Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

...Яны беглі заснежанай алейкай. Майка, у лёгкім футрачку, накінутым на аголеныя плечы, і Алесь. Кашлатыя, сінія стаялі вакол дрэвы. Маўчалі. Парк і ўвесь свет вакол былі нерухомыя. І ў гэтым непарушным, нібы адвечным, спакоі дзіўна было бачыць над шатамі дрэў мігатлівыя, жывыя іскрынкі зор.Майка спрытна штурхала ў ствалы нестарых ялінак, выслізгвала з-пад іх і імкнулася далей. А за ёй з шолахам асыпаўся з галін іскрыста-сіні і сухі, як порах, снежны пыл. Асыпаўся проста на Алеся, на галаву, на плечы, на ўскінуты твар.Змярцвела-сіні, абыякавы да жыцця і цеплыні стаяў вакол парк. А гэтыя двое, не зважаючы ні на што, парушалі гэты сон. Молада, дзёрзка і нахабна разбівалі гэты спакой. Зрывалі саваны са змярцвелых дрэў.Сыпаўся і сыпаўся іскрысты пыл. І Алесь бег і бег за ёю са снегам у валасах, з трывожным захапленнем у сэрцы.Ён амаль дагнаў яе, але яна кінулася ўбок, на бакавую сцежку, да белай зімовай альтанкі-павільёна. Пакуль ён павярнуў за ёю, яна ўзбегла па прыступках і, пацягнуўшы на сябе дзверы, знікла за імі.І ён адчуў нясмеласць перад гэтымі снежнымі сценамі і снежнай веліччу дрэў, міжвольна прыцішыў крокі.У альтанцы было халаднавата і цёмна. Бледнаватыя, невыразнага колеру плямы ад шыбінак ляжалі на сценах і на падлозе. Чырвонае здавалася ледзь ружовым, сіняе – шэрым.Алесь стаў пасярод павільёна. Азірнуўся вакол. Майка, відаць, нікуды не адыходзіла, бо апынулася за ягонай спіною і цяпер стаяла ў дзвярах, гатовая выскачыць з альтанкі і зноў бегчы. Ён зрабіў да яе крок, другі, трэці.Яна вагалася.Яшчэ, яшчэ адзін. Майка нібы варухнулася, але асталася на месцы. Алесь падышоў зусім блізка і ўзяў яе руку ў свае. Паспрабавала вызваліць.– Ціха, - шапнуў ён. – Ціха.Здалёк, з цішы заснежаных дрэў, з сіняй цішыні, пачалі далятаць ціхія галасы. Відаць, з вёскі прыйшлі славільшчыкі: Святой ноччу,Святой ноччу ціхай,На мурожным сене,У божым Бетлеме,Ціхай ноччу...Снег ляжаў густымі белымі шатамі. Спявалі здалёк, ад палаца, і здавалася, што гэта звіняць снежныя чмялі.– Што гэта? – аднымі вуснамі спытала Майка. – Адкуль?Алесь зрабіў яшчэ крок і паклаў далоні на яе плечы, прыцягнуў яе да сябе, прыціснуўся шчакою, схаваў усё аблічча ў яе цёплых валасах.Прыпаўшы галавою да яго пляча, яна маўчала. І яго рукі абнялі пад футрачкам яе вузкія плечы, адчулі іх цеплыню, іх пакорліва-мяккае супраціўленне, а потым бездапаможнасць.Сінія дрэвы, сумёты, пранізліва-сінія іскры зор. Няпэўныя колеры на падлозе і белых сценах. Са снягоў, з ацяжэлых, як белыя мядзведзі, дрэў даляталі і звінелі галасы:Лабыры-ягняткі,Белы казляняткіСянца не елі,На хлапца глядзелі.Нехта павольна наблізіў да яго вачэй яе вочы. Вусны ласкава і жаласна варухнуліся пад яго вуснамі, прыціхлі.– Мама, - ціха, жаласна і нібы разгублена сказала яна.Зноў наблізіліся вочы. А праз снягі, праз сінія косы ўзвіваліся ў вышыню галасы, і ледзяны Сірыус гарэў у снягах.Запалала зорка,Запалала,Трох цароў да немаўляціПраваджала.У шапках персіцкіх,Світках бурміцкіх,Срэбным табіне,Залатым сап’яне.З сакам мёду,Свепетам2 пчолак.Мёд – гэта праўда,Пчолкі – то людзі.Ён гладзіў бязважкімі рукамі яе плечы.Зоры ў рознакаляровых вокнах раптам закруціліся і паплылі. Хутчэй і хутчэй. Каб не ўпасці, ён моцна прыціскаў яе да сябе. Цалаваў яе вочы, бровы, скроні.– Мілы, дарагі мой, - шаптала яна. – Што ты? Што?Яе голас прымусіў зоркі застыць на сваіх ранейшых месцах.