Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

І ён ляжаў, не адчуваючы нічога, акрамя бязмернай пяшчоты і дабрыні, якія аж не змяшчаліся ў сэрцы.А знадворку раскалваўся, трапятаў ва ўспышках, узнікаў і зноў паміраў у цемры, бурыўся свет....Дождж, здаецца, суняўся. Алесь разбудзіў Майку і, захутаную, падсадзіў яе на Касюньку.Скіраваў коней на сцежку, на якой знік баркалабаўскі старац.Яны ехалі доўга, бо Алесь увесь час стрымліваў коней. Але кожнай дарозе бывае канец, і ўрэшце лес скончыўся. Налева цурчала Папараць, а перад імі, далёка, трапяталі бліскавіцы ў чорных глыбінях Дняпра.І тут, калі яны ўжо лічылі, што ўратаваліся, неймавернай сілы ўдар раскалоў неба над іхняй галавой. Аглушаныя, залітыя сляпучым святлом, яны не разумелі, дзе яны і што з імі. А калі расплюшчылі вочы – убачылі, што пярун кінуў свой распалены молат проста ў вялізны сухі дуб, які стаяў ля дарогі, за нейкія дваццаць крокаў ад іх. Сухадрэвіна раскалолася ад верхавіны і амаль да кораня, расшчапілася трохі і асталася стаяць. А полымя заліло дрэва, нібы лаваю, і па расколіне паліўся ўгору паток агню. Чырвоны, плоскі, схаваны ў чорнай расколіне, ён нагадваў вадаспад, які бяжыць з падножжа на вяршыню скалы...Раўло і цягнула да хмар. Плыла ў неба распаленая вогненная рака.

Кніга другаяСЯКЕРА ПРЫ ДРЭВЕІПрыйшлі каляды. Куцця. Напярэдадні падваліла мокрага сняжку, але за ноч падмарозіла, а раніцай нападаў другі снег: глыбкі, пульхны і сухі. З акон загоршчынскага дома падалі на гурбы аранжавыя плямы святла. Яліны стаялі ў сувеях усе цёплыя і густа, амаль без прасветаў засыпаныя мяккім белым снегам: нагадвалі начных вартаўнікоў. Насупраць ганка стаяў вылеплены Мсціславам снегавы балван. Ён быў вышэйшы за чалавека, і ў яго была самая смешная з усіх балваноў на зямлі пыхатая пыса.Мсцілаў вылепіў балвану і грудзі, але прыйшоў гер Фельдбаўх, няўхвальна паглядзеў на гэтую вольнасць, паківаў галавою і ўласнаручна адрэдагаваў балвана.Снег. Яліны. Снежны балван. Агеньчыкі ў вокнах. Гэта нагадвала б калядную карцінку, каб не існавала ў натуры.Не ведаў балван, што з часам ледзяное неба стане сіняе і па ім паплывуць другія балваны, вылепленыя невядома кім. Яны будуць такія сляпуча-белыя, аж гарачыя. І яму раптам нясцерпна, упершыню за ўсё доўгае снегавое жыццё, захочацца не стаяць на месцы, а ўзняцца да іх і быць такім самым гарачым і белым. І плаваць і грувасціцца разам з імі.Ён зробіць гэта. Але нішто не зменіцца, і людзі, падымаючы галовы ад сярпа, будуць казаць:– Балваны якія сёння. Каб толькі не пайшоў дождж.Ён пацягнецца да братоў у небе і адчуе боль і слабасць. А потым ад яго застанецца толькі купка бруднага снегу, дубец і два вугалькі, былыя вочы, што, напэўна, прасочаць яшчэ яго палёт угору.Алесь стаяў ля балвана без футра і шапкі і глядзеў на яго. Балван пазіраў на Алеся з адценнем пагарды, і Алесь засмяяўся - такое гэта было шчасце: снягі, аранжавыя вокны, яліны і балван. І, вядома, агеньчыкі яліны ў акне залы. І тое, што Майка тут.Ён стаяў так доўга і ўжо трохі змёрз, калі пачуў рып снегу.– Імя? - спытаў голас.– Алесь.– Я жартую, - падыходзячы, сказала Майка. - Варажыць рана.Яна нічога нават не накінула. Так і была ў туфліках, з голымі рукамі і шыяй.– Дурніца, - войкнуў ён. - Застудзішся.– Нічога не зробіцца, - засмяялася янаНе ведаючы, што рабіць, ён абняў яе і паспрабаваў прыкрыць яе голыя рукі сваімі.– У дом, - сказаў ён. - Хутчэй у дом.