Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Паплылі, спляліся ў вачах вясёлкавыя ніці. А з ніцей яго голас:– Ну не прыкідвайся, калі ласка. Унь, веі трапечуць. Не смей заплюшчваць вачэй. Глядзі на мяне.Засмяялася. І, нібы ў адказ, смех званочкаў, бо коні рванулі.А ўчора Тэкля шаптала такое дзівоснае і, здаецца, нібы забароненае. Ліўся, застываў у вадзе перакручаны, перавіты воск. Нібы ў місе ўставалі гарады і дзівосныя звяры.А ў люстэрку, між двух агнёў, яна бачыла бясконца паўтораныя, нібы ў доўгім, загнутым налева калідоры, сваё бледнае аблічча і ўзбуджаныя трывожныя вочы.– Толькі ён такі, той, аб кім думаеш, - шаптала Тэкля. - Толькі з ім. Не адмаўляйся, усё адно не атрымаецца. А век до-оўгі...– Гадамі доўгі? - шэптам пытала яна.– Не ведаю. Але на сто жыццяў, ясачка, хопіць. Усё тут, і гора са шчасцейкам поўны мех, і лапцявая пошта ды звады, і ўсё-ўсё.– А хто раней памрэ?– Хто? - голас Тэклі трохі сеў. - Гэта ўсё адно. Усё адно адзін без другога не здолее.Спявалі бомы. Плыла перад напаўзаплюшчанымі вачыма раўніна.Мсцілаў гнаў пярэднюю тройку і ўспамінаў, як напярэдадні ездзілі да Кагутоў у Азярышча, як у прасторнай новай хаце “жанілі Цярэшку” і Янька надзела на яго, насуперак усім звычаям, бацькаву шапку. Заўважыла, чарцяня, што ён не мае намеру надзець ёй на галаву сваю. І выбрала яго сама.А перад хатай, на вуліцы, зырка палаў смалісты бадняк, корч вялізнай сасны, абкладзены дрывамі. І карагоды звіваліся каля агню, які шугаў у чорнае неба. У барвяным зарыве здаваліся ружовымі белыя світкі, вайлакі і магеркі хлопцаў. Наміткі жанчын, калі карагод звужаўся, раптам наліваліся трапяткой чырванню.У кожных вачах дрыжала полымя, і гэта было незвычайна і страшнавата.За колам стаялі хлопцы. Вясёлы Кандрат падышоў да Алеся, памарудзіў, а потым, зразумеўшы, што Мсціслаў не збіраецца кідаць сябра, відаць, наважыўся і ціха сказаў Загорскаму:– Навіну чуў?– Не.– Кроер рашыў учыніць згон. Змалаціць усе сцірты леташнія.– Падумаеш, навіна... Грошай, відаць, на банкетаванне не хапіла...– От яму і ўчынілі банкетаванне, - сказаў Кандрат.– Што такое?– Вы ж ведаеце, хлопцы, - сказаў Кандрат, - мужыкі на Кроера яшчэ з часоў півошчынскай вайнішкі зацяліся. Ну вось. З’явіліся яны на згон, чалавек каля сотні. Працуюць - як мокрае гарыць. Аж раптам з лесу - шусь чалавек. У кажусе касмылямі наверх, сам зарослы. У руцэ мядзведжая фузія. “Працуеце?” - пытае. “Працуем”. - “Памагаеце?” - “Але”. - “Каб людажэр вас зноў татарамі пачаставаў?” Мужыкі маўчаць... Аж тут да купкі прыганяты шыбуе: “Чаго кешкаецеся, мямлі?! Ану за цапы, патаўпешкі!” Убачыў чалавека - і аж збялеў. Чалавек да яго: “Аюц, свіння нясмаленая!” Прыганяты задкаваць. А той яму: “Не дрыжы, забіваць, пакуль тое, не буду. Мне твая душа не трэба, сваю маю. Толькі каб - эч-эч! - нагі тваёй тут не было”. Прыганяты ўцякаць. А чалавек да мужыкоў: “Што, мужыкі? Ворагу памагаеце? А ваш хлеб дзе? А слёзы сірочыя вам на сэрца не пaлі? Улезлі ў сваю квэку дый седзіцё, баязліўцы паршывыя”. Тыя маўчаць. Потым дзед Груша асмеліўся: “Ды здохне ж ён скора. Пра волю чуткі ходзяць. Каму гэта ахвота на бойку натыкацца? Каб зноў жалезным бобам пачаставалі? Лухта, тым часам. Сабе дзешавей. Не ўсёй жа хатай тры дні паншчыну адрабляць. Адной душою”. Гэх, як узвіўся чалавек. “Якой, - пытае, - душою? Тваёй? А ці яна ў цябе, парахня старая, ёсць, ці на паншчыне згніла?!” Мужыкі ў вочы яму не глядзяць. А ён тады: “Баіцёся? Валі ўсё на мяне. Мне траціць няма чаго”. Ды з крэсівам пад сцірты. І тады хлопцы - за ім. Каб ужо адным разам усю паншчыну скончыць.