеў патрос сувязямі.– Хіба можа?– А што? Ён рускі, пецярбуржац. У кар’еры яму ніякія сувязі не памогуць, а ў такой лухце знойдуцца. Дзед пад сакрэтам накіраваў грошы за навучанне на ўвесь тэрмін. А там скажуць – “вызвалілі”. Толькі ты нікому не кажы.– Не скажу.– Стыпендыю з часам атрымае. А не атрымае – зробім, як з платай. Ну і ўрокі. Я палічыў. За нядрэнны пакой – дзесяць рублёў. Есці, каб хаця два разы – восем. Кнігі – пятнаццаць. Форма з дзвюма зменамі – дваццаць. Значыць, за ежу і дах у год дзвесце шаснаццаць. А разам з вопраткай і кнігамі – усяго дзвесце пяцьдзесят адзін рубель.– Я не думала, што ты і практычны.– Я – усялякі... То слухай далей... ”Дуніна-Марцінкевіча, аб якім ты пішаш, не ведаць – сорам. Першы наш сапраўдны паэт. У сорак шостым годзе надрукаваў у Вільні сваю “Ідылію” (здаецца, так), а ў мінулым, у Мінску, “Гапона” ды “Вечарніцы”. “Гапона” з “Вечарніцамі” дасылаю, “Ідылію” дастань сам. Трохі гэта, канечне, занадта дабрэчае і на ружовай вадзіцы з панскімі (прабач, Майка, – сказаў Алесь) соплямі замешанае, але ён можа быць і злы. Нічога, што ён, пакуль тое, кроераў у нашым жыцці не заўважыў. Будзе і гэта. Галоўнае, наш чалавек. Таленавіты. Галоўнае – дыхнула наша пісьменства, з часоў агульнай панскай здрады забітае, загнанае. Сіраціна наша з табою першы свой голас падала. А чысты! А звонкі! Золата на хрусталі. Васількі ў жыце! Срэбныя кропелькі Каб ты ведаў, Алеська, як хочацца вершы пісаць! Але ведаеш: лёс разгарнуцца не дасць. І хапаеш сам сябе за руку. А Марцінкевіч малайчына! Я зайздрошчу табе, што ты яго бачыў.