Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Веткінскі мяняла Скітаў і магілёўскія банкіры-яўрэі зрабілі тое, што Якубовіч вымушан быў пайсці на міравую.Вежа лічыў, што ў адкладзеным, у нязбытым двабоі ёсць нешта падазронае для гонару. Алесь са згоды старога Вежы прапанаваў Мішку заплаціць па ягоных вексалях, каб дуэль усё ж адбылася. Мішка падзякаваў і адмовіўся, нават выглядаў прысаромленым і сказаў, што шкадуе аб здарэнні. Асабліва пасля прапановы.Нібыта ўсё сышло з рук. Але бяда, быццам толькі на хвіліну стаіўшыся, потым як з ланцуга сарвалася.Злосць Хаданскіх прымусіла іх пайсці на ўчынак, які не мог не парушыць адносін між Майкай і Алесем. Ніхто не ведаў пра сцэну ў альтанцы. Але назнарок пушчанай плётцы многія паверылі, хаця б таму, што плёткі ўвогуле былі рэдкасцю. І сапраўды, прасцей з’ездзіць адзін аднаму па мардасах ды потым стаць да бар’ера, чым пускаць такое.Плётка зводзілася да таго, што Алесь Загорскі нібыта ўпэўніўся ў поўнай недалёкасці Міхаліны Раўбіч і таму заняўся прыгодамі ў другіх месцах.– Малады, а такі ўжо распусны, - шапацела чутка. - Звязаўся з гэтай іхняй актрысай, і ў іх там ледзь не кожную ноч пір і усё, што да гэтага...– Дык божа мой... Яна... Гэта ж ажаніцца трэба. Хіба пэцкаюць жаночую цноту?– І яна за яго не лепшая. Шлюб пад плотам, а вяселле потым.Знаходзіліся людзі, якія не верылі. І тады з боку палаца Хаданскіх папаўзло падмацаванне.– А думаеце, чаму стары Вежа ёй волю даў? Сам, відаць, да нейкага часу... А чаму цяпер ёй увесь час пенсію павялічваюць, мовам вучаць, уборы робяць... То ж бо... Дарэмна не зробяць...Чутка гэтая дайшла да сям’і Раўбічаў, паслужліва паднесеная пані Эвеліне. Пан Яраш не паверыў і шкадаваў толькі, што жонка не казала, ад каго чула: трымала слова.– Ну, бабы, - гарачыўся Яраш. - Каб мужыка, дык на бар’ер...Ад Майкі гэта вырашылі хаваць. І, можа, так бы яно ўсё і абышлося, каб аднойчы ля царквы не пачула яна за спіною шэпт:– Заручоная таго... Распусніка... А акторка тая цяжарная...Магчыма, яна і не звярнула б увагі, каб вечарам таго самага дня старая Хаданская «выключна з-за любові да яе» не паўтарыла Міхаліне таго самага:– Вы павінны глядзець, мілая. У наш час пайшлі зусім іншыя маладыя людзі... Як бы не давялося ведаць, што ў вашых дзяцей будуць браты...Абарвала яе. Сказала, што не хоча чуць.– Я не разумею вас, мілая. Я ж не са злосці. Наш святы доўг папярэджваць нявопытных. Заўважылі, як тая, Карыцкая, на яго глядзіць?Майка змоўкла. Яна “заўважыла” гэта пару разоў за кулісамі тэатра ў Вежы.– Паверце, мілая, з дзяўчатамі аб такім не гавораць, але яна вось ужо чатыры месяцы не іграе і нікуды не ездзіць.Заўважыла, што Майчыны бровы здрыгануліся.– Толькі для вас я дастала ў купца гэты рахунак. Бачыце?“Даставіць пані... Ну і вось. Карункі, аксаміт, шоўк... кулон... завушніцы”.Майка не ведала, як дбаюць пра Гелену стары Вежа і Алесь, не ведала, як яны лічаць за патрэбнае, каб у актрысы былі, як у сталічных актрыс, свае ўборы і каштоўнасці. Яна проста ўбачыла пад рахункам подпіс Алеся і раптам успомніла, як нядаўна заўважыла ў галерэі Вежы адсутнасць адной карціны, «Хаты» Адама Шэмеша, як спытала ў Алеся, дзе яна, і як той быццам сумеўся, а пасля адказаў:– Падарыў... Гелене. А што, яна і табе падабаецца?– Гэта глупства, пані, - спакойна сказала яна.І ўсё ж яна паверыла.А потым папаўзла па людзях зусім ужо гнюсь. Нібыта малады Загорскі, не дабіўшыся ўзаемнасці (а Майка, нібы ў пацвярджэнне гэтага, трымала сябе з ім разлічана-халодна і суха), намерваецца ўзяць Міхаліну Раўбіч сілаю. І ўжо нібыта пахваляўся аб гэтым у рэстарацыі п’янай кампаніі.