Кепка jordan jumpman кепка jordan jumpman www.goashop.com.ua.

Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Кандрат усміхнуўся.– Так за гадзіну якую і пашабашылі.Алесь маўчаў. Глядзеў на стракаты ланцуг.– Табе што, нецікава? - спытаў Кандрат.– Чаму, цікава.– А хто чалавек - нават і не пытаеш.– Я ведаю, - спакойна сказаў Алесь. - Нашто мне пытаць? Корчак уцёк з катаргі. Памятаеце, як я вам расказваў пра Паківачову адрыну? - спытаў Алесь. - Ну, яшчэ дуб сухі амаль над нашай галавою разваліла. От тады і чуў.– І нікому не сказаў? - здзівіўся Мсціслаў. - Такога страху нацярпеўшыся?Па Алесевым твары скакала чырвонае зарыва ад бадняку. Загорскі падумаў, уздыхнуў і расказаў хлопцам пра пачутую размову.– Потым, ужо едучы, я і здагадаўся, якога Будзіміра яны па чыёйсьці страсе пускаць хацелі. Гэты дуб мяне і навёў на думку. Будзімір - той, хто мір, свет будзіць. Певень.– А Варган? - спытаў Мсцілсаў.– Кот Варган. Дым. У кожную шчыліну пралезе. Мяккі такі, ласкавы. Агонь яго выпусціць - вось ён і папаўзе да божых авечак, да аблокаў... Я падумаў, хто з наваколля яшчэ ў Сібіры шышкі еў з бясхлебіцы? Адзін Корчак. Значыцца, ён і ўцёк.Загорскі сумна ўсміхнуўся.– Я мужык, - ціха сказаў ён. - Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне відушчым зрабіла. Вярнула да майго народа. Да гнанага, да абрэханага кожным сабакам. І я цяпер з ім, што б ні здарылася.Кола цякло паўз іх, чорнае з аднаго боку, бліжэйшага, барвянае за бадняком.Нехта падкінуў пад бадняк вялікі ахапах галля. Полымя пацьмянела.– Дзівішся майму ўчынку з Корчакам, - сказаў Алесь. - Ты не бачыў, а я на свае вочы бачыў, як Кроер яго забіваў. Але не Кроер яго дабіў, нават не кат на сухадольскай плошчы. Дабіла яго ваша, мужыкі, няпраўда.– Вярзі яшчэ...– А то не? Што, не звалілі півошчынцы на Корчака ўсяе правіны? Звалілі. Ну добра, здарылася так. Дык майце ж сумленне. Забяспечце жонку з малымі дзецьмі. А півошчынская сходня, замест таго каб зрабіць такое, нібы ўзрадавалася, што ўдава адна не здолее зямлю абрабіць, дый абрэзала ёй той загон няшчасны напалову. Кавалка той зямлі вашым скупіракам, шэрым князям, не хапіла. Не нажэрліся. Што, няпраўду я кажу?Кандрат апусціў вочы.– Я ведаю, ад галечы такая прагнасць. Але за кошт братняй крыві ды слёз не збагацееш. Ягонай зямлёй мізэрнай - не наліжашся. Значыць, ёсць і на вашай вялікай праўдзе свой бруд. І потым Кроер...Раўлівы агонь узвіўся вышэй стрэх. Скуру сцягвала ад гарачыні. Алесь закасаў рукаў і моцна пацёр запясце. На ім выступіў ледзь прыкметны шнар.– Першы раз у жыцці мяне ўдарылі. Я такіх рэчаў не забываю. Хай сабе Корчак ходзіць. Яго пакрыўдзілі, не ён. Сапраўдным людзям гэта толькі на руку. Хай ведаюць: не ва ўсіх яшчэ душа згніла.Размову спыніў віск дзяўчат. У кола ўвайшоў басаногі, з голай грудзінай і ў доўгім белым кажусе бог холаду, Зюзя. Ільняныя вусы закінуты за плечы, ільняная грыва валасоў падае аж ніжэй лапатак. Зюзя пагрозна рыкаў, сварыўся на людзей пальцам, пляваў на агонь, босымі нагамі ўзвейваў у паветры снег, нібы хацеў зрабіць завіруху. Зюзевы вочы смяяліся. Гэта быў пераапрануты азярышчанскі пастух Данька. Каб ногі не адчувалі холаду - хапіў тры кручкі гарэлкі. Граць ужо, дык граць. Усім жа вядома, што Зюзя - босы. Ад гарэлкі Даньку было весела.– Замарожу, - рыкаў ён. - Як мядзведзь, навалюся.За ім валасатая варта несла саламянае чучала Каляды. Каляда павярнулася спіною да бадняка, глядзела ў змрок плоскімі намаляванымі вачыма. Хлопцы і дзеўкі кідаліся на варту, каб павярнуць Каляду тварам да агню, і ляцелі ў снег, адкінутыя ёю. Роў над сумятнёй і калатэчай збор вясковых музыкаў. Гулі дзве скрыпкі, пявуча вохкаў бас, мядзведзем раўла дуда, пяшчотна сапла жалейка, звонка ўдаралі цымбалы, і, вышэй за ўсё іншае, узлятаў, заліваўся і ўздыхаў бубен. У Азярышчы быў найлепшы збор музыкаў. І музыка ўзлятала вышэй за хаты, проста аж, здавалася, пад самыя цёплыя зоры.