Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

... Ноч спалі ў котчым вязку, а ля Дошчыцы сустрэлі трэцюю падставу і зноў пераселі ў сёдлы, хаця з Кастуся быў і не зусім добры яздок.Кастусь ехаў на снежным Ургу, той быў спакайнейшы. Алесь – на Тромбе, які нікога не хацеў ведаць, акрамя гаспадара.– Дзівоснай якой прыгажосці коні, – сказаў Каліноўскі.Алесь усміхнуўся.– Ведаеш, я аднойчы, яшчэ дзіцем, сасніў дзівосны сон. Разумееш, была ноч і туман. І коні. Белыя, дзівоснай прыгажосці. Я ляжаў ля згаслага вогнішча, а коні схілялі галовы і дыхалі цёпла. А паміж коней стаяла мокрае жарабятка. Снежнае ўсё, а хвост смешны, тоўсты... І туман збягае, а ўсюдых белыя коні.– Ты, Алесь, часам вершаў не пішаш?– Спрабую, – чырванеючы, адказаў Алесь.І тут пачуў нешта такое, чаго ніяк не чакаў ад Кастуся.– І я часам... таксама, – натуральна і проста сказаў сябар.– І... добрыя вершы?– Дзе там, – уздыхнуў Кастусь. – Каб пісаць добрыя, трэба ўвась час працаваць. А я... Мне здаецца, не ў гэтым цяпер наш лёс.Алесь здзівіўся, так пазмрачнеў раптам твар сябра. Нешта пакутлівае з’явілася ў яго вачах. Ён быў зусім непадобны на Яраша Раўбіча, ягоны сябра, але агульны выраз вачэй, вуснаў, ссунутых броваў зрабіў іх на хвіліну вельмі падобнымі.– Цябе нешта прыгнятае? – спытаў Загорскі.– Потым, Алесь.– Бачу, – сказаў Алесь. – Ты не хочаш, але...– Я не хачу, але гэта вышэй за мяне.– І таму ты не хочаш пісаць вершы? Але ж лёс паэта – самы шчаслівы лёс.– Хто гаспадар у сваім лёсе? Хто ведае, колькі яму дадзена жыцця і калі прыйдзе смерць?Коні ішлі ледзь не над самай стромай. Салодкі, магутны вецер ляцеў з-за Дняпра, нёс з сабою пах стагоў, водар звялай лістоты, якой іх прыкрылі зверху, пах сырасці і балотных кветак са старыкоў.– За такую зямлю ўсё аддаць можна, – ціха сказаў Кастусь. – Усё. – І вярнуўся да ранейшай думкі: – А наконт таго, што твой дзед так накінуўся на цябе за мой ліст, то тут я зрабіў, як апошні ёлуп. Ён, відаць, усё разумее.– Што ўсё?– А тое. Тое, што раней душылі і хвасталі, а цяпер... цяпер патроху ціснуць. Забяры ў чалавека ў адзін дзень сваякоў, хлеб, волю, мову. Ён жа ўзбунтуецца. Ён зброю возьме. А тут ціснуць патроху, па каліву, па слоўцу, па чалавеку, па песні – непрыкметна адбіраюць.– Так, – Алесь матлянуў галавою. – І ўсё ж, пакуль тое, цягне цяплейшым ветрам. Вясною... Пасевастопальскай вясною, калі ўжо так называць.– Пачакай, дасца яна нам яшчэ ў знакі, тая вясна... Яны заўсёды так спачатку. Адпусцяць нібыта, а потым грабуць ды скубуць... Но, не брыкайся! Адпусцілі ж!Урга пакасіўся на ездака нервовым вокам.– Новы цар, здаецца мне, дабрэйшы, – сказаў Алесь.– Паглядзім, – сказаў Кастусь. – Паглядзім, які ён будзе, як прыпячэ.Яны сядзелі ўтрох у бібліятэцы, за кавай. Дзед у сваім крэсле, юнакі, падкурчыўшы ногі, на канапе. Праз расчыненыя вокны лілося цёплае вячэрняе паветра і ззянне месяца. Дзве свечкі ў кутым жалезным падсвечніку асвятлялі – высока над сталом – сухое аблічча старога Вежы, яго ссутуленыя магутныя плечы, сплеценыя пальцы змаршчкаватых рук.Дзед з прыхаванай цікаўнасцю раз-пораз паглядаў на Кастуся. Хлопец і падабаўся і не падабаўся старому. Ён-то і разумны, відаць, і шчыры, але адкуль у ім такая самаўпэўненасць, пачуццё гэткай сваёй racio?А Кастусь разглядаў сівую грыву валасоў, хвалю белых карункаў на пукатых яшчэ грудзях і думаў.“Таксама яшчэ... выкапень. Проста “сей остальной из стаи славной екатерининских орлов”. Нібы закансервавалі яго тут. І нa табе яшчэ, разглядае”.