Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

А калі скончыш на будучы год гімназію – што мяркуеш рабіць? Сядзець мядзведзем у сваім берлагу ці ехаць вучыцца далей? Калі другое – едзь туды, дзе я. Пагаворым аб усім-усім. Ёсць шмат цікавых навін”.Алесь пайшоў да старога Вежы. Той сядзеў на сваёй улюбёнай тэрасе.Унук спыніўся, не хочучы яго турбаваць.– Я чуў цябе яшчэ за пяць пакояў, – не ўздымаючы павек, сказаў дзед. – Што ў цябе там?Алесь падаў яму ліст.Стары пан расплюшчыў вочы.– Твой Кастусь, – сказаў ён. – Ты даеш мне, каб я прачытаў?– Так.Пан Даніла далёка адставіў руку з лістом і стаў чытаць.– У яго добры, роўны почырк, – сказаў ён. – Ён часам не з “памяркоўных і акуратных”?Вочы ягоныя, відаць, убачылі словы “двухгаловая курыца”, і ён усміхнуўся.– Прабач, сам бачу, што гэта не зусім тое. Ну, а што, калі недзе ў Бабруйску сядзіць поштмайстра Шпекін?Чырвоны Алесь паціснуў плячыма.– Пячаць, – сказаў ён.– Пячаць, – перадражніў дзед. – Пячаць можна зняць гарачай брытвай, а потым пасадзіць на месца.Дачытаў да канца.– З небагатых, – сказаў ён.– Я казаў вам гэта, дзядуля.– Вы і надалей намераны карыстацца паслугамі дзяржаўнай пошты для перадачы адзін аднаму свежых параўнанняў і шчырых выказванняў пачуццяў, падобных на гэтыя?– Мы іначай не можам гаварыць. Мы далёка адзін ад аднаго.– Нашто ты паказаў мне гэта?– Я хацеў яшчэ раз паказаць вам, які… які ён.– Калі ты хацеў паказаць мне, які ён разумны, то ты не мог бы дасягнуць сваёй мэты лепшым чынам. Я ў захапленні ад яго разумовага ўзроўню і… гм… асцярожнасці.Ён працягнуў руку па цыгарку.– Я на сёмым небе ад яго высакароднага захаплення радзімай. Mais il faut aussi quelque inteligence .Дзед, ані слова больш не кажучы, пускаў пахучы дым і пісаў цыгаркаю ў паветры нейкія дымныя іерогліфы, якія расплываліся раней, чым хто-небудзь мог бы іх прачытаць. Ён рабіў гэта доўга, вельмі доўга.Дзедавы думкі прачытаць было цяжэй, чым гэтыя шэрыя жывыя знакі ў паветры. Кандраці з’явіўся ў дзвярах нечакана.– Што, – спытаў Вежа, – нікога больш не было?– Я быў бліжэй за ўсіх, – сказаў Кандраці.Алесь уцяміў, што ўвесь гэты час Вежа трымаў нагу на званку пад сталом.– Слухай, малочны брат, – сказаў Вежа. – Я ведаю, ты сам адчуў, што нешта здарылася ў доме. Магчыма, хацеў даведацца, што прывёз Логвін.– Вельмі трэба, – буркнуў Кандраці.– Але ты ўсё ж не хлопчык, каб ісці на кожны званок. Ты – брат і наглядчык лясоў. Твая жонка – другая гаспадыня ў доме пасля Еўфрасінні.– Ды ўжо, – сказаў Кандраці. – Ніхто не забароніць маёй жонцы памыць падлогу, калі яна захоча. Паня якая!Дзед асекся.– Што трэба пану брату Данілу?– Тройку для паніча, – сказаў дзед. – Зараз. Кандраці пайшоў. Некаторы час панавала маўчанне.– Дзеду, – ціха сказаў Алесь. – Я вам гэтага ніколі не забуду.– Не варта падзякі, – сказаў дзед. – Я эгатыст, ты ведаеш. Я хачу, каб у дзяржаўнай пошты было хаця на два пісьмовыя доказы менш. Мне не хацелася б, каб цябе з тваім Кастусём за лухту заслалі некуды на Орскую лінію.– Я разумею…Вежа ўздыхнуў.– Сёння якое?– Дзевятае.– Адны суткі. Калі паспяшаешся, можаш сустрэць.– Тады лепей вярхом.Дзед памаўчаў. – Так што хапай яго на “яме” і цягні сюды. Перадай: не прыедзе – табе будзе балюча, а я за цябе пакрыўджуся. Цікава паглядзець, што то за птушка, з якой дзяліцца даводзіцца.…З цугляў каня падала ўжо мыла, калі Алесь, мінуўшы алею, што вяла да белых муроў і сляпучых макавак куцеянскага манастыра, вырваўся, урэшце, на край высокага плато і ўбачыў стромы спуск дарогі, сінюю істужку нешырокага тут Дняпра, а за ёй гарадок, што ўтульна прымасціўся між Дняпром і невялікай рачулкай.