Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Конь, асядаючы на зад, спускаўся да наплыўнога моста, які нехлямяжа ляжаў на вадзе.Алесю не было часу разглядаць усё. На станцыі чакаў і вось-вось мог паехаць Кастусь.Конь загрукатаў падковамі па насціле. Воз з сенам трапіўся якраз на сярэдзіне – і вада заліла бабкі каню. Конь пацягнуўся да вады, Алесь падняў цуглямі ягоную галаву.Справа тырчалі з вады магутныя, напаўразбураныя аркі каменнага моста, калісьці, відаць, такога шырокага, то тры вазы з сенам маглі праехаць побач і яшчэ засталося б месцы двум коннікам.Гэта былі руіны “моста на крыві”, на якім калісь вырашалі свае багаслоўскія пытанні задняпроўскія манахі з іхнімі прыхільнікамі і гараджане з католікаў, узначаленыя шкалярамі з езуіцкага калегіума.А паколькі на доўгія дыспуты ні ў кога не хапала ні часу, ні розуму, то пераконвалі адзін аднаго ў справядлівасці “свайго” Хрыста спосабам, у якім было мала талеранцыі і яшчэ менш гуманізму. Не апошнімі довадамі ў гэтай спрэчцы было завушэнне, розных ступеняў моцы ўдары бібліяй ці каўчэжцам па галаве, выспяткі.Да ліку неабвержных доказаў, якія даводзілі няслушнасць апанента і з якімі ўжо не было як змагацца, належалі ўдар бязменам по галаве і скіданне з вышыні ў ваду. І так цягнулася дзвесце год, невядома на чыю карысць.Узняўшыся на другі бераг, Алесь зноў пагнаў каня. Прамільгнулі з левага боку замчышча, мікалаеўская царква і два касцёлы. Наводдаль лёгка ўзносіліся ў неба дзве званіцы Пакрова-Гумённай царквы.Замкавай вуліцай вырваўся на Пецярбургскую, высякаючы падковамі іскры з каменных пліт.Каля аднапавярховага каменнага будынка ямской станцыі стаяла запыленая – хоць ты пальцам на ёй пішы – паштовая карэта, і людзі стаялі на прыступках, а фурман з паштальёнам прывязвалі ўжо вяроўкамі кофры і сакваяжы.Ён асадзіў каня і скочыў з яго, кінуўшы павады.Нейкія не тыя людзі. Стары чыноўнік з клуначкам… Жанчына ў чапцы, відаць, ягоная жонка… Семінарыст… Два шляхцюкі з сярэдніх.– Скажыце, дыліжанс па смаленскай лініі рушыў ужо?У той самы момант, як спытаў гэта ў семінарыста, з радасцю ўбачыў, што не спазніўся.Кастусь сядзей ля сцяны, на лавачцы. Сядзеў, палажыўшы падбароддзе на сугіб рукі, і глядзеў сваімі сінімі вачымі, як запрагаюць коней. Глядзеў пахмура і з відочнай нудотай. Гэта быў той і не той Кастусь. Валасы па-ранейшаму падалі назад, паказваючы высокі і чысты лоб, але былі даўжэйшыя. Ледзь прыкметна прабіваліся вусы, і хлопцаў рот здаваўся, ад асмужанага ценю над ім, яшчэ больш уладным.Апрануты ён быў у сурдуцік, у бэжавыя нанкавыя панталоны і запыленыя паўбоцікі. На гожай мускулістай шыі сцягваў каўнер белай кашулі шырокі чырвоны гальштук.Каліноўскі ўзняў галаву і доўгім непаразумелым позіркам, нібы не пазнаючы, абвёў цёмнага ад загару юнака.– Алеська…– Кастусь!..– Панове, – сказаў гарэлачным голасам станцыйны наглядчык. – Проша сядаць.– Я… еду зараз, – яшчэ цішэй сказаў Кастусь. – Во і дыліжанс.– Пайшлі яны са сваім дыліжансам! – выгукнуў Загорскі.Кастусь збянтэжана муляўся. І тады Алесь працягнуў яму рукі.– Кастусь!.. Во дык Кастусь.– Алеська! Братка! Алеська!Яны кінуліся адзін да аднаго ў абдымкі.Коннікі няспешным трухам выехалі з дрымотный засені векавой пушчы і ўбачылі пад страшным стромым урвішчам Дняпро. Ён спакойна і рэдка зіхацеў дробнымі хвалямі, як сіняе срэбра.Яны ехалі адны, далёка наперадзе ўсіх астатніх. Логвін з падстаўнымі быў відаць ледзь не за вярсту.