Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

– Франс, - з дакорам сказаў Алесь, - я люблю вас усіх. Я не магу без вас. Без цябе. Без Наталі. Без Майкі.Раўбіч-малодшы не хацеў нічога слухаць. У яго трапяталі ноздры.– Хто вам дазволіў вымаўляць сямейнае імя маёй сястры?! Я забараняю вам гэта! Я забараняю вам сустракацца з ёю. Забараняю падыходзіць да яе.Ён сарваўся і рабіў немагчымай усякую спробу прымірэння.– Не смейце, князь. Нават адной сваёй прысутнасцю вы пэцкаеце чыстых і нявінных дзяўчат.Гэта было ўжо занадта.– Вы забыліся, васпан, - сказаў Алесь. - Не пераступайце мяжы, не прымушайце мяне забыць пра сваю любоў.Франс змераў яго пагардлівым позіркам, узяў Наталю за руку і павёў дадому.А ў доме Наталя закаціла Майцы і Франсу скандал. Тупатала нагамі, плакала і крычала.– Брыдкая, злая! - плакала Наталя. - І ты брыдкі, злы, нядобры!Яе пакаралі, адправіўшы спаць. Але дзяўчынка не прасіла даравання, а тупала нагамі і пранізліва лямантавала: – Ён харошы, харошы! Я ведаю, што ён харошы!І гэты ўмольны крык быў апошняй спробай абараніць Алеся ў доме Раўбічаў.Пан Юры перастаў вітацца з Ярашам. Учарашнія суседзі, сябры, амаль сваякі, сталі ворагамі....На Алеся найшло. У адзін з сакавіцкіх дзён яго прымалі ў дваранскі клуб, а значыць, ён меўся выступіць з традыцыйнай уступнай прамовай. Тэма прамовы была вольная, і ён выбраў: “Значэнне клуба для членаў грамадства, і як я мяркую сябе ў ім”. І гэта здзівіла, але супраць тэмы не спрачаюцца.Прамова была амаль падрыхтавана, калі здарылася гісторыя з Майкай. І Алесь зламаў ужо гатовую прамову, такой яна здалася прэснай для бязмернага гневу, які душыў яго. Ён вырашыў не рыхтавацца нанава, а сказаць проста тое, што думае....Зала была поўная. Панства сядзела за сталамі, якія аж ламаліся ад віна і страў (стары Вежа ніколі не скупіўся). Алесь абводзіў вачыма зборню: у канцы вялізнай залы цяжка было пазнаць людзей у твар, але ён бачыў Хаданскіх, Біскуповічаў, Раткевіча, бацьку, дзеда, Браніборскага, Мнішка - увесь гэты свет, які ён ведаў і якому зараз павінен быў гаварыць.У чорным фраку, з келіхам у руцэ, Алесь чакаў, пакуль сціхне шум, народжаны словамі старшыні і яго імем. Урэшце стала ціха.– З некаторай неразважлівасцю я выбраў сваёй тэме назву “Значэнне клуба для грамадства”. Але чым больш я думаў на гэтую тэму, рыхтуючы свой speech1, тым большае было маё непразуменне. Справа ў тым, што ў нас няма клубаў у агульнапрынятым, заходнім, англійскім сэнсе гэтага слова. У іх клуб - гэта зборня мужчын, аб’яднаных агульным паходжаннем, агульнымі поглядамі на палітыку. Гэта, урэшце, і зборня мужчын, аб’яднаных патрыятызмам, цвёрдым разуменнем таго, хто яны такія. Магчыма, я ідэалізую, нават напэўна так, бо людзі паўсюль людзі, але мэта існавання клубаў там менавіта такая.Ён бачыў насцярожаныя і зацікаўленыя абліччы. Таму што само гучанне гэтых слоў было незвычайнае для ўступнай прамовы. Гэта не былі французскія, польскія ці якія іншыя словы. Гэта была тая мова, на якой усе гэтыя людзі гаварылі са слугамі ў доме, з дробнай шляхтай - пры сустрэчы, з сялянамі - на полі і якую, аднак, ніхто, акрамя адзінак, што лічыліся дзівакамі, не ўжываў пры спічах.Пад столлю вялізнай залы гучала мяккая, як ручаіна, пявучая, як голас птушкі, гнуткая і цвёрдаяадначасова, лаканічная мова. Гучала ўпершыню за шмат год.

Гэтай мовай і над гэтым сталом гаварылі зараз жорсткія словы.