Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Данька прытупваў нагамі па снезе, хапаў вісклівых дзяўчат, цалаваў і запіхаў за каўнер кожнай жменю снегу.– Падыходзь, з кожнага снежнага балвана зраблю. З кожнай хаты - ваўкаўню.Але тут моладзь сыпанула на варту, вырвала Каляду з рук і павярнула-такі яе тварам да полымя. А дзеўкі кінуліся да Данькі і павалілі яго ў снег, пачалі казытаць.– А дзевачкі, а таечкі, - мядзведжым голасам роў Данька, здзіраючы чырвоныя пяты. - Дальбог, не буду. Хай ужо вясна, хай...Хлопцы адбілі яго, панеслі разам з Калядою ў хату. Даньку - паіць гарэлкай, Каляду - схаваць, каб потым, на масленіцы, калі зіма не толькі павернецца да сонца, але і адступіць, спаліць яе на тым самым месцы....Мсціслаў усміхаўся ўспаміну, думаў. Не звяртаў увагі на тое, аб чым гамоняць Мнішкава Анэля і Янка.– Клейна мяне ўсынавіла. Цяпер я брат Ядвіньчын і ўсім, здаецца, раўня. А мяне смокча. То шчаслівы, а то ўспамінаю, што чорны як бот, і - ну хоць ты плач.– Вядома, - мяккім галаском казала Анэля. - На радзіме табе лягчэй было б, там усе такія. Але што ж зробіш, калі ўжо сюды трапіў? Ты ж нават сам не ведаеш, дзе твая радзіма.– Тут, - сказаў арап. - Мне ўжо там усё было б чужое. Я і мовы сваёй не помню. Некалькі слоў, можа. Тут мая і мова і зямля.– А ты ані-ні не пабялеў з таго часу? - пацікавілася яна.– Не. Гэта ўжо назаўсёды. Такая ўедлівая штука.– Ну і кінь, - суцяшала Анэля. - Ну і што, што чорны? Ты ж добры. Ты цяпер дваранін. І дзеці такія будуць.Яна ўмела супакоіць і суцешыць. Ад маці была ў яе жаноцкасць і асаблівая мяккасць. І яшчэ было ў ёй тое добрае какецтва, якое так умее ўзвысіць субяседніка ва ўласных вачах. Узвысіць простым - і няпростым - прызнаннем ягоных вартасцей.– Ты харошы... Вунь Хаданскі. Белы, а вочы б на яго не глядзелі.– А дзявочае кола?– Ды ты ж прыгожы. Па-адумаеш! Бескаляровыя, па-мойму, горш. Пра рыжых я ўжо і не кажу. А яны вясёлыя, і ў вус не дзьмуць. І ты будзь вясёлы.Імчаліся коні. Нізка над зямлёю свяціў Сірыус....У санях ціха гаварылі Грыма і Ядвінька Клейна.– І Янку будзе шчасце, - разгублена казала дзяўчына. - Адна я, нібы сапраўды клейнай мечаная. Нават прозвішча прароцкае. Дзе ўжо тут добрага чакаць.Грыма, з вялікай шкадобы, соп.– Кінь. Не пабівайся так. Падумаеш, свет сышоўся. Радасцей шмат.– Якія?– Навука. Кнігі. Каб усё на свеце помніць і быць мудрым.– Гэта для мужчын.– Што ты жанчын ганьбіш, - прыглушана выбухаў Усяслаў Грыма. - Для ўсіх, думаеш, мужчын мудрасць?Жаласна, па-бабску, уздыхаў, касавурыўся на сумную, сінявокую і такую ўжо вялікую ляльку.– А ты Франса нашто пакрыўдзіла? Ён харошы.– Ведаю. Але не магу я пакуль што... не магу я Франса бачыць. Можа, месяц-два-тры пройдзе, тады.– Нацкуеш ты іх адзін на аднаго, - бурчаў Грыма. - Франс праз цябе на Алеся крыўдуе. Ілля праз Майку на яго ваўком глядзіць. Нацкуеш.– Дурнік ты, - сумна казала яна. - Алесь жа ні ў чым не вінаваты. Франс не можа гэтага не бачыць. А Ілля наогул... Нікога ён, акрамя сябе, не любіць. Гонар. Ён жа старэйшы, ён добраахвотна ў Севастопалі быў. У яго салдацкі крыж. А тут аддаюць перавагу амаль хлопчыку.Коні зачапілі край сумёта. Мяккім пылком асеў на твары снег....У трэціх санях дурэў Загорскі junior . Валтузіўся са Стасем і Наталяй. Фельдбаўх на козлах ужо некалькі разоў пагражаў пакінуць іх у снезе.Вацлаў са Стасем спусцілі ногі з санак і скародзілі імі снег. Пылок ляцеў проста ў вочы коням задняй тройкі. Наталля, смеючыся і закочваючы вочы, пляскала далонькамі і спявала: