Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

І вось графіня Альжбета Хаданская вычварыла такое, што ў людзей валасы на галаве заварушыліся. Дзеўка-пакаёўка прыбірала пані і, прышпільваючы ёй ток, выпадкова ўкалола. Вечна раздражнёныя нервы злоснай румзы не вытрымалі, і яна ўстраміла дзеўцы вялізую шпільку ў грудзі. Дзеўка страшна закрычала, выбегла з пакоя, а праз якую гадзіну аб гэтым ведаў ужо ўвесь горад.Пан Юры, даведаўшыся, кінуўся шукаць Хаданскага. Граф гуляў у ломбернай зале з сябрамі ў віст.– Пан граф гуляе ў віст?– А чаму мне не гуляць у віст?– Ты звар’яцеў, - сказаў князь. - Калі ў цябе няма жалю, успомні, што цяпер трэба сядзець цішэй вады і ніжэй травы. Пугачоўшчыны хочаш? Васька Вашчыла па тваёй хаце не хадзіў?– Князь...– Што, цірам абыходзіцца абрыдла? Н-ну добра... Дык вось, калі не хочаш, каб тваю жонку - віламі, скажы ёй, каб маўчала... У апеку вазьму!– Гэта не ад адных вас залежыць, - сказаў Ілля Хаданскі.– Я з табою што, парсюкоў хрысціў, што ты ў размову дарослых лезеш?З моладдзю ніхто так не гаварыў, але князь ужо не мог іначай.– Вось што, - сказаў Загорскі. - Вось што, граф. Можа, я тую падзею і замну. Але дзеўцы зараз жа волю з зямлёй, дый то - ці даруе яшчэ. Зараз жа! Іначай каб вы не пашкадавалі.– Лухта, - сказаў стары граф.– Вы пашкадуеце таму, што гэтым займуся асабіста я. Вы разумееце? Асабіста я.Хаданскі спужаўся. Усё было зроблена па загаду пана Юрыя.На тым бы, здаецца, усё магло і скончыцца. Але тут нібы чорт уткнуў у справу малодшага Загорскага.Алесь прыйшоў у зборню. Хацеў знайсці Мсціслава. Перад дзвярыма курыльні пачуў галасы і сярод іх голас Іллі Хаданскага. Ён павярнуўся быў да дзвярэй, але прыслухаўся і спыніўся. За дзвярыма весела брахаў нешта нахабны голас Мішкі Якубовіча.– Не можа быць? - з удаванай наіўнасцю спытаў Ілля.– Я табе кажу. І вось нібыта стаў наш князь перад Міхалінай на калені дый прызнаўся ў каханні. А тая глядзіць на яго непаразумела і ніц не ўтаропае. Ён да яе: “Люблю”. А яна яму: “Што ты, Алесік, я не магу цябе любіць. Я Наташу люблю... і Ядзечку”. Кампанія зарагатала. Тон гэтых нібыта Майчыных слоў быў такі наіўны, што рабілася ясна: дурніца дурніцай.Загорскі штурхануў дзверы і зайшоў. Кампанія сціхнула.– Пан Якубовіч, - сказазў Алесь, - хто вам дазволіў разносіць лапцявую пошту? Хто вам дазволіў бузаваць па брудных корчмах дзявочае імя? Маніць?Чорныя вочы гусара нахабна і дзёрзка глядзелі на Алеся.– Гэта што ж, наша высакародная зборня - карчма, ды яшчэ і брудная? - спытаў, дрэнна валодаючы сабой, Ілля Хаданскі.– Чакай, - уладна перапыніў Міхал, - тут мая справа.Устаў і наблізіў да Алеся шалёныя вочы.– Хто патрабуе ў мяне адказу? Васемнаццацігадовы шчанюк, ты малако смактаў, калі я насіў зброю. Зеляпан, ты ў пялюшкі рабіў, калі я на бастыёне пад кулямі стаяў.Алесь размахнуўся і ўляпіў яму поўху, Міхал схапіўся за шаблю.– Заб’ю! Штафірка, шпак дохлы!Хаўрус выкаціўся на вуліцу. Сябры трымалі Якубовіча за рукі. У таго з вуснаў валіла пена. Крычаў нешта яраснае высокім тонкім голасам.– Калі вы так трымалі сябе на бастыёне - гэта было ва ўсіх адносінах годнае відовішча, - сказаў Алесь.Канец мог быць адзін: дуэль. І невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але, дачуўшыся аб дуэлі, шматлікія крэдыторы падалі да неадкладнага спагнання свае вексалі на суму нешта каля пяцідзесяці тысяч. Пагражалі яшчэ да дуэлі пусціць маёнтак Якубовіча з малатка. У тым жа выпадку, калі не будзе рызыкаваць жыццём, будуць чакаць, колькі трэба, да атрымання Міхалам спадчыны ад бяздзетнай цёткі. І нават надалей даваць крэдыт.