Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

– Пачакай, - сказала яна. - Пачакай. Тут хораша.Бліжэй прыціснулася да яго.– Баламутнае дзяўчо, - сказаў ён.Трымаў яе далонямі за плечы. А яна сагнула рукі, і цяпер яны былі між ёю і ім.– У дом.– Не, - усміхнулася яна. - Яму ж не халодна.– Ён - снегавы балван. Вясною ён пойдзе да нябесных балваноў. А ўзімку зноў выпадзе снегам, і з яго зноў скачаюць балвана. Так ён і будзе век хадзіць у балванах... А ты чалавек. Мой чалавек.Майка ўздыхнула і схіліла галаву яму на плячо. Алесь глядзеў на яе аблічча, бледнае ў сінім святле зор, і яму нічога не хацелася бачыць, акрамя яго, халоднага ад марозу, але цёплага такой глыбокай унутранай цеплынёй.Ён адчуў гэта, прыпаўшы вуснамі да яе вуснаў.Не бачыў ён ні дома, ні таго, што дзверы на тэрасу адчыніліся і нехта падышоў да парэнчаў, пастаяў так хвіліну, а потым паспешліва вярнуўся ў дом. Яму не было да гэтага клопату.Калі ён на імгненне адрываў вусны ад яе вуснаў, ён бачыў толькі адно: рэзкую іскру нізка над зямлёй, амаль адразу за яе плячом.Ззяў над гарызонтам ледзяны, ярасна-блакітны Сірыус....Калі яны зайшлі ў пярэднюю - юнакі і дзяўчаты ўжо апраналі футры, шапкі і капары, а тыя з хлопцаў, якія павінны былі ехаць за фурманоў, - высокія белыя вайлакі ці унты з ваўчынай шкуры.Алесь абвёў вачыма вясёлую кампанію і раптам заўважыў, што дзве пары вачэй глядзяць на яго вельмі суха. Ля дзвярэй у гардэробную стаялі, апранутыя ўжо, Франс Раўбіч і Ілля Хаданскі.Ядвінька Клейна адвярнулася ад усіх і глядзела ў акно. Святло жырандолі трапятала на яе попельных валасах, сабраных у высокую прычоску. Тварык быў сумны.І тады Алесь, нібы праз сон, успомніў, як адчыніліся дзверы на балюстраду, калі ён і Міхаліна стаялі ля балвана. Стала ясна, хто выходзіў.Ядвіння, значыцца, злавала на яго. А гэтыя двое таксама. Ілля - за Майку, Франс - за Ядвіню....Сыпанулі на веранду, а потым уніз, сходамі, да санак, якія стаялі ўжо на крузе гонару доўгім паўколам. Мсціслаў з Анэляй і Янкам напярэймы з іншымі кінуліся да першай тройкі. Беглі як апантаныя.– Хапай хто што можа! - крычаў Маеўскі.Ён кінуўся на козлы проста жыватом, і праз хвіліну рэзкі ўсплёск званочкаў разарваў цішыню. Аддаляючыся, яны спявалі ўсё больш утрапёна. Першая тройка знікла ў алеі.Алесь не спяшаўся. Ён пасадзіў Майку ў чацвёртыя сані, захутаў яе ногі мядзведжай апонай і працягнуў лейцы на вольнае месца побач з ёй: збіраўся ехаць без вазніцы. І тут, здалёк, ён убачыў, што ў Ядвінькі і Франса адбылося нешта непрыемнае. Франс падышоў да яе санак, дзе сядзеў на козлах далёкі госць Усяслаў Грыма, асабліва нязграбны ў ваўчыным футры, і сказаў нешта. Вусны лялечнага наіўнага роціка Ядвіні сціснуліся. Яна адмоўна паківала галавой.Франс рэзка крутнуўся і пайшоў уздоўж ланцуга саней.– Братка, да нас, - сказаў яму Алесь.Франс не адказаў, нават не зірнуў на іх невідушчымі вачыма. Прайшоў, топчучы снег, да санак у хвасце. І хоць ён трымаўся годна і роўна, як заўсёды, яго матавае аблічча яшчэ больш збялела.Зазвінелі званочкі. Майка сядзела пад апонаю, адчуваючы плячом Алесева плячо. Заплюшчыла вочы. Напярэдадні яна з Тэкляю варажыла ў начной лазні. Тэкля глядзела ў місу з вадой, шаптала нешта. Дзве свечкі адбіваліся ў вадзе і цьмяным люстэрку. Пахла венікамі і прывялай мятай....А зараз побач сядзіць ён, пра якога яна думала ўчора.Зірнула праз прыплюшчаныя павекі. Сядзіць. Моцна трымае лейцы. Пасма пушыстых каштанавых валасоў выбілася з-пад шапкі і паспела ўжо заінець, нібы юнак пасівеў. Шэрыя строгія вочы глядзяць на дарогу. Вось павярнуў галаву, глядзіць на яе. Трэба заплюшчыцца яшчэ больш, але не зусім, а толькі каб не бачыць яго.