Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Алесь нічога не мог зразумець. Што здарылася? Ён паспрабаваў пагаварыць з Майкай, але сустрэў амаль варожы позірк.– Вы зробіце мне вялікую ласку, калі не падыдзеце да мяне больш, - сказала яна. - Ніколі!І пайшла. А ў прыбіральні збораў разрыдалася перад люстрам ад гаротнага непаразумення і крыўды. Так яе і заспела старая Клейна, якая таксама “чула пра ўсё”.– Што такое?– Ён. Не ведаю, нашто яму...– Дык і да цябе дайшло?Міхаліна зразумела гэта так, што старая ўсё ведае і ва ўсё верыць.А Клейна між тым, ведаючы натуру чалавечую, верыла толькі ў тое, што Алесь, можа, і ляпнуў нешта такое, бачачы, як зажывае над ім нарачоная.– Дагулялася, - сказала Клейна. - Хлопец цябе, па ўсім відаць, кахаў, а ты, гульвіса, зажывала над ім, нібы ў яго не сэрца, а каменьчык.– Але ж я яго таксама...– Што “таксама”? Што? Відаць, ужо зусім сіл не ставала, калі на такое рашыўся.У добрай Клейны сэрца балела і за дачку, і за Майку, і за Алеся. Сапсавала жыццё тром маладзёнам, ды і сама нічога не дабілася, брыдкае дзяўчо. Вось яно да чаго зажывошчы ды капрызы вядуць.Клейна маўчала, копячы міжвольнае раздражненне супраць дурасці маладых. І таму, калі нехта завёў у яе прысутнасці размову аб брыдкім здарэнні і зноў ужыў словы “ўзяць сілай”, старая не вытрымала.– Ну і ўзяў бы, - іранічна сказала яна. - Падумаеш, бяда вялікая.Майка пасля сустрэчы з Клейнай паверыла ва ўсё да канца. Наступнага дня яна папрасіла бацьку, каб Загорскім адмовілі ад дому. Пан Яраш аслупянеў і сказаў ніякава:– І ты чула? Ты пачакай, доню, можа, мана?– Гэта праўда, - адрэзала тая. - Я прашу цябе, татка, ніколі... нагі яго тут...Яраш шанаваў дачку, ведаў, што яна - Чалавек і яе нельга мучыць допытамі. Калі яна гаворыць - яна, пэўна, ведае і ўсё абдумала.– Як хочаш, - сказаў ён.І таму, калі Алесь пайшоў вечарам у гарадскі дом, заняты Раўбічамі, там з ім проста адмовіліся гаварыць. Пан Яраш глядзеў убок, і, відаць, яму было шкада і балюча, але гонар прымушаў трымацца менавіта так, а не іначай. Ён сказаў, быццам вельмі шкадуе аб тым, што малады чалавек так забыўся, і, нягледзячы на запэўненні Алеся, дадаў, што справа з плёткай зайшла далёка і ён вымушан бараніць гонар роду. Таму il faut que vous, Загорскі, recuiez la maison de wotre presense1.А калі Алесь пайшоў з дома, - Майка не выйшла да яго, - убачыў Франса, які гуляў з Наталяй па садовых алейках, і памкнуўся да яго.– Франс, даю табе слова... Клянуся...– Я, здаецца, нічога не патрабую ад вас, нават тлумачэнняў, - суха сказаў Франс. У яго заўсёды быў выгляд маладога прыдворанага. - Я мяркую, гэта не найлепшы спосаб сябраваць з домам: ганьбіць у гэтым доме адну з дачок.Алесь збялеў:– Франс... Брат... І ты таксама?І тут Франс даў волю застарэламу свайму раздражненню, неасэнсаванай нянавісці да гэтага чалавека, якога пасля адчужанасці Ядзечкі Клейны пачаў пазбягаць. Франс гневаўся на яго за гэта, але Франсу здавалася, што ён, Франс, гневаецца за Майку. Малады Раўбіч сам бы здзівіўся і перастаў паважаць сябе, каб яму сказалі, што галоўная прычына - Ядвіся.Хто хоча забіць сабаку - вінаваціць яго ў шалу. І таму Франс не адчуваў сваёй несправядлівасці. Наадварот, яму здавалася, што яго ўчынак ёсць самы годны, справядлівы і шчыры.– Я не брат вам, - сказаў Франс. - Нават калі б вы былі мне родным братам, я б пасля гэткага ўчынку хацеў бы, каб такога брата ў мяне не было, каб ён памёр.Наталя са здзіўленнем пераводзіла вочы з любага ёй Алеся на не менш любага брата, бледнага ад гневу.