Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

І раптам рынулі, узляцелі яркія, як ёлачныя цацкі, малінавыя, зялёныя, сінія, жоўтыя агні. Гэта пускалі ракеты, але здавалася, што самі зоры, звар’яцеўшы ад шчасця і жаданай пяшчоты, пусціліся ў скокі над галінамі дрэў.Дрэвы і цені ад іх кідаліся ў розныя бакі. Аблічча Майкі мяняла колеры і адценні. Блакітнае, залатое, ружовае, срэбнае.Над рознакаляровымі снягамі ў шаленстве і буянстве агню пацьмянелі сапраўдныя зоркі.Але зоркі былі вечныя.Ракеты згасалі. Рассыпаючы залатыя іскры, памкнулася ўніз апошняя.Усё стала на сваё месца. Блакітныя снягі, сінія цені, чорнае неба і на ім вострыя сінія зоркі. І цень у вачніцах і мілы рот, з якога ён не слыхам, а хутчэй пяшчотным дотыкам дыхання да яго вуснаў лавіў словы:– Мілы мой, мілы, што ты?Яна хавалася ў яго руках, і ён з невыказнай радасцю адчуваў, якая яна: бязважкая, слабая, моцная. Уся як сама свежасць і моц. Сумная і пяшчотная, халодная і жывая, як падснежнік.І, хутчэй не па сабе, а па тым, як ён глядзеў на яе, як дрыжалі яго рукі, яна здагадалася, што яна кахае гэтага хлопчыка.Яна не ведала, яна ніколі не паверыла б, што пасля гэтага дня прыйдуць іншыя, калі яна не будзе верыць у гэты дзень і захоча забыць яго.

ІІПачалося з павятовых дваранскіх збораў у Сухадоле.Дваране з’ехаліся пагаварыць аб зменах, якія хутка павінны былі адбыцца ў валоданні душамі. У немінучасці гэтых змен ужо ніхто не сумняваўся, і спрачаліся толькі аб тым, калі і якія яны будуць, а таксама аб тым, як усім паводзіцца. Усе ведалі, што з трэцяга студзеня ў Пецярбургу, пад старшынствам самога імператара, засядае новы сакрэтны камітэт па сялянскай справе і што гэты камітэт рыхтуе “паступовае, без крутых і рэзкіх паваротаў вызваленне сялян”.Усё было яшчэ наперадзе, але сама чутка нібы надламала нешта.Стары Мікіта Хаданскі з аднадумцамі заклікаў, калі ўжо нічога не зробіш і давядзецца вызваліць, дабівацца вызвалення душ без зямлі. Хоць сёння. Зараз.Алесь упершыню прыехаў з бацькам на зборы і затлумліваўся, слухаючы спрэчкі. А бацька прыходзіў кожны вечар у гасцініцу злосны як чорт, бледны. Сінія вясёлыя вочы нібы пацямнелі і глядзелі суха. Князь лаяўся.– Ах, пяюць! Ах, пяюць пеюны! Старцамі задумалі народ пусціць. У жабракоў кій адабраць. Ну, я ім у гэтай брыдкай справе не памагаты...Маленькі чысценькі гарадок аж кіпеў. У будынку тэатра, у камяніцы дваранскай зборні, у гарадскім садзе, дзе стаяла рэстарацыя, на цвінтарах трох цэркваў і кляштара і проста на драўляных тратуарах віравалі страсці. Пілі і елі як не ў сябе, спрачаліся, нібы справа ішла пра іхнія ўласныя душы.У замку Боны Сфорцы, двухпавярховай каменнай будыніне з магутнымі кантрфорсамі і вузкімі, як байніцы, вокнамі, у сутарэнні, дзе быў цір, збіраліся найбольшыя крыкуны.Спрачаліся і лаяліся. А потым стралялі ў мішэнь са злосцю, нібы ў галаву ворагу.І наогул усё пайшло вірам: спакой, сяброўства, звыклыя чалавечыя адносіны. Ціхае Паддняпроўе ад Сухадола да Дошчыцы нібы раптам ашалела. Прахам ішлі прыхільнасці і сімпатыі, узнікала варожасць. Нібы хварблівы мікроб раздражнення ўразіў людзей. Трывога вісела ў паветры.Гэта і Алеся прывяло да найбольшага ўзрушэння ў ягоным жыцці. Прывяло невядома з якой прычыны, прывяло недарэчна, слепа.Пачалося з агіднага здарэння, якому нават падобнае цяжкавата было знайсці за апошнія пяцьдзесят год. Прыдняпроўе заўсёды вызначалася адносна мякчэйшым характарам прыгону. Прычына гэтаму была ў тым, што тутэйшае звычаёвае права казала толькі аб уладанні зямлёй і праз яе чалавекам, а не так, як у цэнтральных губернях, целам і душой падданых, якія ўладаюць зямлёй. Прынцып, які арлоўскі селянін выказваў словамі “мы - вашы, а зямля - наша”, тут не існаваў. З польскім раздзелам людзі нібы маўкліва ўмовіліся пакінуць у звычаёвым праве ўсё як было, не ломячы старога звычаю. Прыбылых паноў хутка перавучвала самое жыццё: небяспечна было выглядаць не такім, як суседзі, белай варонай і першым кандыдатам на нечаканы падпал, пасля якога і канцоў не знойдзеш.